Паблукаўшы паўдня ды выпалiўшы паўпачака, я так нiчога цiкавага й не адчуў. Хiба толькi лёгкае замутненьне ад расстраляных папярос. Заставалася толькi пасумаваць аб дарэмна пакiнутай бацькаўшчыне. Цi пайсьцi па перайменаваных вулiцах не майго гораду ў пошуках адкрыцьцяў.
Далёка iсьцi не давялося. Паўсюль, дзе толькi магчыма затрымацца воку, красавалiся ўдала зробленыя каляровыя фотакраявiды Нiжняга з тэкстамi-лёзунгамi. Надпiсы "Это наш с тобою город", "Твой город — твоя жизнь" цi проста ўнушальным шрыфтам "Нижний Новгород" стваралi гораду своеасаблiвы культ i трохi растлумачылi мне паходжаньне ягонай такой нязвыклай чысьцiнi. (Вось чаго, дарэчы, не хапае чысьцiнi нашай мовы, дык гэта культу.) Чысьцiня была нават вакол будаўнiчых пляцовак i рэстаўраваных, зацягнутых нейкаю камуфляжнаю тканiнаю фасадаў. Над кожным будынкам, што раней слаба нагадваў царкву, уздымалiся купалы. Кожнае вольнае раней месца забудоўвалася цi кавярняю, цi прыватным палацам. Таксама ўзрадавала невялiкая, адносна памераў гораду, колькасьць аўтамабiляў. Квасны патрыятызм нарэшце саступiў мейсца патрыятызму аўтамабiльнаму. 5-ці дзьверныя "Нивы" з посьпехам канкуруюць тут са сваiмi аналягамi. Чаго ня скажаш пра радыётэхнiку. Я не сустрэў нiводнай кватэры, дзе ня быў бы заменены стары "Рекорд" з "Чайкаю" на Sharp з Panasonic'ам, з прычыны таннасьцi апошнiх. Kodak таксама ўвайшоў амаль у кожны расейскi дом, зрабiўшы расейскае жыцьцё больш маляўнiчым. Што прыемна адзначыць яшчэ, дык гэта той факт, што ў разьлiках як гатоўкай так i "в уме" расейцы ўжо не карыстаюцца "ўмоўнымi адзiнкамi". Толькi рублямi. Хоць з апошнiмi справы складаюцца ў кожнага па-рознаму.
Што тут кiруе самы малады й дэмакратычны губэрнатар, я чуў. I што Масква тут нiколi не была ўказам, таксама ведаў. Але што да гэтага, цi ад гэтага простаму расейскаму чалавеку?
Напрыклад, маiм сваякам.
Братан Вовачка, дабрэйшай душы чалавек, атрымаўшы ў п'яной бойцы траўму галавы, пакiнуў службу машынiста й працуе сьлесарам у дэпо. Месяцовага заробку яму хапае каб ня быць у крыўдзе на жыцьцё й кармiць сям'ю. Сястрычку Машаньку, дзяўчыну са зьнешнасьцю Чырвонага Каптурка, хвалюе раздор з жанiхом. Жанiх цiкавы ўжо тым, што, будучы сынам блатнога й багатага папы, абраў завод, як першы доказ сваёй жыцьцяздольнасьцi.
Дарэчы, тых блатных ды "новых" настолькi шмат тут разьвялося, што ледзь ня кожны мае ў сваяках, сябрах цi, прынамсi, суседзях па пад'езьдзе ўласнага бiзнэсмэна цi бандыта. Што, зрэшты, i робiць iх героямi шматлiкiх анэкдотаў. Безьлiч якiх нараспавядаў мой сямнаццацiгадовы кузэн Алёша. Паўнаўладны прадстаўнiк новага пакаленьня. У параўнаньнi зь якiм мая генэрацыя дзесяцiгадовай даўнiны сёньня выглядала б племем туземцаў. Складаньне кампутарных праграмаў, хуткае чытаньне ангельскiх тэкстаў ды вольнае карыстаньне жывымi пладамi сэксуальнай рэвалюцыi, — справы для iх натуральныя, як само жыцьцё. Якое не пасьпела яшчэ нiчым азмрочыцца. Адзiнае, што нас лучыць, гэта, на маё зьдзiўленьне, песьнi. Старыя турысцкiя песьнi Вiзбара й Кукiна, якiя яны сьпяваюць у вандроўках за палярнае кола. Пра Чачэнiю (а тым больш, пра Беларусь) iм думаць ня хочацца — iх прызыў яшчэ не надышоў. Пра Чачэнiю я пачуў толькi ад майго шасьцiгадовага пляменьнiка Сашы, якi працiўнiкаў кампутарных гульняў называе чачэнамi. Але ягонага прызыву, дасьць бог, можа й ня будзе ўвогуле...
Шпацыруючы па Вялікай Пакроўскай у пошуках хоць якой-небудзь прыстойнай друкаванай прадукцыi мясцовай вытворчасьцi, я натрапiў на падручнiк геаграфii для старэйшых клясаў. Дзе знайшоў "нашу зялёную рэспублiку" ў разьдзеле "Зарубежная Европа". Якi не зьбiраюцца нi адмяняць, нi перапiсваць. I куды мяне цягне зноў, як i дзесяць гадоў таму...
Залатаная кiшэня
У гэтага гораду заўсёды былi сталiчныя амбiцыi. Пачынаючы з 1221 году, калi ён быў заснаваны ўладзiмера-суздальскiм князем Юрыем як супрацьвага Маскве. Амбiцыi, зрэшты, не перашкодзiлi Нiжняму стаць выратавальнiкам Маскоўскага княства ў 1612-м. Пасьля той вайны ля муроў Макар'еўскага манастыра, што нiжэй па Волзе, актывiзаваўся адзiн з галоўных расейскiх кiрмашоў. У 1817-м кiрмаш пераводзiца ў Нiжнi. З таго часу, назапашваючы капiтал, гандлюючы з Эўропай ды Азiяй, дыктуючы кошты на шмат якiя тавары, нiжагародзкае купецтва робiць свой горад гандлёвай сталiцай Iмпэрыi. Таму пытаньня, дзе праводзiць у 1896-м годзе "Всероссийскую промышленно-художественную выставку", своеасаблiвую дэманстрацыю дасягненьняў прамысловасьцi пачатку расейскага капiталiзму, — такога пытаньня не ўзьнiкала.