Выбрать главу

— Даю вам урачыстае абяцанне выканаць вашу волю, — сказаў Дзік. — Я зраблю ўсё, што будзе мне па сіле.

— Цудоўна, — сказаў паранены, — мілорд герцаг дасць вам новыя загады, і калі вы іх выканаеце ахвотна і старанна, ваша будучыня забяспечана. Падсуньце да мяне лампаду, я хачу напісаць пісьмо.

Ён напісаў два пісьмы. На адным ён зрабіў надпіс: «Высокашаноўнаму майму родзічу сэру Джону Хэмлі», на другім не напісаў нічога.

— Гэта пісьмо герцагу, — сказаў ён. — Пароль — «Англія і Эдуард»; а водгук — «Англія і Йорк».

— А што будзе з Джаанай, мілорд? — спытаў Дзік.

— Джаану здабывайце самі, як умееце, — адказаў барон. — У абодвух пісьмах я пішу, што хачу выдаць яе за вас, але здабываць яе вам давядзецца самому, мой хлопчык. Я, як бачыце, спрабаваў вам дапамагчы, але заплаціў за гэта жыццём. Большага не мог бы зрабіць ніводзін чалавек.

Паранены хутка слабеў. Дзік, схаваўшы на грудзях каштоўныя пісьмы, пажадаў яму бадзёрасці і выйшаў з каюты.

Пачыналася світанне, халоднае і пахмурнае. Ішоў снег. Непадалёку ад «Добрай Надзеі» цягнуўся скалісты бераг, зрэзаны пясчанымі бухтамі, а ўдалечыні, за лясамі, узнімаліся вяршыні Тэнстолскіх пагоркаў. Вецер крыху прыціх, мора таксама злёгку супакоілася, але карабель сядзеў глыбока ў вадзе і з цяжкасцю ўзбіраўся на хвалі.

Лоўлес па-ранейшаму стаяў каля руля. Усе, хто быў на судне, стоўпіліся на палубе і тупа ўтаропіліся ў не дужа гасцінны бераг.

— Мы збіраемся прыстаць? — спытаў Дзік.

— Але, — сказаў Лоўлес, — калі раней не трапім на дно.

Пры гэтых словах карабель з такой цяжкасцю ўскарабкаўся на хвалю і вада ў труме заклекатала так гучна, што Дзік міжволі схапіў рулявога за руку.

— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі нос «Добрай Надзеі» вынырнуў з пены, — я ўжо думаў, мы тонем. Сэрца маё ледзь не лопнула!

На шкафуце[6] Грыншыў і Хокслі разам з лепшымі людзьмі абодвух атрадаў разбіралі палубу і майстравалі з яе дошак плыт. Дзік далучыўся да іх і цалкам захапіўся працай, каб хоць на хвіліну забыць пра небяспеку. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, кожная хваля, што абрушвалася на няшчасны карабель, прымушала яго сэрца сціскацца ад жаху, нагадваючы аб блізкасці смерці.

Раптам, адарваўшыся ад работы, ён убачыў, што яны падышлі ўшчыльную да нейкага мыса. Падмытая морам скала, вакол якой клекатала белая пена цяжкіх хваляў, амаль навісла над палубай. За скалой, на вяршыні пясчанай дзюны, як бы ўвенчваючы яе, стаяў дом.

Усярэдзіне бухты хвалі ятрыліся яшчэ шалёней. Яны паднялі «Добрую Надзею» на свае пеністыя спіны, панеслі яе, ніколькі не лічачыся з рулявым, выкінулі на пясчаную водмель і, перакочваючыся цераз карабель, пачалі шпурляць яго з боку на бок. Потым адзін з велізарных валоў падняў «Добрую Надзею» і аднёс яе бліжэй да берага, і, нарэшце, трэці вал, перанёсшы яе цераз самыя небяспечныя буруны, апусціў на мель каля самага берага.

— Хлопцы, — крыкнуў Лоўлес, — святыя выратавалі нас! Пачынаецца адліў. Сядзем у кружок і вып'ем па чарцы віна. Праз паўгадзіны мы дабяромся да берага, як па мосце.

Прабілі бочачку. Людзі, што пацярпелі крушэнне, расселіся, стараючыся, наколькі магчыма, затуліцца ад снегу і пырскаў, і пусцілі чарку ўкругавую; віно сагрэла іх і падбадзёрыла.

Дзік тым часам вярнуўся да лорда Фоксгэма, які нічога не ведаў і ляжаў у смяротным жаху. Вада ў яго каюце даходзіла да калень, лампадка разбілася і патухла, пакінуўшы яго ў цемры.

— Мілорд, — сказаў малады Шэлтан, — болей няма чаго баяцца, святыя аберагаюць нас. Хвалі выкінулі нас на водмель, і як толькі прыліў крыху спадзе, мы дабяромся да берага.

Прайшла амаль гадзіна, перш чым мора адступіла ад «Добрай Надзеі» і мараплавальнікам удалося нарэшце паволі пайсці да берага, які невыразна бачыўся праз смугу мітуслівага снегу. На прыбярэжным пагорку ляжаў невялікі атрад узброеных людзей, якія падазрона сачылі за кожным іх рухам.

— Хай бы лепей падышлі да нас і аказалі дапамогу, — заўважыў Дзік.

вернуться

6

Шкафут — сярэдняя частка палубы карабля, паміж кармавой і насавой надбудовай.