Выбрать главу

— Я не магу, — шапацела яна. — Ён выдаў нас, выдаў сяброў, выдаў цябе.

— Не толькі выдаў, — кінуў ён. — Прыбраў усё майно паўстання. Як ты магла калісьці пайсці з ім?

— Я тады не ведала цябе. І я не ведала, што ён можа…

— Ён можа яшчэ і атрымаць ад караля трэць за выдачу сяброў, гэты знатнік*, — прагучаў глухі, але прыемны голас, і я ўбачыў, што да іх падыходзіць дужа худы і высокі, светлавалосы чалавек.

* Знатнік — багаты, уплывовы.

Тут я здагадаўся, што гэта Грыміслаў Валюжыніч, ініцыятар «удару ў спіну», жонка Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага Ганна-Гардзіслава і дойлід касцёла, вежы якога, адзетыя рыштаваннямі, ужо ўзвышаліся над мурамі вонкі.

— Гэты ісцінстваваць* не будзе, — сказаў Грыміслаў. — Для яго ёсць дзве очыны**. Адну ён прадасць, але за другую зубамі будзе трымацца, глоткі грызці за свае скойцы***.

* Iсцінстваваць — гаварыць праўду.

** Слова «очына» мела два сэнсы: а) бацькі, продкі; б) маёрат, маёмасць.

*** Скоец — манета.

— Родныя, — сказаў дойлід, — ён усё аднекуль ведае пра вас. І таму ўцякайце. Пакуль не позна. І вазьміце з сабою альмарыюм* з грашыма. Яны не належаць яму. Яны — людскія, вашы. Тых, што ўсталі. Уцякайце. Сядайце недзе на Нёмане на окрут** і некуды ў немцы. Пасля вернецеся, калі зноў прыйдзе ваш час, калі трэба будзе купляць зброю. Здрадны род. Што продак Пятро, які князя Слуцкага выдаў, што гэты.

* Альмарыюм — скрыня, радзей шафа.

** Окрут — карабель.

— Што, коні ёсць? — спытала жанчына.

— Ёсць коні, — сказаў Грыміслаў. — Ключаюся* з табою, дойлід. Але столькі рэмняў** золата, столькі каменняў, столькі сажоных*** тканей — хіба іх павязеш у саквах?

* Ключацца — падыходзіць, быць вартым. Тут у сэнсе згаджацца.

** Рэмень — мера вагі.

*** Сажоны — вышыты каштоўнымі каменнямі.

— Бярыце частку. Астатняе перахаваем тут.

— Я не хацеў, — сказаў Валюжыніч. — Але зэлжыў* ён самае наша беларускае імя.

* Зэлжыў — зняславіў.

— І няхай застанецца ні з чым, — жорстка сказала жанчына. — Без мяне і без скарбаў. Такі пакон*. І няхай нас адтамталя дастане, акрутны, апаёвы псарэц**. У яго свая судба***, у нас — свая. А табе, вялікі дойлід, дзякуй ад нас і ад бога.

* Пакон — закон, наканаванне.

** Акрутны — жорсткі, люты. Апаёвы — запойны. Псарэц — псяр.

*** Судба — суд, прысуд, правасуддзе, прадвызначэнне.

— Дзякуй скажаце, як усё скончыцца добра.

…І вось падае ўжо на толькі што засыпаную яму вялізны спілаваны дуб (дзе я чытаў пра такі спосаб захаранення скарбаў? — адзначае ў сне падсвядомасць), і вось ужо й следу няма, і ноч вакол.

…І вось ужо рвуцца ў ноч, прэч ад муроў замка дзікім лесам два коннікі. У аднаго пры боку доўгі меч, у другога, меншага, корд. Зніклі. Але праз некаторы час у нехлямяжых вежах чорнага гмаху замільгалі агні, забегалі па галерэях. Шматгаловая конска-чалавечая маса закішэла, заклубілася ў двары. З бязгучнасці нарастаў, рабіўся нясцерпным пагрозлівы гук.

І вось худы чалавек падымаецца па рыштаваннях вежы касцёла. Стаіць і глядзіць у бок бязмежных лясоў, дзе недзе далёка — Нёман. І тут прагная растапыраная пяцярня штурхае яго ў спіну, і ў вачах непаразуменне… Імкліва набліжаецца зямля.

І гэта ўжо нібы не ён, а я падаю, як некалькі год назад са скалы на Карадагу (дзіва і ўласная кемлівасць тады ўратавалі мяне ад непазбежнага, — адзначае падсвядомасць).

Гэтага дзіва не ўратавала. Я зноў гляджу зверху. І ён, маленькі зверху, ляжыць на зямлі, як лялька… Зноў я ўнізе. Над трупам стаіць каржакаваты чарнявы чалавек. Вузкія вочы. Жорсткі прыкус вялікага рота. Срэбратканая чуга падае шырокімі складкамі. А насупраць яго досыць ужо летняя жанчына ў чорным.

Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі і ягоная сястра.

— Пакладзіце ў корсту, у мёд, — горка кажа жанчына. — І ў Кладна да бальзаміроўшчыка.

— Ты, можа, і ў касцёле яго пакладзеш?

— Не толькі пакладу, але й піжмом* удастою. Ён рабіў — яму і ляжаць.

* Піжмо — мускус.

— Ну ясна, вы ж размілаваліся. А тое, што ён спраўца* таго, што яны дабро маё паплюндравалі, што ў зэшлым часе** продак Пятро здабыў, што я здабыў?

* Спраўца — вінаваты, зачыншчык.

** Зэшлы час — стары час.

— Здрадай вы яго здабылі. Зэлжылі імя беларускае, імя Альшанскіх. І шкада мне толькі, што я ў зэшлыя часы не магла прыдушыць яго ў калысцы. І цябе таксама. Бо малодшая была. І гэта наша агульнае валоданне, каго хачу, таго і кладу. І контарфект* над труною яго, беднага, несвоечасова павешу. І проўсты** над ім месяцамі спяваць будуць, каб узрадавалася ягоная душанька.

* Контарфект — малюнак, вобраз.

** Проўст — свяшчэннік, часцей за ўсё каталіцкі.

— Ну, ён і цела не забываў.

— Затое ты забыў, смакоўніца бясплодная. Макула* на нашым народзе, хробак, туляп. Ты і з жанчынамі можаш толькі партаці**. То што дзівіцца, што сапраўдная ад цябе ўцякла? Ад цябе ўцякла б і касарылая.

* Макула — лацінскае «пляма», польскае «недахоп», «загана».

** Партаці — псаваць, дрэнна працаваць.

— І не баішся?

— Чаго? Ляпёшкі пагною, кучы ўмёту?*

* Пагной — гной. Умёт — гразь, дзярмо.

— Ой, глядзі.

— Каралю б я данесла пра твае выбрыкі, ды мярзячка* мяне бярэ глядзець на цябе. Глядзі, — і яна паказвае на вежу.

* Мярзячка — прыкрасць, нуда, смутак.

І зноў падае чалавек. І зноў дзікі крык. Падаю я. Я прачынаюся, заліты халодным потам. Настолькі гэта жыва. І не адразу разумею, што ляжу ў бакоўцы і што мяне торгае Мікола Зеляпушчанак па мянушцы Вячорка, мой гаспадар.

— Анцю, уставай… Мы з кумам. І так нам без цябе сумна, так сумна, — ён усхліпвае. — Мы плачам. Плачам. Уставай, Анцю.

— Добра, зараз, — я разумею, што не адвяжацца і што лепей зараз выйсці, а пасля непрыкметна пайсці: хутчэй за ўсё яны і не заўважаць.