Мяне не зьдзiўляе, чаму нiжагародцы, у бальшынi сваёй, зусiм не настальгуюць па СССР. Забытыя да часу амбiцыi "трэцяй сталiцы" з адыходам за мяжу Кiева й Менску знайшлi сабе нарэшце выйсьце. У адкрыцьцi гарадзкой брамы для iншаземных турыстаў i капiталаў, у вяртаньнi вулiцам iх сапраўдных назваў (як прыемна гэта рабiць расейцам), у прыбраньнi з тых вулiцаў бруду "горкаўскага" пэрыяду, у абраньнi сваiм кiраўнiком маладога-прыгожага, а галоўнае — адкрыта пракапiталiстычнага губэрнатара. I вядома, у адраджэньнi знакамiтага кiрмашу.
Неяк пабачыўшы фатаздымкi выставы, якая праходзiла тут сто гадоў таму, я, разам з захапленьнем ад хараства ды маштабу таго комплексу, якi сваiмi сажалкамi, фантанамi ды палацамi-павiльёнамi больш нагадваў iмпэратарскую рэзыдэнцыю, адчуў i лёгкую зьбянтэжанасьць — няўжо гэта ўсё было ў маiм загажаным раёне? Ад усёй той прыгажосьцi не засталося ня тое што сьледу, а й намёку. Таму вестку аб правядзеньнi юбiлейнай выставы я ўспрыняў зь вялiкаю доляй скепсысу. Калi ж пабачыў, як будуюцца звычайныя павiльёны на тле раскошнага Галоўнага Кiрмашнага Дому, дык зразумеў, што вяртаць былое тут i не зьбiралiся.
Атрымаць акрэдытацыю на кiрмашы аказалася справай лягчэйшаю, чым я меркаваў. Магiчнае словазлучэньне "Наша Нiва" адчыняла перад мною любыя дзьверы й запальвала ўсьмешкi на тварах перад журналiстам з "братняй краіны". Можа ўпершыню я не задаваў "лiшнiх пытаньняў". Усю iнфармацыю пра выставу й кiрмаш за нейкiя паўгадзiны з задавальненьнем дала "нашей замечательной газете" прэс-сакратар кiрмашу Iрына Марычава. На 25-цi тысячах квадратных мэтраў выставачных плошчаў 64 рэгiёны Расеi й 22 краiны-экспартэры разьмесьцяць тое, "чым багатыя". Але галоўнае, як я зразумеў, ня ў гэтым. Нiбы застрахаваўшыся ад бесталковасьцi задумы, урад перад пачаткам кiрмашу правёў адкрыты конкурс iнвэстыцыйных праектаў, пераможцы якога атрымалi сродкi з фэдэральнага бюджэту на iх рэалiзацыю.
Зьзяючы агнямi, чатырохпалубнiк "Феликс Дзержинский", дзе была прызначана прэзэнтацыя Прэс-клюбу, абяцаў вясёлую ночку зь цiкавымi знаёмствамi пад ненавязьлiвую палiтычную балбатню, з магчымым флiртам зь якой-небудзь каляжанкай пад перазвон келiхаў ды танцамi на начной палубе пад цыганскi ансамбаль, як сто гадоў таму. Але на маё расчараваньне нiчога такога не было. Прэс-клюб уяўляў сабою ня надта багатую на стравы рэстарацыю з адпаведнаю шоў-праграмай, дзе iнтэрмэдыi савецкiх часоў зьмянялiся аглушальнымi акордамi электрычнай гiтары. Пад якую ня тое што пагаманiць, а падарыць камплiмэнт адной з студэнтак мясцовага журфаку было праблематычна. Зрэшты, яны яго ня вельмi й чакалi ад госьця зь Беларусi. Краiны, на назву якой так жыва рэагуюць у Польшчы й якая ня выклiкала ў маiх суседак па столiку нiякiх брацкiх эмоцыяў. Я зусiм не чакаў ад iх кiданьняў мне на шыю й гарачых пацалункаў, але й падзеi нашай мiнулай вясны былi для iх такiя ж далёкiя, як i сама Беларусь. Таму, адчуўшы сярод гэтай роднамоўнай публiкi самую халодную самоту, я не шкадаваў, што прыйшоў сюды. Нiбы яшчэ раз атрымаў доказ таго, што нашае брацтва будзе настолькi ж шчырае, наколькi шчырыя будуць лабызаньнi, аўгусьцейша дазволеныя нашаму прэзыдэнту.
Дзень адкрыцьця выставы выдаўся сьпякотным паводле ўсiх парамэтраў. Цэльсiяў пад трыццаць, машынаў на пад'ездах да кiрмашу пад тысячу, людзей навокал пад мiльён. Я адно пасьпяваў дэманстраваць свой бэдж мiлiцэйскiм пастам, працiскаючыся памiж Волгамi ды Мэрсамi да Галоўнага Кiрмашовага Дому. Дзе натоўп бурна вiтаў групу, якая ўзыходзiла на памост i зь якой i за мiлю бязь цяжкасьцяў можна было вылучыць постацi Чарнамырдзiна й Нямцова. Вiктар Сьцяпанавiч з натхненьнем, на якое толькi быў здольны, прачытаў занадта мастацкi для яго тэкст, дзе "Расея ўляцела ў ХХ стагодзьдзе на паравозе, а вылятае..." "На бомбардировщике", — зымправiзаваў калега з ИТАР-ТАСС, што стаяў побач. Нямцоў чытаў яўна свой тэкст, у якiм Нiжняму адводзiлася роля галоўнага гандлёвага цэнтру краiны. Калi губэрнатар дайшоў да пахвальбы тэрмiнамi, у якiя быў узьведзены выставачны комплекс, зноў абудзiўся iтартасавец. "Борь, ты же рыбок обещал в фонтан запустить. Где рыбки ёптать?" "На обед Черномырдину пошли", — адказаў яму хтосьцi.
Напэўна, перасядзеўшы ва ўсiх новых мадэлях ГАЗа, перамераўшы пiцерскiя пiнжакi й надзiвiўшыся на якуцкае золата, я павiнен быў захапiцца ды раззайздросьцiцца. Але, прыняўшы ўсё гэтае багацьце, як адпаведнае вялiзнай краiне, я пазайздросьцiў расейцам у iншым месцы. Назiраючы на прэзэнтацыi спадарожнiкавага НТВ за двума Чарнамырдзiнамi: лялечным, якi казаў сьмешныя глупствы, ды сапраўдным, якi залiваўся магутным рогатам. Разам з зайздрасьцю я яшчэ раз адчуў сваю гасьцявую прысутнасьць на чужым сьвяце.