За Магілёвам паток аўтамабіляў заўважна радзее. Гэта самы непапулярны, а, можа, і самы бедны беларускі рэгіён. Турыстамі сюды ня едуць. А павярнуўшы за Чэрыкавам на Касьцюковічы, простая дагэтуль траса пачынае кружляць, нібы рака. Хваёвыя лясы памалу зьмяняюцца ліставымі, у якіх ужо амаль не засталося лістоты. І першая вёска безь людзей дае зразумець, што вы ўехалі ў адселеную зону. Спачатку бязьлюдны краявід з чорнымі, нежывымі вокнамі й адсутнасьцю зеляніны нараджае жаданьне як мага хутчэй праехаць праклятае месца. Асаблівы сум наганяюць гаспадарчыя пабудовы. Іржавыя ваданапорныя вежы, кароўнікі бяз дахаў ды павыбіваныя шыбы савецкіх кантор... Міжволі ўзьнікаюць асацыяцыі са «Сталкерам» Таркоўскага. Я толькі паддаю газу, і за чарговым крутым паваротам чарговай пустой вёскі ледзь не наяжджаю на нейкага маладога чалавека студэнцкага выгляду. Той сядзіць на ўзбочыне дарогі, адзін на бязьлюднай вуліцы, і нешта піша ў нататнік. Прычым так засяроджана, быццам у сябе дома. А можа ён і быў у сябе дома. Хто ведае... Спыняцца я ня стаў. Да маёй мэты заставалася зусім няшмат.
Перад самымі Саматэвічамі — міліцэйскі пост. Але прозьвішча аўтара любімай песьні тут прагучала, як пароль. Я сьцішыў хуткасьць і вельмі асьцярожна ўехаў у вёску. Вёска аказалася немалым мястэчкам. Тут нават заблукаць было няцяжка. Некалькі доўгіх вуліц злучаліся невялікімі й крывымі завулкамі. Быў надвячорак. Цёплае восеньскае неба зацягвалі хмары. Я думаў пра страх, але ніякага страху не адчуваў. Наперадзе была прыгажосьць. Прыгажосьць запусьценьня. Прыгажосьць ува ўсім, што я бачыў вакол сябе. У зарослым мохам і патрэсканым ад часу старым асфальце пасярэдзіне вуліцы, якой, здавалася, і канца няма. У сям-там расчыненых дзьвярах хатаў. У закінутых студнях, зь якіх даўно ўжо ніхто ня піў вады. Як, мусіць, незвычайна павінны пачувацца сапраўдныя ўраджэнцы гэткіх адселеных вёсак, прыяжджаючы на свае котлішчы... Нясьпешна шпацыруючы па знаёмых зь дзяцінства задворках... Заходзячы ў пустыя дамы сваіх сяброў дзяцінства, зазіраючы ў цёмныя вокны сваіх першых школьных каханьняў, напаўняючы маўклівы краявід даўно адгучалымі галасамі... Гэта павінна быць фантастычнае пачуцьцё. Блізкае да адчуваньня вечнасьці зямнога жыцьця. Падоранага менавіта табе.
Месца куляшоўскага дому я знайшоў дзякуючы старой кабеце, што выйшла мне насустрач з аднаго дому. Сьледам за кабетай выбег маладзён з голенай галавой і сіняю ад татуіровак кісьцю рукі. Пачаставаўшыся ў мяне парай цыгарэтаў, ён зьнік гэтаксама хутка, як і зьявіўся.
Той, дзякуючы каму я прыехаў сюды, нарадзіўся ў самым прыгожым саматэвіцкім кутку. Дом стаіць па-над невялікай лясной рэчкай Чарнавуткай. Каля самай дарогі, што вядзе з Касьцюковічаў на Красную Гару. Лепшага месца для карчмы нельга й прыдумаць. А на супрацьлеглым баку вуліцы — лес, у зарасьцях якога губляецца рака. З гармоніяй малюнку трохі кантрастуе цяжкі бэтонны мост, пабудаваны за саветамі. Праз зарослы хмызьняком двор я ўвайшоў у хату. Ад людзей, што некалі жылі тут, сьлядоў засталося няшмат. Разламаны жалезны ложак, даўно астылая печка, на сьцяне — выразаная з часопіса рэпрадукцыя карціны «Калюмб адкрывае Амэрыку», лісток календара за травень 87-га году.
…Зьяжджаць не хацелася. Я вырашыў паезьдзіць па гэтых беларускіх Пампэях. Першае выпрабаваньне чакала мяне ў выглядзе драўлянага маста праз Чарнавутку ў іншым баку мястэчка. Рызыка зваліцца з машынаю ў ваду ў такім дзіўным месцы дадала неабходнай вастрыні. Я пераляцеў цераз масток і апынуўся перад палацам колішніх гаспадароў мястэчка, князёў Галынскіх. Пасьля ў сядзібе Галынскіх зрабілі местачковую школу. Але сядзіба ня так уразіла, як саматэвіцкая царква. Як на мястэчка, дык проста агромністая.
У нядзейных і паўразбураных храмах ёсьць нешта, чаго пазбаўленыя храмы дагледжаныя й адрэстаўраваныя. Нейкая велічная нязломнасьць, выклік бязьлітаснаму часу. У пахіленых, але ня зваленых бурамі крыжах. У неабтынкаваных, пачарнелых вежах. У паедзеных іржою купалах. І абліччы сьвятых у такіх храмах глядзяць на цябе з ацалелых фрэсак больш жыва й сувора. У такіх храмах не патрэбныя сьвятары. Я стаяў пасярэдзіне гэтай грамады й глядзеў на неба скрозь збураны галоўны купал. Пакуль неба не пачало імкліва цямнець.
Дарога дадому не падался доўгай. Доўгім тут падалося жыцьцё, якое наперадзе.
Нагода для паездкі ў Гомель
Тралейбус на край сьвету
У тыя далёкiя часы, калi не было "вiдзiкаў" i кампутараў, калi чытаньне кнiг сярод "пацанвы" не лiчылi прэрагатываю "прафэсараў", калi Парыж i Лёндан былi не блiжэй за Марс, а Ханты-Мансiйск — "вунь за тым узгоркам", — у тыя цудоўныя часы мы зь сябрам любiлi гуляць у гарады. Дзеля гэтага нам хапала ўсяго некалькiх назваў. Тых местаў, якiя мы ведалi з кнiг i сто разоў бачаных фiльмаў. Мы траплялi туды, не пакiдаючы свайго гораду. Ён ахвотна дазваляў нашай фантазii рабiць зь iм што заўгодна. Трэба было толькi вырвацца з сумнага раёну "Сяльмаш" у "горад", а ўжо там...