Выбрать главу

Грукат недзе наверсе. Ніжэй і ніжэй. Цішыня.

Нягледзячы на цішыню, лезці туды аднаму наверх было б шаленствам. І я, нясолана сербануўшы, выбраўся вонкі.

Поўня ўжо была досыць высока. Няпэўнае святло яе скрала брыдоту запушчанага двара з гноем і купамі камення. І, наадварот, падкрэсліла ўсю пачварную веліч гэтых муроў і вежаў. Няроўныя муры, вежы, як гранчатыя скалы, цёмная палоса галерэі.

Мне захацелася быць у першым лепшым месцы, абы не тут.

І я пайшоў.

«Ласітэ». «Кропелька» па-латышску. Адкуль у Лапатухі, калі гэта быў Лапатуха, латышская паляўнічая гарэлка? Ды яшчэ й рэдкая».

Хацелася яшчэ раз акінуць позіркам увесь гэты чыгунна-чорны гмах. Пры месячным святле. Я азірнуўся. Там, дзе падала святло, чэрнь была з адлівам у блакітнае. У зацемненых месцах, у нішах і на галерэі, панавала безвыходная цемра, так што раптам уставала перад вачыма своеасаблівая рэльефнасць гэтай махіны.

І тут я не паверыў сваім вачам. У цёмным правале галерэі, ад вонкавых сходаў, што вялі на яе, павольна паўзлі два цені, цьмяна-светлы і чорны.

Ногі мае прыкіпелі да месца. Цені, сапраўдныя цені, ішлі па гульбішчы. Аслупянеўшы, я прастаяў на месцы невядома колькі. І толькі потым кінуўся да шырокіх, месцамі павыбіваных сходаў. Забыўшыся на магчымую небяспеку, забыўшыся на ўсё, акрамя адзінай думкі: убачыць, праверыць, схапіць.

Узляцеў. Нічога. Толькі дымнае святло блукала аркадамі. І цемра ляжала пад скляпеннямі. І нічога болей. Ані душы, хаця выйсці ім не было куды, акрамя сходаў, якімі ўзбег я.

Нічога і нікога.

«Чорт пабірай, — думаў я, ідучы да плябаніі, — значыць, усе яны мелі нейкую рацыю, калі гаварылі. І Мультан, і іншыя, і даўні паэт. Вось вам і паршывы беларускі рамантызм?! Ці гэта ўжо я супрычасціўся да мясцовага вар'яцтва?

У ноч, калі чорныя дрэвы ціха дрыжаць ад жаху,

Па галерэях праходзіць дама з чорным манахам.

Халера б вас пабрала! Усіх!»

…Заўтрашні дзень прыйшоў ясны і сонечны, у рэдкім пошуме маладой, свежазялёнай лістоты. У «маю» вежу адправіліся і Сташка з кампаніяй, і Мультан з мультаняняткамі, і нават сам старшыня Альшанскі.

І поўны канфуз. Ніхто б не паверыў мне, каб не свежыя адколіны ўнізе, святлейшая колерам, незапыленая цэгла. Але ўсё астатняе было ўсім, чым хочаш, толькі не тым, што яшчэ ноччу я бачыў на свае вочы. На доле грувасцілася гара каменных асколкаў, друзу, цамянкавага пылу. Велізарная каменная брыла, цэлы валун, заторкнула, нібы корак бутэльку, лесвічны люк і небяспечна вісела над галавой. Відаць, абурыліся перакрыцці другога, а можа, і трэцяга ярусаў. Разбіраць гэты хаос знізу было смерці падобна. Зверху доступу туды не было.

— Ну вось, — уставіў свае тры грошы Альшанскі. — А хтосьці казаў, што гэты будынак на вякі.

— Так, — сказаў я. — Калі яму ніхто не дапамагае ўпасці. А хто ведае, ці не дапамаглі гэтым перакрыццям сёння ўначы?

— А чорт яго, — дыскантам сказаў Мультан і дадаў басам: — Падобна на тое, што і дапамаглі…

— Тут бульдозерам расчышчаць, — па-блазенску сказаў Генка.

— Угм, — сказаў Альшанскі. — Каб быў такі бульдозер, што лазіць па сценах.

— І каб нехта вам дазволіў гнаць на помнік культуры будьдозер, — кінуў я. — Хаця… гэта часам дазваляюць. Тут вось што, тут трэба ўваход заваліць. А то Стась або Васілёк Шубайла могуць палезці і…

— Гэтых шалапутаў вёска ведае, — сказаў Альшанскі. — І пра здарэнне вёска ведае. Завалім.

— Адкуль вёска ведае? — спытаў Генка.

— Гэ-а, голубе, — кінуў Мультан, — на тое яна і вёска. Ты толькі што тут чарку збярэшся хільнуць, а ў Альшанах будуць ужо казаць, што ты дзве гадзіны як казлы дзярэш. Вось жа ведае аднекуль Ганчаронак, Вячорка і іншыя. А між тым у іх… як гэта… ну, калі мяне тут не было, бо я пад Менскам свінні пасвіў.

— Алібі, — сказаў Альшанскі.

— Во-во. Яны ж зноў у Езна ездзілі.

— Правільна, — сказаў старшыня. — Нарад быў.

Мы выйшлі праз браму, і адразу стала нібы лягчэй дыхаць. Я сказаў пра гэта.

— А вы падзякуйце ўсім, хто тут стагоддзямі гной капіў, — кінуў Шаблыка. — І панскаму, і чатырохногаму калгаснаму.

— Ён не пра тое, — сказаў «каўбой». — Маральна, як кажуць, тут стала лягчэй дыхаць. Жывыя людзі. Жывуць, смяюцца, працуюць. А нехта калі, часам, і ў вуха дасць, то й тое лягчэй.

Зноў трэ было пераводзіць размову на іншае. І я, як заўсёды, зрабіў гэта няспрытна:

— Чаму гэта, Нічыпар Сяргеевіч, у вас прозвішча такое? Вы што, з тых Альшанскіх?

— Гэ-э, не абражайце, — сказаў здаравенны, як конь, старшыня. — Што, я падобен?

— Ды звонку не.

— Па-вулічнаму яны «Шаўцы», — умяшаўся прыгорблены дзед Мультан.

— Так, — сказаў той. — Але, самі ведаеце, паны часам свае прозвішчы прыгонным давалі, каб адрозніць. Ну і дзеля смеху давалі. Дакументаў не было. Ну й вёска з часам звыкнула.

Археолагі на чале са Сташкай накіраваліся на сваю Белую Гару (дай ім бог, каб ім там болей пашанцавала, чым гусітам на Белай Гары і сербам на Косавым полі), а мы пайшлі міма млына да вёскі. І тут зноў нарваліся на сцэну з «Барыса Гадунова». Ля грэблі сядзеў у атачэнні сваіх псоў увесь белы, напудраны мукою, як П'еро, Людзвік Лапатуха ў славутай сваёй кепцы і, заўважыўшы нас, пачаў, невядома ў каго, торкаць пальцам:

— Жывы? — Мяне аж прамарозіла, калі я ўспомніў начную брылу каменя. — У цябе ж кроў з грудзей. Як у Ганчаронка. Як у фурмана. Сам бачыў у іх, сам… Уваскрос? Пярэварацень. Ваўкалака.

— Што гэта з ім? Нашто на нас?

Мы ўжо мінулі яго, і тады Альшанскі крэкнуў і паклікаў да сябе мажную румяную кабетку.

— Наш загадчык медпункта. Ану, растлумачце, Агатка, што то такое Лапатуха. А то ён, Косміч, нешта на ўсіх касавурыцца пачынае.

— Сапраўды, на жаль, вар'ят, — з харошай сумленнай усмешкай сказала яна. — Камісія пасля вайны была. І два гады назад. Няшкодны толькі вар'ят.

Я падумаў, што калі тая брыла «няшкодная», то які чэрап павінен мець чалавек, каб гаварыць аб «шкоднасці». І яшчэ падумаў, што я не веру ў яго вар'яцтва. Бо адкуль ведаў пра кроў? І яшчэ, калі ён і сапраўды вар'ят, то ведае аб нечым болей, чым мы, нармальныя. І маўчыць. Ці не можа сказаць.

Ішлі далей. І тут Альшанскі мяне здзівіў: рэдка калі мне даводзілася чуць у чалавечым голасе такую шкадобу і такое спачуванне:

— На жаль, сапраўды не ў сабе чалавек. І, на жаль, сапраўды пасля нечага страшнага… І адкуль такая жорсткасць у некаторых дзяцей? Гульня ў вайну. І адзін на гэтага няшчаснага «стрэльбу» навёў. Дык той заплакаў: «Хлопчык, не трэба».

— Ну і што?

— Лупцоўку вісусу даць давялося, хаця і апошняя гэта справа.

Праз некалькі хвілін мы разышліся. Я пастаяў, пачухаў макітру і нічога разумнейшага не прыдумаў, як накіравацца да чарговага «сумніцельнага» ксяндза. Ну ясна, каго ж падазраваць, як не ксяндза? І, ясна ж, прыйшоў якраз у час. Айцец Леанард Жыховіч вёў бяседу, амаль хатнюю і душакарысную, з дружкамі і будучымі маладажонамі («Хай жэняцца, больш старцоў будзе», — сказаў бы мой гаспадар Вячорка), тлумачыў ім нешта накшталт таго, што яны павінны ўсур'ёз падумаць, пакуль не позна, бо касцёл разводу не прызнае і, значыць, гэта на ўсё жыццё. Тут я згадзіўся з ім. Сапраўды, няма чаго заводзіць валынку наконт вяселля, калі гэта на адзін месяц. На адзін месяц — можна не турбаваць ні загс, ні свяшчэнніка. Бывае і так, але лепей не варта.

Я паплёнтаўся да выхаду, прочкі, і тут зноў задумаўся, каго мне нагадвае статуя з зялёнага мармуру, падобнага на нефрыт.

Так і не дадумаўся. А на мяне, на надгроб'е, на ксяндза і іншых глядзеў драўляны старадаўні свенты пакутнік Себастыян, працяты шматлікімі стрэламі, які, здаецца, не канаў, а знаходзіўся ў стане найвышэйшага, з усіх вядомых, чалавечага экстазу.

Рабіць мне, пакуль тое, не было чаго, і я пачаў блукаць па вёсцы, як Марка па пекле, тым болей што было цёпла і раскошнае, яшчэ не запыленае, першае лістоцце аж свяцілася, нібы ў сярэдзіне кожнага дрэва быў схаваны моцны тэатральны ліхтар.

Але я і так зацягнуў «казань». Таму дазвольце — пункцірам. Убачыў я «каўбоя» Змагіцеля, які спускаўся з Белай Гары са Сташкай і — гэта мяне чамусьці прыемна ўразіла — чародкай дзяцей. І ўсё ж я змрочна сказаў: