Дундзелі ў залатым вячэрнім паветры хрушчы. Зусім ужо нізкае сонца зрабіла з Альшанкі райскую раку святла. Густыя ўжо шаты дрэў нерухома рыхтаваліся да сну.
І размова ў нас ішла нейкая сонная і, спачатку, ні аб чым.
— Ты вось заўсёды што — «БТ» гэтае курыш? — лянотна спытаў Змагіцель.
— Так.
— А я вось выключна «Нёман».
— Дый я люблю, але як пакуру доўга — кашаль. Кінуць не спрабаваў?
— Раз дзевяць месяцаў не курыў. А тут выбары. Піва рэдкага на вёсцы прывезлі: «Лідскае». Сушаная рыба знайшлася. Ну, а я ўрну вазіў па тых, хто сваімі нагамі прыйсці не можа. Сябры набралі ўсяго на маю долю і, заразы, забыліся, тры пачкі «Нёмана» купілі. Як толькі галасы падлічылі — складчына. А я намерзся за дзень на марозе, адвёў каня, прыйшоў, ну, выпілі. Забыўся, закурыў. І… як не было гэтых месяцаў.
Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на «кніжнасць».
— Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?
— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў… з танкамі.
Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма:
— Ну а гэты… Караткевіч? — спытаў Шаблыка.
— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.
— Кажуць, бабнік, — сказаў Змагіцель.
— А пра каго гэтага не кажуць? Ты вось лепей, Антось, скажы, што ты так нарасшыфраваў? — перавёў нудную размову на іншае Шаблыка.
Я коратка расказаў пра літарэю. Сказаў толькі, што цвёрда ўпэўнены, што патрэбная мне вежа — з паўночнага боку, там, дзе была замураваная пасля Слуцкая брама. Сказаў і пра вугал намотвання (я верыў гэтым хлопцам і дужа спадзяваўся, што яны былыя дзеячы партызанкі і падполля, умеюць, калі трэба, заціскаць у ціскі язык), але сказаў (даруй мне божа за хлусню), што прадмета, вакол якога трэба матляць, у мяне няма і што вызначэнне па транспарціры вугла між асявой лініяй стужкі і кірункам напісання слоў мала што дае, а канец мне і зусім няясны (і гэта было праўдай). Няясна было толькі, якую вежу трэба лічыць ад кутняй. Трэцюю?
— А ты яшчэ пачухай свой глобус, — сказаў Змагіцель, — можа, нешта надумаеш.
І сапраўды, што заставалася рабіць?
І тут раптам за шчыкетамі кветніка пачалася дзікая какафонія. На розныя ступені гвалту брахалі дзесяткі сабачых глотак, і нечы голас верашчаў на ўсю вуліцу:
— Забойцы! Забойцы!
Мы падышлі да агароджы. Справа рухаўся ўжо вядомы мне картэж: Лапатуха ў суправаджэнні дзесятка сабак. А насустрач яму ішлі старшыня Альшанскі і бухгалтар Ганчаронак. І адчувалі сябе, відаць па ўсім, як дзве мухі ў місцы з кіслым малаком.
Усе робяць вывады, усе бачаць, а задавальнення аніякага.
— Забойца! — гарлаў Лапатуха.
— Чаму, Людзвік? — спытаў Альшанскі.
— І вы! І вы! Заб'ець мяне! Схаваюся!
— Чаму я забойца? — спытаў Ганчаронак.
— Таму, — і да Альшанскага: — Бычкоў забіваеш! Цялятачак! Авечачак! Схаваюся!
— Ідзі, Людзвік, — сумна сказаў старшыня. Але вар'ят, заўважыўшы, пераключыўся ўжо на мяне:
— Ага, да праўды ідзеш? Тым хутчэй галаву скруціш. Абселі ўжо цябе, абселі. І бац* табе не паможа. Бац у сутане. Вось Боўбель, Боўбель прыйдзе. Прыйшоў.
* Бац — пацук (дыял.).
І мы, і тая пара рванулі ад яго, нібыта ён размахваў вядром з варам.
Ледзь адсапліся, пакуль не перанеслі рэшткі «бальсану» і рэшата з трускалкамі на другі, садовы, столік, за хатай.
— Ну, джэнтльмены, — спытаў я, — як самаадчуванне? І што гэты сон увогуле павінен азначаць?
— Не ведаю, — сказаў Шаблыка. — Можа, сапраўды, з розуму з'ехаў чалавек. А можа… надта ўжо зручны спосаб замаскавацца.
— Ну кінь, — сказаў Змагіцель. — Тут тады такое чынілася, што і самы здаровы чалавек з'ехаў бы з глузду. А ў гэтага, відаць, псіхіка была хірлявая. Добра яшчэ, што хаця душою не загавеў.
— Як гэта ўсё было? — спытаў я.
— Ну ў траўні сорак чацвёртага па загаду Гімлера, як вядома, была створана «Kommenda 1005», — сказаў Шаблыка. — Знішчэнне слядоў усяго, што яны тут нарабілі. «Акцыі санітарныя». Прысуд загібелі на вёскі і хутары, дзе маглі быць сведкі. Нам яшчэ пашанцавала. Не паспелі знішчыць, надта хутка лыжы падмазвалі. Але выселіць людзей — выселілі. У лес. А акцыі былі падпісаны, гэтыя, аб масавых экзекуцыях. Быў тут такі шэф кладненскай акругі гестапа. І падпісваў ён іх як «Przewodniczacy sadu gestapo». Старшыня «суда» гестапа… Ну і пачалі тут па акрузе машыны гойсаць. А ў машынах — нашы з лесу сачылі за імі. А ў машынах СС — оберштурмбанфюрэр, доктар права (як быццам можа быць нейкае права ў краіне бяспраўя) і ён жа вышэйпамянёны шэф кладненскай гестапаўскай акругі, нехта па прозвішчы Гешцёбер ды з ім нейкі штандартэнфюрэр, палкоўнік, значыць. Ды оберштурмфюрэр Зейтц з памочнікам унтэрштурмфюрэрам Штофкенам (зямля яму бітым шклом, такая сволач). Ну і ў іншых машынах драбнейшыя, шарфюрэр Лінц (гэты аховай кіраваў) і чамусьці фон Эйхгорн, маёр «ТОДТ»аўскіх частак, ваенна-будаўнічай арганізацыі. Ясна, што не будаваць яны нешта тут збіраліся, а хаваць… А мо шукалі нейкага натуральнага яра, каб менш было работы па засыпанню…
— І дакументаў няма? — спытаў я.
— Шукалі мы іх некалькі год назад. Бо некаторыя нашы людзі часам усё ж пракрадаліся ў вёску забраць нешта забытае ці трохі ежы са схованак і, хочаш не хочаш, сёе-тое бачылі.
— Хто?
— Мультан. Арганіст. Ды ці мала яшчэ хто… Ну вось. У сярэдзіне ліпеня падступалі нашы. І тут зноў пачалася катавасія. Гэтай акцыяй кіраваў ужо камендант Альшан граф Адальберт фон Вартэнбург.
— Часам не з тых? Не сваяк таго Іёрка фон Вартэнбурга Іягана-Людзвіга, што з генералам Дзібічам у 1812-м Таўрагенскую канвенцыю заключыў? — спытаў я. — Ну, што немцы з расейскімі войскамі будуць супраць Напалеона ваяваць.