Выбрать главу

Два корчыліся ад болю на пляцоўцы, толькі спрабуючы — адзін уздыхнуць, а другі выпрастацца. Але яшчэ два набліжаліся няўхільна, і я ўбачыў, як з рукава ў таго, хто адразаў мне шлях, вылецеў і срэбнай рыбкай бліснуў у руцэ нож.

— Бя-жы!

Але яна не ўцякала, а я нават не мог павараціцца, хаця адчуваў за спінаю, ужо блізка, сіплае дыханне другога.

І тут Сташка раптам размахнулася, і нейкі цёмны прадмет праляцеў у паветры і ляснуў таго, другога, у патыліцу.

— Каменем, гада!

Чалавек з нажом ад нечаканасці павярнуўся ў бок той, што нападала, рука з нажом таксама падалася крыху ўбок, і тады я адным скачком пераадолеў адлегласць да яго і з усёй сілы нанёс яму ўдар у пераноссе, даслаўшы адначасова правы кулак проста яму пад лыжку.

Я пераскочыў цераз яго — здалося мне ці не, што кепка ў яго на галаве была надзета казырком назад, — схапіў дзяўчыну за руку і даў такі клас бегу, што алімпійскі чэмпіён, паглядзеўшы на такое, запіў бы, прынамсі, на месяц.

Толькі тут яна закрычала, нечакана моцным, адчайным голасам. Дый я, чуючы за сабою крокі чацвёртага, раптам загарлаў. На паляне нехта закрычаў нема, дзікім матам, не па-разумнаму.

І нечакана з таго боку, куды мы беглі, адказаў нашым крыкам шматгалосы крык і тупат ног па сцежцы. Яшчэ праз хвіліну мы ўжо імчалі назад у атачэнні самае меней дзесяцёх чалавек.

Свіст даляцеў з паляны, і калі мы вырваліся на яе, то ўжо толькі недзе далёка трашчалі пад нагамі плеці ажыны і лаўжы.

Гнацца за імі было дурною справай. Яны відавочна ведалі нейкія больш плыткія сцежкі ў гэтым балоце.

Выведзеных мною са строю яны, відавочна, з грэхам напалам, усё ж пацягнулі з сабою. І гэта было зразумела і страшнавата: значыцца, нават па аднаму можна было апазнаць увесь хаўрус.

— Хто такія? — спытаў Шаблыка. — Пазнаў кагось?

— Не, — я чамусьці не сказаў пра «лапатухінскі» спосаб нашэння кепкі. Мала хто мог яго ўжыць? Нашто з аднаго толькі падазрэння кідаць цень на чалавека. — Не пазнаў.

І раптам выбухнала ўсё, што я стрымліваў у сабе:

— З нажом. Хацеў купіць маё жыццё, сволач? А ты яго мне даў?… Чым ты яго стукнула ў патыліцу, Сташка?

— Пан… пантофляй… Ні-нічога больш не было… Вакол выбухнуў такі рогат, што я нават крыху спалохаўся. А яна раптам заплакала так, што ў мяне нешта як адарвалася ўсярэдзіне. І… упала галавою мне на грудзі. І гэта — я зразумеў — было нешта большае, чым проста словы палёгкі.

— Як жа… Як жа гэта яны маглі?

Што мне заставалася рабіць? Я проста гладзіў яе па галаве і казаў нейкія бязладныя словы, ад якіх яна хліпала яшчэ больш гаротна.

— Ну, небарака… Ну, бедная мая, харошая… Ну кінь, кінь.

— Ту-туфлем, — захлынаўся Змагіцель. — Ну, сволачы, дабяромся мы да вас, зальем мы вам гарачага сала з дзярмом за шкуру.

— Змагіцель-урвіцель, — прабубнеў Шаблыка. — Добра, што хаця добра скончылася. Страшэнна гэта прыемна, калі ніхто не б'е вас доўбняй па галаве… асабліва калі другі раз… Вось пераканаецеся самі.

Прыплёўся здорава задыханы Ганчаронак, і дзяўчаты з Белай Гары аж з віскам, без усякага ладу пачалі балбатаць пра здарэнне і яму.

— Што? Уцяклі? — бязладна кідаў ён. — З нажамі? Вось быдла. Не можа быць! Ах, м-мярзотнікі.

— Ва ўсякім разе, хаця і не ведаю, — сказаў Альшанскі. — Ва ўсякім разе, разбяромся.

— І гэта ў нас, — божкаў Ганчаронак.

Генка Сядун прыгладзіў свае цёмнахвалістыя валасы і раптам, не саромеючыся дзяўчат, сказаў:

— У вас, у вас. Як мог бы сказаць адзін мой знаёмы акцёр (вечна ён лесуноў грае, ведзьмаў, словам, завуць яго «заслужаная баба-яга рэспублікі»), дык ён, пачуўшы пра гэтыя здарэнні тут у вас, сказаў бы:

А што датычыцца маралі,

То ў лесе на яе… начхалі…

Я ўспомніў усе гэтыя пачварныя таямніцы, паперы, разварушаныя на маім стале, і нічога яму не сказаў.

РАЗДЗЕЛ IV ЗАГАДКІ І АДГАДКІ. ПАЛКОЎНІК, ЛЕЙБ-МЕДЫКУС І ПРАКУРАТАР

Усё, словам, пайшло дагары нагамі ў гэтым лепшым са светаў. Дый ці быў ён наогул лепшым з найлепшых. За апошні час я дужа пачаў сумнявацца ў гэтым. Чортавы таямніцы, чортавы катакомбы, д'яблавы начныя кашмары, хай яно згарыць.

Ужо вечарэла, калі я падыходзіў да сваёй шматпавярховай хаты. Стары сябар Герард Пахольчык заўсміхаўся мне з тытунёвага кіёска зычліва.

— Даўненька не бывалі нешта, — наіўныя вочы разглядалі мяне. — Што, усё яшчэ ў паездцы? Усё яшчэ для новай кнігі матар'ялы? І як?

— Усё яны… А наконт як, то паступова пасоўваемся наперад, чалавеча.

— І што вам даліся гэтыя сярэднія вякі?

— Ды я чужымі словамі адкажу: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».

— І самае страшнае?

— І яго.

— Бр-р.

— Дайце мне два блокі «БТ». Э-э, ды, відаць, няма, на вітрыне нешта не бачу.

— А вы яго часта ў мяне на вітрыне бачыце? — Ён дастаў з-пад прылаўка два блокі, якія я і паклаў у свой партфель. — Няма на вітрыне — для вас знойдзецца.

— За што ж гэта мне такое вызначэнне?

— Оптавы пакупнік… І свой.

— А вось узгрэюць цябе, Герардзе, — нечакана прагучаў за спіной мяккі глыбокі голас. — Узгрэюць і за «сваіх», і за падпрылавачны гандаль.

За мной, схаваны вітрынаю з цыгарэтамі ад вачэй гандляра, стаяў Вітаўт-Інезілья Хасэ-Марыя Лыганоўскі і корпаўся ў пулярэсе.

Пахольчык на хвіліну быццам сумеўся. Нешта прамільгнула ў ягоных вочках. Пасля ён махнуў рукою. Прыжмурыўся:

— Вот вам, Антоне, яшчэ адну «бэтэшку». Закацілася на сёння апошняя. — І ён падаў мне пачак.

— А мне не знойдзецца? — спытаў псіхіятр.

— На жаль, сёння апошняя. Але заўтра будзе.

— Глядзі, каб былі. А пакуль «вячорку» і два пачкі «Кладна».

— «Кладна»? Угм. Дзе ж гэта «Кладна»? Ага, ёсць.

Мы пайшлі да дома, і тут я нечакана сказаў:

— Дарэмна я заракаўся. Прыйшла чарга і мне да вас зайсці неяк.

— Што, нервы?

— А з чым жа гэта яшчэ да вас ходзяць?

— Ну к… Што ж… Ды заходзьце вось хоць і зараз. Чаго дарам час траціць? Паслухаем, паглядзім.

…Я не бываў раней у яго хаце і тут ужо быў сапраўды здзіўлены. Тут, здаецца, усё было разлічана не на тое, каб супакоіць чалавека, а, наадварот, узвінціць ягоныя нервы да апошняга. Спакойны тут пачаў бы торгацца ў скоках святога Віта або выць нараспеў, як воўк у гайню, а нервовы выйшаў бы псіхам. Не дапамагала нават звычайная мэбля, усе гэтыя тахты ды сталы, крэслы ды серванты, гравюры ды тэлевізар.