Трэба ехаць. Каб зь неверагоднымi высiлкамi вырваць гэтую пляцкарту, быццам на Каляды ўсе едуць у Гомель. Каб сустрэць у вагоне знаёмую гомельскую акторку, зь якою ў свой час мог бы быць ня толькi брудэршафт. Каб перарваўшы мiлую балбатню пра тое, як файна жыць у Менску, прыпасьцi да вагоннага вакна, за якiм бачны твой былы дом. I ўбачыць у пануючай над местам вежы фабрыкi «8 сакавiка», абсыпанай сьвяточнымi вагеньчыкамi, Эмпайр-стэйт-бiлдынг. Каб радавацца аднаму факту, што цягнiк прыйшоў крыху раней i можна, нiкуды не сьпяшаючыся, выпiць лепшага ў сьвеце рэчыцкага пiва на прывакзальным пляцы. Каб з кайфам першаадкрывальнiка прайсьцiся знаёмымі вулiцамі, узгадаўшы далёкую звычку крочыць цераз адну плiтку старога тратуару. I не баяцца выглядаць сьмешным у вачах людзей, тупаючы дзiцячым крокам. Каб захапляцца кожнай зьмене ў гарадзкiм асяродзьдзi за той час, пакуль цябе тут не было.
Радавацца таму, што будынак старой гiмназii адмыўся нарэшце ад жоўтай савецкай фарбы i сваiм прыродным чырвона-цагляным выглядам вярнуў сабе шляхетнасьць. Што народная назва папулярнай забягалаўкi «Тры ступені» паўстала сур'ёзнымi лiтарамi на фасадзе ўжо рэстарану з пальмамi. Што наноў пакладзеная глiняная дахоўка на дахах стогадовага веку дамоў пасуе ня толькi Вiльнi. Што нарэшце дабудаваны касьцёл, дзе на сьвяточнай службе шмат маладога народу. Трэба ехаць, каб, блукаючы вулiцамi юнацтва, яшчэ раз пераканацца, што Гомель — гэта ня толькi парк.
Трэба ехаць, каб звалiцца без папярэджаньня нечаканым госьцем на галаву старому сябру. У якога заўжды знойдзецца час для расьпiцьця жудаснага гомельскага «сучка», гарэлкi з паэтычнай назвай «Стары млын» у кавярнi «Ў Лявона», што на Савецкай. I толькi дзеля майго прыезду завядзецца аўтамабiль «Запарожац». I паплывуць рознакаляровыя вулiцы, i нейкiм цудам вылезе старая сямiструнная гiтара, i будзе стол, i зьявiцца тая, якой ты ў свой час так шмат i прыгожа хлусiў, i пойдуць тосты за новае тысячагодзьдзе, «адчыняць якое выпаў гонар менавiта нам» i дзе нас чакае толькi радасьць, i, як заўжды, я буду больш сьпяваць, чым закусваць.
Трэба ехаць. Каб на ранiцу быць разбуджаным праваднiком у СВ. I марна спрабаваць узнавiць у памяцi мiнулы Сьвяты вечар у сьвятым месьце. I хвiлiну-другую спалохана глядзець у праваднiччыны вочы. Маўляў, куды мы едзем?
«Уставайце, пасажыр. Ужо Менск». I зразумець, што сьвята ад гэтага факту не сканчаецца. Нават напiсаная ўбогаю фарбай на кафлянай сьцяне пахмельнага сталiчнага гастраному фраза «З Новым 2000 годам!» ня здолее зьбiць сьвяточны настрой.
Як файна мець на мапе горад, дзе заўжды ёсьць месца для сьвята! I як важна своечасова адтуль зьбегчы.
Нешчасьлівы білет
Злавiў сябе на думцы, што ўсё часьцей баюся задаваць аднаклясьнiкам самыя простыя пытаньнi. Справы ў iх звычайна iдуць усё горш i безнадзейна, жонкi становяцца ўсё больш нэрвовымi, а дзецi — незразумелымi. А галоўная бяда — сыходзiць маладосьць. Адна радасьць — ёсьць з кiм выпiць. Але пра што лепш зусiм не пытацца, дык гэта пра агульных знаёмых. Тут ужо магчымыя самыя сумныя сюжэты. Хтосьцi загiнуў на фасадах, хтосьцi назаўсёды згубiўся ў расейскiх даляглядах, кагосьцi загубiла гарэлка праклятая. Усё радзей i радзей пачуеш нешта вясёлае.
Апошняя вестка, што дакацiлася, зьбянтэжыла канчаткова. Па-сёньняшняму банальная, але нейкiм чынам датычная мяне. На паўночнай расейскай шахце загiнулi людзi. Абыдзенны газэтны загаловак, у дэтэктыўных газэтах ёсьць сюжэты нашмат цiкавейшыя. Але калi аднаго з палеглых ты ведаў зь дзяцiнства, нават больш за тое — лiчылiся да пэўнага моманту сябрамi, дык, калi й ня будзеш шукаць долi сваёй вiны, дык мiжволi памянеш.
Памятаю, як ён упершыню зьявiўся ў клясе. Насьцярожаны новым, гарадзкiм асяродзьдзем. Сам ён разам з бацькамi пераехаў у Гомель з палескае вёскi. Памятаю, як нас расьсьмяшыла ягонае «шэсьцьдзесят шэсьць», калi ён называў нумар сваёй кватэры, i як яго паправiла вучыцелька. Памятаю, як пасьля я зь яшчэ адным прыяцелем расейцам узялi яго пад своеасаблiвую лiнгвiстычную апеку. Дапамагаючы ламаць i выкрыўляць ягоную грубую, простую гаворку пад нашыя лякалы. Памятаю, як мяне заўжды дзiвiў iнтэр'ер ягонае трохпакаёвае кватэры, якi абмяжоўваўся тэлевiзарам на падлозе ды параю ложкаў з бруднаю бялiзнаю. Яшчэ я зайздросьцiў колькасьцi рублёў у ягонай кiшэнi, якiя ён высмоктваў з мацi. Памятаю, што мы даволi моцна сьсябравалiся і, вядома, як i ўсе гомельскiя хлапцы, плянавалi разам паступаць у рыскую альбо калiнiнградзкую мараходку. Але сяброўства скончылася назаўжды яшчэ ў школе. I нагоду таго разрыву я ўжо не забуду, бадай, да сьмерцi.