Хаця ў Шаркоўшчыне нас не разумелі. "Як праехаць да першай школы?" Дзьве дзяўчынкі старэйшага школьнага веку глядзяць на цябе, нібы на іншаплянэтніка. "Дзе тут у вас пошта?" — і цябе ўжо не разумее саракагадовы мужык. — "Нету ў нас такой". Быццам заехаў у які расейскі Таржок. Але ў Таржку, няйначай, зразумелі б хутчэй. "Дзеці, — ласкава загаварыў Арлоў, — а дзе ў вас Паўночны завулак?" — "А па-рускі гавары", — адказаў самы бойкі дзіцёнак. — "А тут што, Расея?" — завёўся Ўладзімер. — "Тут Беларусь", — прагучаў па-піянэрску горды адказ. — "Дык чаму ж вы, засранцы, па-беларуску не разумееце? Гнаць вас трэба адсюль". Я націснуў пэдаль газу, шчыра баючыся, што пісьменьнік пагоніць вісусаў зь Беларусі зараз жа.
Але ня варта адчайвацца нідзе. Нават з такімі складанымі словамі, як "першы", "паўночны" й "пошта", нас урэшце зразумелі і нам дапамаглі.
Кідаецца ў вочы, якой выразнай за апошнія гады стала мяжа паміж нашымі Захадам і Ўсходам. Усход быццам вымірае. За Магілёвам можна паўсотні кілямэтраў не сустрэць ніводнай машыны.
Пра ўсходнебеларускі сэрвіс — асобна. Унівэрсытэцкі горад Горкі, другая гадзіна ночы, гатэль "Проня" на цэнтральным пляцы. Нават не гатэль, а матэль, як напісана велічэзнымі літарамі па-над шасьціпавярховым "хмарачосам". Напэўна, нейкаму мясцоваму начальніку вельмі спадабалася слова "матэль", а сэнс яму растлумачыць не наважыліся. Бо ніякага пад'езду для транспарту ў гэтым матэлі няма. А найбліжэйшая стаянка, як патлумачыла кансьержка, — каля рэстарану "Парнас". Аднак на гэтым радасьць спазнаньня жыцьця не сканчаецца. Толькі ў гатэлі-матэлі "Проня" я бачыў такія пакоі. Справа не ў дабітай мэблі і не ў завараных на вякі трубах колішняга душу. У пакоі адсутнічаюць вокны. Пад стольлю ёсьць толькі вузенькая, сантымэтраў трыццаць, фортка-байніца. Архітэктар, відаць, быў аўганец. Звонку пры сьвятле дня "Проня" выглядае яшчэ больш пагрозьліва.
У матэльнай кавярні кухарка сказала нам, што паесьці мы ня можам, бо "афіцыянтка кудысьці пайшла". "Але ж мы госьці вашага гораду, і мы можам падаць сабе ежу самі". Ці то паварыху расчуліла родная мова, ці тое, што мы госьці гораду, але яна прынесла ежу. Што праўда, бяз хлеба, бо ключ ад хлебніцы афіцыянтка чамусьці носіць з сабою. Арлоў кажа, што спыняўся ў гэтай "Проні" яшчэ пяць гадоў таму. Тады тут працаваў душ, а ў кавярні нават было мэню. Кепска ня тое, што Беларусь дзічэе, а тое, што да гэтага можна прызвычаіцца. Як да нормы.
Іншае паветра на Браслаўшчыне. Памяшканьне для сустрэчы — утульную ўрачыстую залю насупраць касьцёлу — нам далі каталікі. Падчас выступу паступова расло фантастычнае адчуваньне: а мо той панылай савецкай рэспублікі, у якой даводзіцца жыць, зусім не існуе? Людзей набралася больш за сотню. Усё тыя маладыя прыгожыя твары, сярод якіх недарэчна гучыць слова "прапаганда". Хутчэй — раскоша чалавечых дачыненьняў, як сказаў Арлоў. Гэтую раскошу я яшчэ не аднойчы згадаю ў хвіліны менскае хандры.
Потым дырэктар мясцовага музэю запрасіў нас у госьці. Пакуль у ягоным доме накрывалі стол, апеку над намі ўзяла прыгожая жонка галоўнага егера "Браслаўскіх азёраў". Спрытна кіруючы маленькім чырвоным пэжо, яна везла нас глядзець зьверагадавальнік, распавядаючы пра тое, як яе сужэнец не пераходзіў на "обшчэдаступный язык" нават перад вядомым сьцягазьнішчальнікам Іванам Ціцянковым — калі той панаваў на Браслаўшчыне. Можна пры любой уладзе заставацца беларускім чалавекам, самім сабою. Для гэтага ня трэба гераізму. Адно крыху павагі да сябе й да тых, хто цябе нарадзіў.
Пасьля была шыкоўная вячэра. Адзіным небеларускамоўным чалавекам у нашай кампаніі быў нямецкі хлопец Зыгфрыд, бойфрэнд дачкі гаспадароў. Гэта надавала кампаніі асаблівы шарм і было выдатнай мажлівасьцю выпіць за спрадвечнае сяброўства беларускага й нямецкага народаў.
"Вось што ты можаш сказаць пра сваё месцазнаходжаньне, гледзячы на гэтую вітрыну? — запытаў у мяне Ўладзімер каля мазырскага газэтнага шапіка. — Ну? Расея?" "Хоть похоже на Россию, только всё же не Россия", — адказаў я словамі Гарадніцкага. — Бо ў Расеі не прадаецца газэта "Навінкі", дый "Звязда" таксама. Гэта хутчэй БССР". Толькі вельмі багатая БССР. Хіба сьнілася той БССР такая колькасьць кілбасаў і такая цана на гарэлку? Можна нават сказаць, што ў нас ідэальная БССР. Шпацыруючы па Мазыры, мы ўбачылі помнік кучараваму чалавеку з бакенбардамі й натхнёна ўзьнятаю рукою. "Гатовы паспрачацца, што гэта Пушкін". — "Ну а хто ж ня ведае, што ў Мазыры нарадзіўся й жыў Пушкін", — ня стаў спрачацца калега. Але галоўная каштоўнасьць помніка была ня ў выкручанай руцэ, а ў фанэрным пастамэнце. Напэўна, на граніт не хапіла грошай, і пастамэнт абабілі фанэраю, пафарбаванай у гідкі карычневы колер. Відовішча фантастычнае. Гледзячы на жалезнага Пушкіна на фанэры, мы вырашылі, як нашы прыйдуць да ўлады, паставіць сюды Дубаўца. Гэтую думку вырашылі адзначыць у кавярні "Встреча". "У вас ёсьць кава?" — задаў я цётцы сакральнае беларускае пытаньне. "Кофе есьць, а кавы нету", — адказала ганарлівая мазыранка. І дадала, што яна "трыццаць лет жывёт у Мозыре, сама пріехала із Расіі, і нікагда не слышала ні пра какую каву". — "З Чачні ўцяклі?" — пацікавіўся я. Хоць, зрэшты, рацыі ня меў. Калі за трыццаць гадоў цётцы мясцовыя людзі не растлумачылі сэнсу слова "кава", якое маю права я, далёкі госьць, асуджаць яе? Затое мы ўбачылі ў Мазыры беларускамоўную шыльду. Ды яшчэ якую! "Клюб "Летуценьнік". Сапраўды, чым яшчэ займацца беларусу ў БССР, як не летуцець. Але ня гэта ўразіла. Калі з-за пахілых хацінаў расхрыстанай і раздаўбанай вуліцы Гогаля паволі выплывае барочны фасад касьцёлу цыстэрцыянак, любы падарожнік зразумее, што ён сапраўды не ў Расеі. А ўвечары нас у гэтым пераканалі трыста студэнтаў Мазырскага ўнівэрсытэту, чый прыём быў найлепшым доказам таго, што жыць нашаму бээсэсэру засталося вельмі нядоўга.