Выбрать главу

— Курыць… Лепей за ўсё… Абавязкова кіньце курыць.

— Ну, гэта вы занадта патрабуеце.

— Можа. Ды гэта ў вашым выпадку, можа, і не дужа шкодзіць. Лепей, вядома, кінуць, калі хопіць волі. Проста выдатна было б, каб кінулі. Але тут я дрэнны парадчык дый патрабаваць не маю права. Сам дымлю, як цягнік. З вайны. З фронту. Самі разумееце… Ну, можа, крыху меней курыце… Урэшце гэта не самая вялікая бяда. А вось кінуць справы, каб сонца, зелень, свежае паветра, спакой, — тады і дыміць можна. Крыху.

Прыпаркаваўшы машыну, мы ішлі да сваіх хатаў.

— Што, Герардзе? — спытаў Пахольчыка лекар. — Як там з дамоўленасцю?

— Ды вініцца мушу. Не дастаў, і пэўны час, мусіць, не будзе. Перабоі.

— А, ладна, — махнуў рукой Лыганоўскі. — Пакурым пару тыдняў штось іншае.

…Падымаліся да сябе. І на пляцоўцы, дзе была кватэра лекара, убачылі Хілінскага, які спускаўся ўніз.

— Дзень добры панству. А дзе гэта вы, Косміч, прападалі цэлы дзень? Кампанія? Кабеты?

— Кампанія ў мяне была невелька, але бардзо пожондна, — сказаў я словамі не дужа прыстойнага польскага анекдота.

— Пробашч? Арганіста?

— Не, тыя ў Альшанцы…

— Няўжо астатнія з таго анекдота?

— Ды не…

Я гатовы быў ляпнуць нешта праўдзівае пра падзеі гэтага дня. Але тут, дай божа яму здароўя, мяне перабіў Лыганоўскі. І праўда, калі кліент не хоча берагчы лекарскай таямніцы, то гэта хочаш не хочаш павінен рабіць за яго сам лекар. Нават наступаючы дурню на язык.

— Ён не скажа, — сказаў Лыганоўскі. — Бываюць такія рэчы, што трэба трымаць язык за зубамі. На мой погляд, ён сёння цалаваўся з чужой жонкай.

— Божа мой! — уздыхнуў Хілінскі. — І ўсё гэта адбываецца ў прававай дзяржаве.

Памаўчаў.

— Хаця цяпер пайшлі мужчыны спрэс як з анекдота: «Ваша мэта што? Пацалаваць маю жонку? Ну то, скончыўшы сваю справу, вы можаце пайсці…» Словам, Антоне, калі ты кажаш, што рыба добра ловіцца, то я, можа, неяк днямі заеду да цябе. Стаць там на пастой можна ў каго?

— Гэтага дабра хопіць.

— А ведаеце, — сказаў Лыганоўскі, — можа, і я падскочу на дзень-другі. Адгулаў некалькі скапілася. І так абрыднуў горад. Горача. Ногі ў асфальце вязнуць. А там жа — канец траўня.

— І ў дадатак, — сказаў я, — дзякуючы позняй вясне сям-там у гушчары ды ў баравінных ярах ёсць яшчэ апошнія смаржкі. Ну, не кошык, а на патэльню назбіраеце.

— І смаржкі? — вохнуў псіхіятр. — Усё. На каленках прыпаўзу. А можа, разам пад'едзем? Вы калі, Адам Пятровіч?

— У тым і справа, што дакладна не ведаю. З'ездзіць тут на дзянёк да сваякоў трэба. Пад Кладна. Ну, можа, усё ж там, у Альшанцы, сутыкнемся. Будзе яшчэ лепей.

— Так. Запланаванасць заўсёды пасуе перад сюрпрызам.

Мы разышліся.

Больш за ўсё я люблю вось такія нечаканыя, як з яра галавой, паездкі. Калі збіраешся спехам, калі не залежыш ні ад аўтобуса, ні ад білетных касаў, ні ад папярэдняга продажу гэтых білетаў, а залежыш толькі ад майстэрства вадзіцеля ды ад спраўнасці машыны, калі дзе захацеў, там і спыніўся. Ці на беразе ракі, ці на ўзлессі, ці паляжаць у сакавітым канюшынніку або ў дурманных каноплях.

Калі выходзіш у пяць раніцы, яшчэ пазяхаючы ад соннага холаду, як паступова разаграешся, як запальваеш першую цыгарэту, і яна асабліва смачная ў ранішнім, зусім яшчэ чыстым паветры.

Як ідзеш загадзя ўмоўленым маршрутам і цябе недзе дарогаю падхоплівае Шчукаў «казёл» (адна з улюбёных мною машын, асабліва калі лета і брызентавыя «сцены» падабраныя ўгару, і вецер як сабе хоча жартуе з людзьмі, з іхнімі валасамі, каўнярамі, і ўсё такое іншае). Ды яшчэ калі акрамя вадзіцеля тут жа на заднім сядзенні з табою Шчука і Хілінскі.

Псуе, праўда, крыху настрой прысутнасць побач з шафёрам сардэчнага сябра, «няўхільнага» Якуба Клепчы. Але што зробіш, ніколі на зямлі не бывае стопрацэнтнага шчасця. Прымірымся і з васьмі-дзесяціпрацэнтным.

Мільгаюць рэчкі, сялянскія вазы ля апушчаных шлагбаўмаў, лясы, паляны сярод жыта (і на некаторых — вялізныя, як свяшчэнныя дубы продкаў, дзічкі).

Пралятаюць проста пусткі, зарослыя верасамі, і на іх беларускімі кіпарысамі ўзвышаецца змрачнаваты елянец.

А там мільганулі на ўзгорку руіны замка ці даўняга абарончага касцёла. Хаткі прыляпіліся над аранжавым рачным абрывам, а крыху далей, у затоцы, варушацца ад плыні плеці жабніку і цвіце вадзяная грэчка.

Край мой! Родная мая зямля! Як жа мне жыць, калі я пайду з цябе? Як мне быць, калі я памру і, можа, быццё маё яшчэ некаторы час не скончыцца — і гэта й ёсць абяцанае мне пекла? Без цябе.

Каго спытаць пра гэта? Ясна ж, не Клепчу, які гаворыць штампамі і, там, дзе гэтага не трэба, занадта ўзнёсла, а на самай справе самы сапраўдны тупак увогуле. І ўсё адно было б яму дзе нарадзіцца, бо паўсюль бы ён «спаўняў справу». І ніколі б не прыйшлі яму ў галаву словы славацкай песні, якія прыдумаў калісьці нейкі бязведамны славацкі чабан, горскі «бача»:

Кто тя буде, вінко, піці,

Кед я будем в хробе гніці?

Ясна, што спытаю ў астатніх двух, якія плацілі за тое «вінко», за елянец на пустках, за гэтае беларускае паветра — самім жыццём. Ды і ў іх не спытаю. Проста буду глядзець на іх і, часам несвядома, рабіць вывады.

І вось ужо цягнецца злева імклівая празрыстая рака, а на гарызонце будынкі, стрэлы званіц.

Кладна, ледзь не самы ўлюбёны мною горад на ўлюбёнай мною зямлі. Кварталы свежаспечаныя, а пасля і старыя з крываватымі вулачкамі, з дамамі, вокны якіх ледзь глядзяць на свет праз сцяну буяну — зялёнага, кучаравага дзікага вінаграду. І глухі комплекс кляштара візітак, а далей узносіцца ў неба ўжо трыста год «фара».

Горад мой горад, са сваімі тварамі, пахамі, поліфаніяй гукаў, са сваім нязмерна прыўкрасным абліччам.

«Казёл» спыніўся ля скверыка на плошчы. Я вылез.

— Мы тут на Аптэчную звернем, а ты, хлопча, шыбуй па Замкавай і пасля ўправа. Падвозіць цябе пад ганак няма чаго. Ды тут і недалёка. Даем табе пяць гадзін максімум. Пасля чакаем ля Бернардынаў. Застанешся — прыходзь папярэдзіць. Не — падкінем цябе да Альшан.

— Ну а я тут у гасцільні затрымаюся, — сказаў Адам. — А прыеду ці то заўтра, ці на трэці дзень.

…Дом пад патрэбным мне адрасам стаяў на адной з тых зялёных ці то вулачак, ці завулкаў, што збягалі ў прырэчны яр. Унізе бегла адна са шматлікіх рэчак (ці не Кладнічанка), і кожны завулак канчаўся мосцікам цераз яе, а на другім беразе зноў караскаўся па схіле яра, на гэты раз угору.

«Мой» дом быў тыповы фальваркова-шляхецкі дом, якія тысячамі калісь былі раскіданыя па Беларусі, а зараз сустракаюцца ўсё радзей і радзей і якія так любіў і ўмеў маляваць Генрык Вейсенгоф. Доўгі, аднапавярховы, з высокім дахам і пабеленымі драўлянымі калонамі на ганку, з блакітнымі акяніцамі і вясёлкавымі ад старасці шыбамі, якія глядзяць у запушчаны сад, у стары дрэвападобны бэз.

Здавалася б, такія някідкія, сціплыя, мілыя, нават нібы несамавітыя — яны, аднак, сэрца краіны нашай. Бо гэта ў такіх вось дамках нарадзіліся, акрылелі і ўзмужнелі не толькі нашы, беларускія, але і польскія хвала і слава. З такіх вылецелі ў свет Багушэвіч і Чачот, Купала і Каліноўскі. У такіх заззяла першая іскра жыцця Міцкевіча, Манюшкі і Касцюшкі.

Я, вядома, не чакаў, што мяне нейкім дзівам сустрэне ў дзвярах нейкая з вышэйпамянёных асоб. Штурхнуў рыплівую фортку, прайшоў алейкаю пад бэзамі, перамяшанымі з брызглінай, бружмелем і махровай шыпшынай, таргануў за язык меднага цмока (забрынчаў недзе ў доме званочак) і пачуў праз хвіліну досыць яшчэ ўпэўненыя крокі. Дзверы адчыніліся, нечая рука зрабіла запрашальны жэст, закрыла за мной дзверы (на падлогу ляглі рознакаляровыя плямы ад двух акон, што былі паабапал дзвярэй) і толькі тады націснула на выключальнік.

Стары ў трэніровачных портках і палатнянай кашулі з кароткімі рукавамі разглядаў мяне зусім не старэчымі, не выцвілымі шэрымі вачыма.

— Антон Косміч, — сказаў я.

— Мне званілі, я чакаў вас, — голас быў барытанальна-басісты, крыху надтрэснуты, але таксама яшчэ досыць малады. — Яраслаў Мірашэўскі, былы акруговы пракуратар, а цяпер… гм… пенсіянер. Праходзьце.

Хата была абстаўлена, мабыць, модна ў часы сэцэсійнага сімвалізму, стылю, які на нашым беларускім усходзе і ў Маскве на рубяжы стагоддзяў называўся «купецкім мадэрнам». Гэта вельмі б не пасавала з вонкавым выглядам хаты, каб не тое, што «мадэрну» ў той час заўсёды спадарожнічала так званая «хлопаманія». Таму побач з вітражамі ў некаторых вокнах, з дзвюма-трыма карцінамі, якія былі б якраз да месца на сценцы ў Яме Міхаліковай*, побач з іншым такім, вычварным, віселі на сценах і ляжалі на падлозе і тахце народныя кілімы, віселі дубовыя, разьблёныя паліцы і лыжнікі. Віселі груба намаляваныя на шкле «Уцёкі ў Егіпет» і беластоцкія, з аленямі, тканіны, стаяла і некалькі старых мэбляў. І ўсё гэта разам стварала нейкае падабенства гармоніі.