Выбрать главу

Шкіпер Арблестэр, даўгатвары, немалады, абветраны непагодамі чалавек, з нажом, прывязаным да шыі тасёмкай, які і паходкай і ўсімі звычкамі ніяк не адрозніваўся ад нашых цяперашніх маракоў, здзіўлена і недаверліва адхіснуўся ад Лоўлеса. Але напамінак праз спадчыну і, галоўнае, п'яная дабрадушнасць, якую з такім майстэрствам разыграў Лоўлес, неўзабаве перамаглі недаверлівасць шкіпера, і ён паціснуў руку бадзягі.

— Я цябе не помню, — сказаў ён. — Але што за важнасць! Я і мой матрос Том, мы заўсёды гатовы выпіць з кумам. Том, — сказаў ён, звяртаючыся да свайго спадарожніка, — вось мой кум. Я не помню, як яго завуць, але гэта няважна, ён цудоўны марак. Пойдзем вып'ем з ім і яго прыяцелем.

Лоўлес павёў іх у нядаўна адчынены шынок, які стаяў крыху ўбаку і таму менш перапоўнены, чым тыя, што знаходзіліся бліжэй да цэнтра гавані.

Шынок гэты ўяўляў сабою звычайную пуню, накшталт драўляных пабудоў, якія ў нашы дні можна ўбачыць дзе-небудзь у амерыканскіх лясах. Уся мэбля складалася з дзвюх-трох шафаў, прарэзаных у сценах, некалькіх голых лавак і дошак, пакладзеных на пустыя бочкі замест сталоў. Пасярод пакоя гарэў касцёр, раздзімаемы мноствам скразнякоў; запаленыя там абломкі караблёў напаўнялі ўсё памяшканне густым дымам.

— Вось яна, асалода марака, — сказаў Лоўлес. — Добра пасядзець каля слаўнага агеньчыка і выпіць добрую чарачку, калі на дварэ непагадзь і вецер гуляе па даху! П'ю за «Добрую Надзею»! Жадаю ёй лёгкага плавання!

— Але, — сказаў шкіпер Арблестэр, — у такую пагоду на беразе куды лепш, чым у моры. А як па-твойму, матрос Том? Кум, ты кажаш складна, хаця мне ўсё не ўдаецца згадаць, як цябе завуць. Ды што за важнасць, ты кажаш вельмі складна. Лёгкага плавання «Добрай Надзеі»! Амін!

— Дружа Дзікон, — працягваў Лоўлес, звяртаючыся да свайго начальніка, — у цябе, здаецца, нейкія важныя справы? Дык ідзі, не саромейся. А я пасяджу ў гэтай слаўнай кампаніі, з двума старымі маракамі. Не турбуйся, ты нас застанеш усё за тым жа заняткам, калі вернешся, і я ручаюся, што гэтыя слаўныя хлопцы ад мяне не адстануць. Мы ж не якія-небудзь берагавыя пацукі, мы старыя, бывалыя марскія ваўкі.

— Добра сказана! — падхапіў шкіпер. — Ідзі, хлопчык. А твайго сябра і майго добрага кума мы затрымаем тут да світання, клянуся святой Марыяй! Я так доўга прабыў у моры, што ўсе косці мае набраліся солі, і цяпер, колькі б я ні выпіў, мне ўсё мала.

Дзік не стаў марудзіць; развітаўся і паспешліва пайшоў праз непагадзь да «Казла і валынкі». Адтуль ён паслаў паведаміць лорду Фоксгэму, што вечарам у іх распараджэнні будзе вабны карабель. Потым, захапіўшы з сабою двух разбойнікаў, якія крыху кумекалі ў марской справе, ён выправіўся ў гавань на пясчаную касу.

Шлюпка з «Добрай Надзеі» стаяла сярод мноства іншых шлюпак, але яны пазналі яе адразу, таму што яна была самая маленькая і самая горшая за ўсе. Калі Дзік з двума сваімі спадарожнікамі сеў у гэтую мізэрную шкарлупку і яны адчалілі ад берага, хвалі і вецер накінуліся на іх з такой сілай, што здавалася, яны вось-вось пойдуць на дно.

Як мы ўжо зазначалі, «Добрая Надзея» стаяла на якары далёка ад берага, і хвалі там былі яшчэ большыя. Бліжэйшыя караблі знаходзіліся ад яе на адлегласці некалькіх кабельтавых, але і на іх не было ніводнага чалавека; у дадатак паваліў густы снег і стала так цёмна, што ніхто пры ўсім жаданні не мог бы заўважыць Дзіка і яго таварышаў. Імкліва ўскарабкаліся яны на палубу, пакінуўшы прывязаную да кармы шлюпку скакаць на хвалях. Так была захоплена «Добрая Надзея».

Гэта было слаўнае, моцнае судна, закрытае палубай на носе, пасярэдзіне і адкрытае на карме. Аднамачтавае, яно па роду сваёй аснасткі было чымсьці сярэднім паміж фелюгай[3] і люгерам[4]. Відавочна, справы шкіпера Арблестэра ішлі цудоўна, таму што бочачкі з французскім віном запаўнялі ўвесь трум. А ў маленькай каюце, акрамя абраза Дзевы Марыі, які наводзіў на думку аб набожнасці капітана, знаходзіліся замкнутыя куфэркі — сведчанне аб яго багацці і запаслівасці.

Сабака, адзіны жыхар карабля, люта брахаў і хапаў зладзеяў за пяткі; выспяткам нагі яго загналі ў каюту і там зачынілі разам з яго справядлівым гневам. Піраты запалілі ліхтар і паднялі яго на ванты, каб карабель быў відзён з берага; потым адкрылі адну з бочачак і выпілі па кубку цудоўнага гасконскага віна за поспех сваёй справы. Затым адзін з разбойнікаў падрыхтаваў лук і стрэлы на выпадак нападу, а другі падцягнуў шлюпку і саскочыў у яе.

вернуться

3

Фелюга — вузкае паруснае судна, якое можа ісці на вёслах.

вернуться

4

Люгер — невялікае паруснае судна.