Ёсьць адно трапнае вызначэньне Расеi. «Расея — гэта такая мале-е-енечкая краiнка. Амаль як Швэйцарыя цi нейкi там Люксэмбург. Але якая ў вынiку справядлiвых i вызвольных войнаў заняла тэрыторыю, роўную адной шостай зямной сушы». Я гэта згадаў за Нiжнiм. Калi пачалася краiна велiканаў. Шаша вiлася ў нiзiну й вынырвала на ўзгорак празь дзясяткi кiлямэтраў. З аднаго боку панарамнага далягляду праглядалася абалона Волгi, другi хаваўся ад вачэй у далёкай смузе пралiўных дажджоў, што ішлі, магчыма, у якой Мардовii. «А кажуць — адступаць няма куды», — заўважыў калега.
Варта праехаць першую тысячу кiлямэтраў, i надыходзiць «другое дыханьне». 500 км — гэта недзе побач, 100 — зусiм рукой падаць, ну а 38 — гэта ўвогуле «злазь, прыехалi». I ўжо нават бяскрайнi краявiд за лабавым шклом не цiкавiць. Але раптам звычайная дарога зьмяняецца на шырачэзную аўтастраду. Шлягбаўм, чырвона-зялёныя сьцягi, назвы на дзьвюх мовах. Пачынаецца Казанскае царства Шаймiева, Рэспублiка Татарстан. Са сваiмi парадкамi. За дарогу плацi, за карыстаньне мостам праз Волгу таксама плацi. Ад Казанi да Наберажных Чаўноў, здаецца, за кожным хмызом — татарскі мiлiцыянт з радарам. Мы толькi абагналi «жыгуля» ў зоне «абгон забаронены», як умомант былi прыцiснутыя цывiльным аўто зь мянтамi. Плацi. Сур'ёзная краiна Татарыя.
Да Цюменi пад'яжджалi каля паўночы. Горад уразіў колькасьцю сьветлавой рэклямы. Працавалi начныя клюбы, рэстарацыi й бары. Шматлiкiя начныя крамы вабілі сваiмi нябеднымi вiтрынамi. Акрамя выбару кiлбасаў ды рыбы, было не зьлічыць гатункаў пiва й гарэлкі. Але яшчэ больш зьдзiвiла немагчымасьць чаго-небудзь пакаштаваць без расейскага рубля ў кiшэнi. Даляр, нават пасьля дэфолту, ня стаў тут завочнай нацвалютай, як у нас. Але пры сьвятле дня «начная Цюмень» паблякла.
Уявiце сябе велiканам. Вазьмiце некалькi дзясяткаў счарнелых старых купецкiх двухпавярховікаў чырвонай цэглы, колькi шэдэўраў правiнцыйнага сталiнскага ампiру, сотню-другую бэтонных брэжнеўскiх скрыняў ды яшчэ пару-тройку наварускiх хмарачосаў. I з усяго размаху, нiбы косьцi, кiньце гэта ў гразь. Каб аж пырснула. У вас атрымаецца першы горад, заснаваны расейцамi ў Сiбiры — Цюмень.
Менавiта такою я ўбачыў яе з кола агляду ранiцай наступнага дня. Вулiца вывела мяне ў сумны парк культуры й адпачынку. Людзей было няшмат. Памiж голых таполяў ды застылых карусэляў, сярод гэтай мёртвай iдылii круцiўся абавязковы атрыбут любога ЦПКИО — «чортава кола». Абсалютна пустое й бесталковае.
Колькi сябе памятаю, гэты атракцыён быў маёю любiмай забавай. Але тут упершыню ў жыцьцi стала страшна. Прычым страх нарастаў па меры наблiжэньня рыпучай калыскi да вышэйшай кропкi, дзе я з усёй шчырасьцю адчуў сваю самоту. За тры тысячы кiлямэтраў ад дому, адзiн па-над страшным чужым горадам. Алкашы на зямлi перарвалi сваю справу і, задраўшы галовы, зь цiкавасьцю глядзелi на нерухомага чалавека наверсе, якi моцна сьцiснуў парэнчы.
... Перад пачаткам спэктаклю вырашылi даць слова й мне, беларускаму барду. «Ну, Вы нам споёте Визбора или Окуджаву?» — крадком пытаўся дырэктар Цюменскага тэатру. «Пардон. Яны ж не пісалі па-беларуску». «А что Вы будете петь? Не очень политическое? У нас же, знаете, выборы на носу». Тое, што беларускага непадкантрольнага слова баяцца нават у Цюменi, было для мяне адкрыцьцём. Сьпяваў я «Запяi мне песьню». Перад гэтым сказаўшы, што аўтарка верша аддала братняй Сiбiры немалую частку свайго жыцьця. Публiка сустрэла вестку прыязнымi ўсьмешкамi. Пасьля мне нехта з нашых сказаў: «Дзякуй, што ты ня ляпнуў, што Генiюш сядзела ў братняй Цюменi».
Акторы баялiся, што «Камэдыю» не зразумеюць. Але апасеньнi былi дарэмнымi. Запомнiлiся некаторыя рэплiкi ў антракце. «Ни хера не понял. Но как смешно!» «Володя, ты же служил под Житомиром. Садись к нам переводчиком». «Но с евреями могли бы и поосторожней. Какие ж они жиды?»
На наступны пасьля спэктаклю дзень беларускую трупу запрасiлi зь вiзытам у консульства РБ. Ёсьць, аказваецца, i такое. Халодная, афiцыйная, няўтульная ўстанова. Ня грэла нават гарбата, якой нас частавалi. Прысутнiчаў мясцовы беларускi бамонд. Бiзнэсмэн, генэрал, чыноўнiк абласной адмiнiстрацыi ды iншыя дзецi беларускай зямлi. Лiшнi раз пераканаўся, наколькi нецiкавыя, тупыя ды закамплексаваныя беларускiя мужыкi. На тле беларускiх жанчын. Вясёлых, разьняволеных i, як правiла, прыгожых. Пакуль мы пiлi гарбату, генэрал, бiзнэсмэн i чыноўнiк па чарзе няўпэўнена зачытвалi нам свае даклады пра непазьбежнасьць «нашего объединения». Яны, са стараньнем самадзейных актораў, чыталi свае паперкi з «удзельнаю доляю Беларусi ў эканомiцы Цюменi».