Выбрать главу

— Васпані, — з адчаем ускрыкнуў Дзік, — клянуся сваёй душой, я абсалютна забыў пра вас! Васпані, пастарайцеся дараваць мне! Вы бачыце, я толькі што знайшоў Джаану!

— Я і не думала, што вы кінулі мяне знарок, — запярэчыла яна. — Але ўсё адно я жорстка адпомшчу. Я выдам лэдзі Шэлтан адну тайну… дакладней — будучай лэдзі Шэлтан, — дадала яна, робячы рэверанс. — Джаана, — працягвала яна, — клянуся душой, я веру, што твой каханы адважны ў змаганні, але… дазволь мне сказаць усё: ён самы мяккасардэчны прасцяк у Англіі. Бяры яго сабе на здароўе! А зараз, неразумныя дзеці, спярша пацалуйце мяне кожны па чарзе — гэта прынясе вам шчасце, а потым цалуйце адно аднаго роўна адну хвіліну па гадзінніку і ні секунды болей. А затым мы ўсе ўтраіх выправімся ў Халівуд і пойдзем як мага хутчэй, таму што ў гэтых лясах і холадна і небяспечна.

— Але няўжо мой Дзік заляцаўся да цябе? — спытала Джаана, прыціскаючыся да свайго каханага.

— Не, неразумная дзяўчынка, — адказала Алісія, — гэта я заляцалася да яго. Я прапанавала яму ажаніцца са мной, але ён параіў мне выйсці замуж за каго-небудзь іншага. Так ён і сказаў. Словам, ён не такі ласкавы, як шчыры… А цяпер, дзеці, будзем разумнымі і пойдзем наперад. Ну як, мы зноў палезем праз яр або рушым прама ў Халівуд?

— Вось каб дзе дастаць каня, — сказаў Дзік. — За апошнія дні мяне так часта білі, што маё няшчаснае цела ператварылася ў суцэльны сіняк. Аднак, калі мае воіны, якія вартуюць коней, разбегліся, пачуўшы шум бітвы, мы толькі дарэмна пройдземся. Прамым шляхам да Халівуда ўсяго тры мілі. Звон яшчэ не прабіў і дзесяці гадзін, снег моцны, месяц ярка свеціць. Як вы думаеце — ці не выправіцца нам пешшу?

— Вырашана! — ускрыкнула Алісія.

А Джаана толькі мацней прытулілася да Дзіка.

Яны пайшлі праз аголеныя гаі, па заснежаных сцяжынках, залітых бледным святлом зімовага месяца. Дзік і Джаана трымаліся за рукі, адчуваючы райскую асалоду. А іх легкадумная спадарожніца, абсалютна забыўшы пра ўласныя горычы, ішла за імі і то жартавала над іх маўчаннем, то малявала шчаслівыя карціны іх будучага сумеснага жыцця.

Далёка ў лесе чуваць былі крыкі тэнстолскіх воінаў, якія працягвалі пагоню; час ад часу далятаў шум галасоў, чуўся бразгат зброі, — відаць, сутычкі ўсё яшчэ працягваліся.

Але гэтыя маладыя людзі, якія выраслі сярод ваенных трывог і толькі што пазбеглі мноства небяспек, цяпер не маглі адчуць страх або жаль. Задаволеныя тым, што шум пагоні аддаляўся, яны ўсім сэрцам аддаліся сваёй радаснай прагулцы, якую Алісія назвала вясельнай працэсіяй. І ні суровае бязлюддзе лесу, ні холад марознай ночы не маглі азмрочыць іх шчасце.

Нарэшце з вяршыні пагорка яны ўбачылі даліну Халівуда. У вялікіх вокнах ляснога абацтва блішчалі факелы і свечкі; высокія вежы і шпілі, выразныя і маўклівыя, узнімаліся ў неба, і залатое распяцце на самай макаўцы ярка гарэла, асветленае месячным ззяннем. Вакол Халівуда на шырокіх палянах палалі вогнішчы лагераў, цясніліся хаціны; на дне даліны застыла скаваная лёдам звілістая рака.

— Клянуся небам, — сказаў Рычард, — тут усё яшчэ стаяць лагерам войскі лорда Фоксгэма! Ганец, пасланы герцагам, відаць, сюды не даехаў. Ну, тым лепш. Значыць, у нас ёсць армія, і мы можам падрыхтаваць сэру Дэніэлу вартую сустрэчу.

Але воіны лорда Фоксгэма працягвалі стаяць лагерам каля Халівуда зусім па іншай прычыне, чым уяўляў Дзік. Яны рушылі спачатку да Шорбі, аднак не прайшлі і палавіны дарогі, як сустрэлі другога ганца, які загадаў ім вярнуцца туды, дзе яны стаялі раніцай, каб перагарадзіць дарогу адступаючым ланкастэрцам і трымацца як мага бліжэй да галоўнай арміі йоркістаў. Рычард Гластэр, выйграўшы бітву і разбіўшы сваіх ворагаў у гэтай акрузе, ужо ішоў на злучэнне са сваім братам. І неўзабаве пасля таго, як войскі лорда Фоксгэма вярнуліся ў Халівуд, Гарбун сам спыніў каня каля дзвярэй абацтва. Вось у гонар якога высокага госця свяціліся агнямі вокны. Калі Дзік з'явіўся ў Халівуд разам са сваёю каханай і яе сяброўкай, герцаг і ўся яго світа балявалі ў трапезнай, дзе іх прымалі з пышнасцю, вартай такога магутнага і багатага манастыра. Дзіка прывялі ў трапезную, куды ён зайшоў без вялікай ахвоты. Гластэр, дужа стомлены, сядзеў, падпёршы рукою свой бледны, грозны твар. Лорд Фоксгэм, які ледзь акрыяў ад раны, сядзеў на ганаровым месцы, злева ад яго.

— Ну як, сэр? — спытаў Рычард. — Прынеслі вы мне галаву сэра Дэніэла?

— Мілорд герцаг, — адказаў Дзік даволі цвёрдым голасам, хоць і палохаючыся ў душы, — мне так не пашанцавала, што я не змог нават вярнуцца разам са сваім атрадам. Я, з дазволу вашай міласці, абсалютна разбіты.