Ягор, махаючы выцятай ад удару па чужой галаве рукой, сеў на кукішкі.
- Што, кажаш, маёр загадаў перадаць? Разлёгся тут, давай уставай і прыкусі свой язык, зразумеў?
- Я то зразумеў... - паціраючы галаву за вухам, злосна і ледзь не са слязой у голасе адазваўся калега. - Я табе гэтага мардабою не дарую, рапарт накатаю. За нейкую бабу баявога таварыша па мордзе! Ну і гад жа ты пасля гэтага, Салевіч!
- Ды пішы, табе не прывыкаць. Толькі ж не было ніякага мардабою, рожа твая паскудная цэлая, спраўная, ні сіняка, ні драпіны, а вось наконт баявых таварышаў ты загінаеш, я цябе ні разу ў баі і не бачыў. І яшчэ, Ніткін, калі табе дзеўкі не даюць, а табе гэтага ой як хочацца, дык няма чаго іншых сваёй меркай мераць. Ды і камсамолак нашых непрыстойнымі падазрэннямі абражаць не варта. Давай памагу падняцца, а то спіць тут на сонейку, паглядзі на яго... Табе што, твая габрэйская бабуля не казала, што спаць на заходзе нельга, а то ноч кепскай будзе?
- Ідзі ты! - Міхаіл устаў, атросся, адвярнуўся ад Ягора і закурыў.
Алёна стаяла зводдаль і ўважліва глядзела на мужчын. Насцярожылі яе не мужчынскія разборкі, а нечаканае з’яўленне гэтага афіцэра. Чаго ён тут? Не маглі ж і яго паслаць у яе суправаджэнне, шмат гонару, нават з улікам пасады бацькі. Але для чагосьці ён сюды прыпёрся, бег, напэўна? Бо ад таго месца, дзе яе сустрэлі ваякі, да раз’езда ну ад сілы гадзіна хады.
Энкавэдэшнікі адышлі бліжэй да ляшчынаў, што буйна раслі па берагах раўка, нават не зірнуўшы ў яе бок. Незнаёмец нешта стаў паспешліва гаварыць Ягору, словаў зразумець нельга было. Дзяўчына прыслухалася. Адзінае, што яна паспела пачуць, гэта двойчы паўторанае слова «банда». Сэрца загрукатала: «Банда - гэта значыць нашы! Ім, а галоўнае Вітушку, пагражае небяспека! Трэба нешта тэрмінова прадпрымаць! Самой папярэдзіць таварышаў не атрымаецца. І загад не выканаеш, і сябе загубіш, і бацькоў, і гэтых катаў за сабой прывядзеш па таемных сцежках прама да базы».
Яна зірнула на гадзіннік - да цягніка хвілін пятнаццаць. Начальнік раз’езда быў іх чалавекам, але хто яна - ён не ведаў, а ёй строга забаранялася адкрываць сябе каму б там ні было. Нечакана Алена ўбачыла, як да хлеўчыкаў, што прыткнуліся да самага лесу, пад’ехаў раварыст. Яна глянула на чэкістаў, пераканалася, што тыя хлеўчукоў не бацаць, і супакоілася. Тым часам да будынка станцыі спяшаўся белабрысы хлопец і, не гледзячы па баках, прашмыгнуў на жылую палову. Хвілін праз пяць на насып, які служыў перонам, выйшаў камлюкаваты чалавек у чыгуначным кіцелі, паправіў шапку з чырвоным верхам, пакрочыў да станцыйнага звона і тройчы ў яго ўдарыў. Звон быў непрыгожы, нейкі металічны, нібы глуха гаўкнуў сабака.
- Таварышы, прыгарадны цягнік на Баранавічы прыбывае! Стаянка будзе павялічана да дзесяці хвілін! Паўтараю: да дзесяці хвілін!
Канчаткі слоў дзяжурнага патанулі ў вясёлым гудку паравоза.
- Я дапамагу табе загрузіць твой ровар, - нечакана побач вымавіў Ягор, дзяўчына здрыганулася. - Ды не бойся ты, усё будзе добра. Шкада, далей цябе суправаджаць не змагу, служба. Слухай, як ты выдатна спяваеш! Я такіх песняў ніколі не чуў. Можа, сустрэнемся ў Мінску, а?
- Можа, і сустрэнемся, падумаю. А за што ты гэтаму ў вуха даў?
- Заслужыў, а ты вачастая, спявачка. Дык дзе твой ровар?
- А дык ён тут на раз’ездзе застаецца, вунь Міхал Кандратавіч у хлеўчык паставіць да наступнага разу ці хто з вёскі прыедзе і радні адвязе, а заадно і сам пехам дзесяць вёрст тупаць не будзе. Так што я так. з кашом. А чаго гэта стаянку прыгарадным надтачылі, не ведаеш, часам?
Адказ не спатрэбіўся. Паравоз яшчэ шыпеў парай, а ў яе клубах з першага вагона на прамаслены жвір адхона пасыпаліся ўзброеныя аўтаматамі салдаты.
- А божухна! І куды іх столькі? - шчыра здзівілася дзяўчына.
- Ты ведаеш, цікаўнай Варвары нос калісьці адарвалі. Па службе прыехалі, дапамагаць сялянам ураджай збіраць. Давай, шчасліва табе, у горадзе абавязкова сустрэнемся, - хлопец асіплым голасам прамовіў: - Я не шкадую, што лес нас пазнаёміў.
- І я... - здзівіўшыся самой сабе, адказала дзяўчына. І, падумаўшы, дадала: - Ты там беражы сябе.
Салдацікі хутка разгрузіліся, паравоз загудзеў для парадку, зашыпеўшы, буксануў вялікімі коламі, ляснуў счэпкамі і, не спяшаючыся, пачаў набіраць хуткасць, пакідаючы дзесьці ззаду шыхт салдат і Ягора, які махаў ёй рукой, і прыціхлую ў чаканні бяды пушчу.
З неспакойным сэрцам вярнулася ў Мінск Алена. Насупіўся і кудысьці з’ехаў пасля яе блытанага даклада бацька. Пацягнуліся доўгія дні чакання. Весткі прыйшлі толькі праз тыдзень. Генерал Вітушка і вялікая частка атрада сышлі яшчэ напярэдадні нападу на асноўную базу. Тыя, што засталіся, былі за некалькі гадзін папярэджаныя сынам начальніка раз’езда, частка разбеглася па балотах і гушчарах, а чалавек дзесяць прынялі бой і ўсе загінулі. Іншых яшчэ з месяц адстрэльвалі, як дзікіх звяроў. Генерал па шляху на Захад лютаваў, праз што кардон перайсці змаглі з паўтары сотні толькі чалавек дваццаць, астатнія ці адсталі і забіліся ў норы, ці палеглі...