Выбрать главу

— Ну то што?

— А тое, што гэтыя дзве быдляціны ўдзельнічалі і ў акцыі знішчэння нашых у Альшанцы. Штофхен — адзін з тых, хто кіраваў расстрэлам на грэблі, а Лінц кіраваў аховай аперацыі. Гэх, памяць твая кашэчая.

Я быў цалкам згодзен з ім і вырашыў сёння ж вечарам усё запісаць па гарачых слядах. Мы якраз праходзілі паўз хату Ганчаронка і ўбачылі ў расчыненым акне між двума вазонамі з алёнчынымі слязьмі ягоную пасечаную дробнымі зморшчынкамі храпу.

— Крапіва ў квяціне, — сказаў непапраўны Змагіцель.

— Гэй, сябры, — азваўся бухгалтар, — калі ўжо міма йдзеце, то чаму не заглянуць?

І, сам не ведаючы чаму, я павараціў да ганка. Астатнія, без вялікай ахвоты, нага за нагу пацягнуліся за мной.

Хата была як хата. Вялікі пакой, адначасова «гасціная» і «сталовая», калі прыйдуць госці. Тахта, над якой дыванок з аленямі і замкамі, буфет, стол і крэслы. У адны такія дзверы Ганчаронак нас і павёў. Выявілася — кухня.

Ад іншых кухань яе адрознівала толькі наяўнасць газавай пліты з балонам ды паліца, на якой стаялі рэчы зусім нечаканыя і непрыдатныя ў хатняй гаспадарцы. Так бы мовіць, «паліца ўпрыгожванняў». Быў там стары імбрык-самавар для варкі мёду з травамі, відавочна, даўно нялуджаны, а таму непрыдатны, старадаўнія піўныя куфлі (адзін з ручкай у выглядзе чортавай фігуры), розныя збаночкі, вельмі старыя спарышы, глякі ды гарлачы пад малако.

І зусім ужо дзіўнае. Вельмі-вельмі стары таўкачык ад ступкі. Можа, аптэкарскай. Бо на ім былі не толькі медныя «ляпёшкі» на абодвух канцах, але і пашырэнне ўсярэдзіне (гэта калі размешваеш напаўвадкі адвар з густа засыпаных у кіпецень траў). Таўкачык з поўнай пэўнасцю цягнуў год на трыста з вялікім гакам.

— Старадаўняя якая рэч, — сказаў я.

Ганчаронак тым часам наліў з адной вялікай бутэлькі (іх мноства стаяла ля адной са сценак) у гарлач нейкай вадкасці, а пасля напоўніў ёй шклянкі.

— Прысаджвайцеся. Свой мёд пітны.

Я глынуў і ледзь не задыхнуўся. Мёд варылі, відаць, не толькі з гваздзікай, карыцай, перцам і мушкатнай галкай, але і на амаль чыстым спірце.

— Ну, Тодар Ігнатавіч, — ледзь аддыхаўся Шаблыка. — Калі вы кожны дзень ды такое…

— Што, мачымордам празвалі, — усміхнуўся бухгалтар. — А вы менш верце. Прапалашчу рот для дэзінфекцыі ды глыток зраблю, дык усе ўжо і кажуць: п'е.

«Брэша», — падумаў я.

А Ганчаронак з заўсёднай сваёй з'едлівай лагоднасцю (а чалавек інстынктыўна не верыць у такія спалучэнні) дадаў:

— Гарэлкі не піў, піва не любіў, таму і кар'еры не зрабіў.

— А што, — сказаў Змагіцель, — падобна на праўду. Я аднойчы ў Наваградку зайшоў у рэстаран. Праз колькі там часу і ён заходзіць. Таксама нейкая справа яго прывяла туды. Мяне не заўважыў. Сеў за столік, дае афіцыянтцы заказ, а пасля: «І дзесяць грамаў гарэлкі». У той вочы на лоб палезлі: «Чаму?» А ён: «Ды мне толькі для паху, а дурасці ў мяне і сваёй хопіць».

Усе зарагаталі. Ганчаронак, як мне здалося, вымушана, не зусім натуральна.

Адчуўшы, што тэма размовы яму чамусьці непрыемная, я зноў перавёў размову на таўкачык:

— У музей бы яго.

І раптам ён на хвіліну зусім нечакана ўзбеляніўся, хаця вельмі хутка ўзяў сябе ў рукі:

— Што вы да мяне з гэтым таўкачом! Адзі-ін, другі-і. Калі і аддам, то ў музей, а не вам і не яму.

— Каму яму? — Мне чамусьці захацелася ўзяць яго нашармака, блефануць. — Альшанскаму? Высоцкаму?

Здалося мне ці не, але, па-мойму, ён крыху сумеўся.

— Ды Высоцкі прыстаў, як лазенны ліст да…

«Зноў Высоцкі, — падумаў я, — паўсюль Высоцкі».

Але Ганчаронак ужо толькі рукою махнуў:

— Высоцкі… Аддай ды аддай, усё адно ступкі ў цябе няма, а ў мяне ёсць.

— Што за ступка?

— Ды зусім маладая, год ёй, можа, восемдзесят. А я яму таўкач аддай. «Чаму ты, кажу, мне сваю ступку для поўнага камплекта не аддасі?» — «Мая, кажа, навенечкая, а твой таўкач даўно яр-мядзянка паела. А мне прыдасца. Можа, так яе адпалірую, што як новая будзе».

Я зірнуў на таўкач — ён быў спрэс у малахітавым налёце. Часам яр нават выела на ім невялікія воспіны.

— Аддай, аддай, — бурчаў Ганчаронак, — усім трэба, абы не мне. Аднаму аддасі — другі пакрыўдзіцца. Не, няхай пакуль у мяне паляжыць.

— Як хочаце.

— Высоцкі… Высоцкі… Ясна, рабіць мала чаго трэба, то суне нос, дзе іншым няміла. Толькі нейкі стары кажа, як яно бывала — гэты ўжо тут, самы ўдзячны слухач. Калі арганіст «дзыгар» рапараваў, механізм ды цыферблат, то гэны ўвесь час ля яго сядзеў. Адзін раз і мяне зацягнуў. Цікаўнасць, бачыце, яго брала. Прыглядаўся: «Можа, і самому калі давядзецца». Рабіць няма чаго, то й лазе.

Праз некалькі хвілін мы развіталіся і пайшлі, адмовіўшыся ад другой чаркі «мёду».

…Але хай мяне пярун лясне на божае нараджэнне, калі нашы прыгоды на гэтым скончыліся. Мы падыходзілі да замкавай брамы, і тут мне цюкнула ў галаву:

— Хлопцы, давайце зазірнем. Можа, яны, гэтыя «пані з манахам», і сёння з'явяцца.

Крыху падагрэтыя «мёдам», яны згадзіліся. І вось мы досыць шумліва ўваліліся ў запаскуджаны двор. Месяц асвятляў ягоную палову, ляжаў на вежах касцёла за мурамі. І нічога.

І раптам я, зірнуўшы на галерэю крыху правей, чым у той раз, заўважыў:

— Хлопцы, унь яны.

— Ды дзе? Нічога не бачу, — сказаў Шаблыка. — Ой, не, унь «яны».

Па галерэі, відаць, ужо канчаючы сваё начное шэсце, рухаўся цёмны доўгі цень і цень светлы.

Секунда… трэцяя… зніклі.

— Ну, самі бачылі, што б гэта магло быць? — спытаў я.

— А д'ябал мяне варожы забяры, калі я ведаю, што гэта, — буркнуў Змагіцель, — Містыка нейкая, так яно і так, чэк тваю дрэк.

— Ну, — уздыхнуў Шаблыка, — за лёс маладога пакалення можна не непакоіцца. Настаўнік беларускага прыгожага пісьменства хворы на містыцызм і лаецца, як басяк.

Пакінуўшы замак, мы паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Я папрамаваў уздоўж замкавага мура да плябаніі. Тут было цёмна, месячнае святло падала толькі на Альшанку і парк за ёй, і перасякалі гэта аліўкавае святло толькі чорныя цені ад вежаў.

І тут, нібы мала мне было на сённяшні дзень, я пачуў справа, нібы з самога нутра мура, спачатку нейкае невыразнае «бу-бу-бу», а пасля не менш невыразныя словы.

Я ўзняў галаву — у бойніцы ніжняга бою цьмяна вымалёўвалася пляскатая белая пляма. Аблічча. І на гэтай невыразнай пляме варушылася нешта цёмнае. Рот. Я мог бы чыркнуць запалкай, але словы раптам сталі больш выразныя, хаця і ўрыўчатыя, і ў гэтым ужо не стала патрэбы.

— Адыдзі. Адыдзі… Мой дом, мой замак, мая крэпасць. І што над ёй — маё… І пад ёй… Я вам дам, душагубцам, я вам дам цыклон… Людажэры… Фашысцюгі клятыя… Жыць хачу!… Жыць!… Дзеткі глядзець, просяцца… Вартую, вартую іх… І патаемнасць вартую… Ізыдзі!…

Я міжволі паскорыў крок, абы не чуць гэтага вар'яцкага блекатання, і аж пакуль не выйшаў на азораны месяцам краёчак става, наўздагон мне далятала:

— Бу-бу-бу-бу.

Падыходзячы ўжо да плябаніі, я падумаў, што так, магчыма, і вар'яцтва, але нейкае дужа ўжо асэнсаванае. Зручнае для чалавека вар'яцтва. Лапатуху таксама нельга было пакуль выкрасліць са спіска. На яго, пакуль тое, таксама яшчэ падала падазрэнне.

РАЗДЗЕЛ II У ЯКІМ Я ЗАШМАТ БАЛБАЧУ І, НАСУПОР ЛОГІЦЫ, ШКАДУЮ ПРАВАКАТАРА

Ледзь я паспеў на пару дзён вярнуцца ў родныя пенаты, ледзь скінуў рукзак, як забрынчаў у нежылой кватэры званок і я ўбачыў у дзвярах твар «містэра Сміта з Бобкін-стрыт».

— Я на хвіліну да цябе… На вось, тут копіі з тваіх істужак і з тых літар, што не расшыфраваў. Думай. Прыхавай толькі добра. А кніга няхай пакуль застаецца ў Шчукавым ведамстве. Так больш надзейна… Э, брат, ды ты нешта зблажэў на вясковых харчах… Дык вось, прыходзь у восем гарбату піць. Шчука прыйдзе.

— Дзякуй. — Я ледзь паспеў сказаць гэта, а ён ужо выпарыўся.

Адну копію я засунуў у патаемнік (палову), другую палову засунуў у дзесяты том трэцяга выдання твораў Леніна, стар.492, дзе «Беларуская сацыялістычная грамада». Тое ж зрабіў і з іншымі паловамі. У «Матэрыялы па археалогіі», выданне АН за 1960 г. Ва ўспаміны А. фон Цірпіца, у Анталогію беларускага апавядання, т.II, стар.289.

Калі падчас маёй адсутнасці нехта і зробіць дакладны вобыск, то чорта ператрасе ўсе выпадковыя кнігі. А калі ва ўсе адразу, то палез бы хіба адзін я, балван, дый тое наўрад.