Выбрать главу

Нашу думку публiка пачуць, вiдаць, баялася. А ў напiсанае наўрад цi верыла. Жанчыны ў гэты час падлiвалi гарбаткi, наразалi тарты й казалi «калi ласачка». Я не ўстрымаўся, каб нагадаць прысутным пра незайздросны лёс аднаго сiбiрскага беларуса, на чые грошы адноўлены крыж Эўфрасiньнi Полацкай i якi сёньня вымушаны «каратаць час на радзіме». «Мы с бандитами и фашистами дел не имеем», — быў адказ аднаго зь землякоў.

Цяжкай ранiцай я ўключыў тэлевiзар. Трансьлявалася праблемная перадача мясцовага тэлебачаньня. Гарачая спрэчка iшла пра неадпаведнасьць горада Ханты-Мансiйска статусу сталiцы. У Цюменскую вобласьць, якая займае плошчу з паў-Эўропы, уваходзяць дзьве аўтаномныя акругi. Ханты-Мансiйская ды Ямала-Нянецкая. I ханты-мансiйскi горад Сургут захацеў сам стаць сталiцаю. Маўляў, у нас i грошы, i дарогi, i будаўнiцтва. А што ў тым Ханты-Мансiйску, акрамя прыгожай назвы? Маленькi ды вельмi горды Ханты-Мансiйск апэляваў да гiстарычнай справядлiвасьцi ды ўвогуле быў гатовы ўзьняць пытаньне аб наданьнi акрузе статусу суб'екта фэдэрацыi. Я ўсёй душой быў на ханты-мансiйскiм баку. Пасьля зiрнуў на мапу. Да Сургута было каля тысячы кiлямэтраў, да сталiчнага ж Ханты-Мансiйска яшчэ з палову таго...

Дарога назад заўжды здаецца карацейшаю. Нават калi наперадзе некалькi тысячаў кэмэ, а сiлаў ужо няма нi пiць, нi спаць, нi заляцацца. Думка iмкнецца да Беларусi, якая быццам бы прагне дапасьці да гэтых бяскрайнiх стэпаў Башкартастану, што цягнуцца за вокнамi.

Нiколi ня чуў ад знаёмых расейцаў выразу «наш Гомель», цi «а какая разница между Россией и Белоруссией». Мае знаёмыя расейцы гатовыя ўспрыняць любую розьнiцу памiж намi. Затое колькi я чуў ад беларусаў пра «нашых парней на Каўказе», цi пра тое, што «Ельцына нада мяняць». Ну што ж, калi так хочацца адчуць розьнiцу памiж «нашымi народамi», i калi гэта хоць чаму-небудзь навучыць, я — за аб'яднаньне. Ужо тое, што непераможны ў бойках зь непаўналетнiмi хлапцамі менскi амон стане поплеч са сваiмi хабараўскiмi калегамi пад Аргунам, ня можа ня радаваць.

Ад сьветлых думак мяне адарвалi сябры. Аўтобус спынiўся ля дзьвюх дзяўчынак, што галасавалі на чуваскай трасе. Адной з выгляду гадкоў чатырнаццаць, другой — шаснаццаць з нацяжкай.

«Вам куды?» «А мы работаем». «У якім сэнсе?» «Минет — 50 рублей».

«Халява, мужыкi, трохi меней за два даляры!»

«А як будзе па-чуваску: я цябе люблю?» — запытаўся я ў малодшай. Тая адказала. «Вось і любіце сваю радзіму», — далi мы параду й паехалi далей. Разважаючы, цi магчыма такое ў нас, куды яшчэ не дабраўся дух чыстагану.

Усiм знаёмае пачуцьцё рэзкага пераходу з халоднай вулiцы ў цёплую хату. Прыкладна такое ахапiла й нас пасьля пераезду мяжы. Надта ж дзiўна пасьля таго, што адмахалi за гэтыя днi, глядзеўся паказальнiк «Брэст 603». Уся наша краiна ўкладвалася ў некалькi гадзiнаў шляху. Але, зь iншага боку, у Беларусi кожны кiлямэтар на рахунку. Iх можна проста каштаваць. Траса набывае цывiлiзаваны выгляд, няма нi гразюкі, нi малалетнiх блядзей. Навокал суцэльная пастараль. Ляскi, маляўнiчыя вёсачкi...

Першае, што заўважаеш i чаму радуесься па прыезьдзе ў Менск, — тут можна сьмела хадзiць па зямлi. Не баючыся выпэцкацца ў бруд цi запырскаць брудам мiнака. Можна з усяе сiлы таптаць чысты асфальт, адчуваючы ад гэтага занятку невыказны кайф. I гэта нямала.

Адзiнае, пра што шкадую, — не запiсаў, як па-чуваску будзе «я цябе люблю».

Біточкі па-беларуску

Едучы нядаўна з адным шанаваным мною пiсьменьнiкам, чые творы ўжо колькi гадоў уключаныя ў школьныя праграмы, у правiнцыйны заходнебеларускi горад, куды нас запрасiла на творчыя сустрэчы мясцовае Таварыства Беларускай Мовы, я ўсю дарогу адчуваў нейкую невытлумачальную тугу. Хутчэй за ўсё, гэта была туга ад перадвызначанасьцi падарожжа. Цi ад таго, якiм я яго сам сабе намаляваў. Сумны бэтонны краявiд за брудным вакном раённага гатэлю, крыху бажавольныя актывiсты ТБМ, тоўстыя, залатазубыя настаўнiцы роднай мовы ды iхныя прыдуркаватыя выхавальнiкi. Клясычнае беларускае надвор'е з дажджом па-над раскiслымi разорамi толькi спрыяла маiм жыцьцянярадасным фантазiям.

Аўтастанцыя выглядала такой самай, якой я яе й уяўляў. З засьмечаным пэронам, зь некалькiмi iржавымi камэрцыйнымi шапiкамi ды дрэнным рэпрадуктарам, якi пiсклявым галаском аб'явiў наш прыезд. «Як тут можна жыць?» — запытаўся я ў пiсьменьнiка. «Мяне больш цiкавiць, чаму нас не сустрэлi», — адказаў ён.

Раптам на пляцоўку выплыла чырвоная й блiскучая, нiбы толькi з канвэеру, AUDI-цыгара, з адчыненага вакна якой на ўсю ваколiцу неслася «вiтам, панове, я Казiк Пэсэцкi». Затым з аўтамабiля паказаўся й сам герой песьнi. Высачэзны бляндын у пiжонскiм скураным палiто. З-пад неверагоднай велiчынi капелюша вiжавалi шэрыя, прыгожыя вочы. Раптам незнаёмец накiраваўся да нас. «Я Казiмiр, бухгальтар раённага ТБМ. Ну як там у Менску?» — працягваючы татуiраваную руку, ды выпускаючы струю дарагога тытунёвага дыму, запытаўся ён, мiжвольна гледзячы на нас зьверху ўнiз.