Выбрать главу

Ну вось ізноў. Ізноў я вінавата...

Радзівіл Руды (схіляецца).

Цішэй... Заснуў... Заснуў нарэшце ён.

Радзівіл Чорны.

І дзякуй Богу... Доўгім будзе сон...

Выносяць караля.

Мнішак (Бжэнцы).

А ты ідзі цяпер гуляць па парку.

Ды блізка да людзей не падыходзь,

Спявай ціхутка... Можаш і паплакаць,

I застагні, усхліпні мімаходзь.

Хай думаюць, Барбара зноў прыйшла

I ў замку тут прытулак свой звайшла.

Выходзяць.

ЧАСТКА ДРУГАЯ. КАХАННЕ

Вільня, 1543 год. Сад перад палацам Барбары Радзівіл. Ноч.

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Баль адшумеў, і ціша навакол.

У чорным небе дрэмле ясны месяц,

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,

I болей не чутно птушыных песень.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,

I гладзіць цемра мне павейкі воч...

Я зведаю... чаго не зведаць людзям...

З'яўляецца каралевіч Жыгімонт.

Жыгімонт.

А я ўжо зведаў...

Барбара.

Божа!

Жыгімонт.

Я пабачыў...

Што ўбачыць хіба можа толькі Бог.

Барбара.

Як вы пасмелі?!

Жыгімонт.

Гэта абурэнне...

Прымусіла прыстойнасць растаптаць.

Зірнуць на тое, ад чаго аслепнуць

Навекі можна...

Барбара.

Значыць, вы сляпы...

Цяпер кажыце ваша абурэнне,

А потым абурацца буду я...

Жыгімонт.

Як дазваляць, каб цемра цалавала

Такія вусны... Каб вятрыска мог

Брыльянты найкаштоўнейшыя лашчыць?

Ці ноччу вас кахае толькі ноч?

Куды ж глядзяць прыгожыя ліцвіны?

Барбара.

Усё! Даволі! Прэч! Сыдзіце з воч!

А то я закрычаць павінна буду.

Жыгімонт.

Ды вам нашто крычаць? Я закрычу:

Літва! Твая багіня сёння ноччу

Кахала месяц, той кахаў яе.

Я ўбачыў нерэальнае каханне

I з зайздрасці свяціла захінуў

Свінцона-чорнай хмарай.

Барбара.

Ён заходзіць...

Жыгімонт.

Я перамог...

Барбара.

Ну, а цяпер пайшоў...

Да сціплых паннаў ходзяць госці ранкам.

Жыгімонт.

Дык запрасіце, панна, калі ласка,

I я прыйду за некалькі гадзін

Да часу запрашэння і чакаць

Ля брамы буду... Гэта асалода —

Чакаць хвіліны, каб убачыць вас.

Барбара.

Ой, майстра гаварыць...

Жыгімонт.

Зусім не ўмею!

Ні гаварыць, ні на жанчын глядзець.

Барбара.

А што ж цяпер вы робіце?

Жыгімонт.

Малюся.

Барбара.

Я не святая...

Жыгімонт.

I таму вышэй...

Барбара.

Усё... Ідзіце, хлопчык мой...

Жыгімонт.

Бывайце...

Даруйце мне... Я болей не прыйду...

Барбара.

Не прыйдзеце? А як жа запрашэнне? Ці ветліва?

Жыгімонт.

Дык запрашэнне ёсць?!

Барбара.

Прыходзьце заўтра да мяне апоўдні

Не праз акно, вядома, як цяпер.

Жыгімонт.

Ды не, вы што... ды я прыйду праз дзверы.

Барбара.

Вы неяк разгубіліся?

Жыгімонт.

Ага...

Барбара.

Чакаю вас...

Жыгімонт.

Бывайце, мая панна...

Накіроўваецца да выхада.

Барбара.

Скажыце мне, каго я запрасіла.

Жыгімонт.

Я — Жыгімонт.

Выходзіць.

Барбара.

О Божа! Каралевіч!

Я чую грозны голас твой, о лёс.

Ці на дабро ты мне яго прынёс?

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Мнішак.

Бона.

Што ў Вільні робіцца? I як там каралевіч?

Мнішак.

Жыве, як і належыць маладым.

Вясёлы баль змяняецца банкетам,

Банкет затым змяняецца на баль.

Ды ўсё ж часцей бывае паляванне.

Бона.

Без рызыкі?

Мнішак.

Без рызыкі, вядома.

Зуброў ён лічыць сімвалам і іх

Ніколі не чапае, а касулі,

Ласі, алені, козы, вепрукі...

Для рыцара ці будуць небяспекай?

Бона.

Ён п'е зашмат?

Мнішак.

Не дужа. Нейкі келіх.

Бона.

Ці мае ён жанчын?

Мнішак.

О каралева! У такім узросце...

Бона.

Мне ўсё вядома пра ягоны ўзрост,

Пытаюся: жанчыны ў яго ёсць?

Мнішак.

Так, ёсць ужо.

Бона.

І хто ж яны?

Мнішак.