Выбрать главу

"Шчас я закажу гэтым салаўям чыво-небудзь беларускага. Спецыальна для цiбя". Я глядзеў на крыху пастарэлае за дзесяць гадоў аблiчча свайго былога ўзводнага й нiяк ня мог уявiць яго нiкiм iншым, як толькi савецкiм сяржантам. Чалавекам з ужо такога, здавалася, далёкага мiнулага, што мiжволi ўзьнiкала ўражаньне, быццам гэта ня я гасьцяваў у ягоным горадзе, а ён прыехаў да мяне ў Беларусь. Праз хвiлiну з эстрады прагучала: "А теперь для нашего гостя из солнечного Гомеля звучит песня "Молодость моя — Белоруссия". Задаволены сваiм жэстам сяржант разьлiў па трэцяй i апошняй. "Ну, давай, за Беларусь нашу радную". Выпiлi якраз пад непрыстойнае енчаньне чырвонамордага салiста пра тое, што "в каждой нашей семье с нами малые дети Хатыни".

Далей ён заўважыў нейкую сваю знаёмую й наша разнамоўная, нацягнутая гутарка шчасьлiва скончылася. "Пака, Мiцяй". "Бывай... сяржант". Я пакiдаў кабак у той час, калi "красивая жизнь" тут толькi пачыналася. I ў каторы ўжо раз парадваўся сваёй чужасьцi на гэтым балi. Нясьцерпна хацелася сьвежага паветра знаёмых вулiц. Дзе ў кожнай маладой постацi я даўно й небеспадстаўна бачу патэнцыйнага аднамоўнага суразмоўцу. I ня толькi ў гэты дзень.

Шклянка гарбаты

Ня здолеўшы вытрымаць свой моўны пост месячнай даўнiны, бо знаходзiўся тады сярод сваiх лiтоўскiх сяброў, я наважыўся адкласьцi яго да вяртаньня дадому. I сваё ўзыходжаньне на борт вагона Беларускай Чыгункi, як на родны бераг, я вырашыў адзначыць ветлiвым замаўленьнем шклянкi гарбаты. Мяне ня столькi зьбянтэжыла тое, што маладая праваднiца мяне не зразумела, колькi яе рэакцыя на саму наяўнасьць беларускiх гукаў у роце маладога пана ў капелюшы. Парушыўшы пост, я паўтарыў сваю замову па-ангельску, але гэта яшчэ больш раззадорыла дзяўчыну. Нахабна i з усьмешкаю гледзячы ў мае вочы, яна пераможна сказала фразу, што пасьпела ўжо мне парадкам надакучыць за тыя гады, што я пражыў у сувэрэннай Беларусi. «Говорите нормально». Колькi разоў мне прыходзiлася «заговаривать нормально», я ня памятаю. Пра ўсё, што зьвязана з уласным прынiжэньнем, стараесься хутчэй забыцца. «Ты еще транспорант разверни». Гэтым яна мяне завяла. Гарбаты ды яшчэ з цукрам захацелася мацней. Варыянтаў было няшмат. Альбо наладзiць экскурс у багацьцi роднае мовы, альбо знайсьцi перакладчыка. Я выбраў другое. Накiраваўшыся да начальнiка цягнiка.

Я знайшоў яго праз тры вагоны. Сярод эСВэшных выгодаў вальяжна аблёгся малады клясычны жыд. Масыўны, чарнавокi кабальера з бакенбардамi.

— Дзень добры, я журналiст зь Лiтвы, вельмi люблю вашую краiну, — пачаў я, падключыўшы «нярускi» акцэнт ды выняўшы сваю акрэдытацыйную картку. Пульхная, лянiвая рука запрапанавала прысесьцi. «Вось, паспрачаўся зь сябрамi на энную суму, што ў вашай краiне буду размаўляць толькi па-беларуску i абыйдуся без праблем. Ды не пасьпеў сесьцi ў цягнiк, як пачалiся праблемы». Густое брыво начальнiка цягнiка зацiкаўлена прыўзьнялося. Пасьля майго кароткага аповеду ён асабiста захацеў выступiць у ролi перакладчыка i ўзьняўся з канапы. Iдучы праз тры вагоны, ён, вiдаць, яшчэ больш прасякнуўся маёй моўнай праблематыкай.

Далей я толькi стаяў i насалоджваўся якасьцю перакладу, якi гэты жыдоўскi чалавек наладзiў, як высьветлiлася, для тыповай расейкi. I з экскурсам у закон аб мовах, i з камэнтарамi пра гонар Беларускай чыгункi, ды iншымi «вачыма зарубежных гасьцей». Паабяцаўшы ёй працягнуць урок пасля рэйсу, начальнiк выпалiў вядомую кiношную фразу: «Гарбаты гэтаму чалавеку. Я сказаў, гарбаты». Цiкава, што гэтая гарбата была адзiнаю, хто прадстаўляў у канфлiкце ўласна беларускi этнiчны бок.

Быў не другi дзень месяца. Але патрапiўшы ў чалавечы вiр менскага вакзалу, я слыхам абсалютна мiжволi ўлаўлiваў фразы, на якiя хацелася абарочвацца. «Мiхась, пачакай», — некаму крыкнуў хлопец з гiтараю. «Цi няма «Беларускай дзелавой?» — запытаўся ў кiяскёркi прэзэнтабэльны чалавек у залатых акулярах. «Чуеш, я ўжо на вакзале!» — крычыць некаму дзяўчына ў тэлефонную слухаўку. Адно шкада, што ня мне.

Можа, сапраўды, ня я адзiн адкрыў сакрэт, што нiякi гэта ня Дзень мовы, а дзень барацьбы з хамствам. Наколькi нечаканы паводле сцэнара, настолькi ж вясёлы паводле вынiкаў. З хамствам, зь якiм, як i з курэньнем, змагацца раз на месяц бескарысна. А самае галоўнае, нецiкава.

Незаўважаны юбiлей

14 чэрвеня 1916 году ў Гомелi выйшаў чарговы нумар газэты "Гомельская копейка". Як высьветлiлася, выйшаў, каб захавацца ў адзiным асобнiку, якi дайшоў да нашых дзён. Каб трапiць мне ў рукi 14 чэрвеня 1996-га i стаць, можа, адзiным адказам на маё даўняе пытаньне: а цi былi тут горад i гараджане?

Гэтай сьпякотнай парою, калi амаль усе сёньняшнiя месьцічы вырошчваюць бульбу на бацькоўскiх палетках, сумневы мацнеюць. Маўляў, засялi сюды, у другi паводле насельнiцтва беларускi горад, яшчэ паўмiльёна, — яны заўтра ж выправяцца да свайго ўлюбёнага гобi, пра сваё гарадзкое iснаваньне нагадваючы толькi перагарам ды перабрэхам рэдкiмi пахмурнымi дзянькамi.