Выбрать главу

— Друг мой памёр.

— І гэта другая прычына таго, што сакрэт памрэ. Амаль бясшкодны сродак, і раптам чарада, лавіна смерцяў. Атрымоўваецца, гэта я выпусціў іх.

— Атрымоўваецца так. Ды яшчэ і гулялі з агнём і Пахольчык і вы. Умаўлялі кінуць курыць. Гэта ўразіла мяне, хутчэй падсвядома, яшчэ тады. Гэткае супадзенне. І парады аднолькавыя. І на тое, як «БТ» распячатваў, аднолькава глядзелі. Адно хачу ведаць, чаму не заўсёды дзейнічала?

— Шпрыцам уводзіўся, відаць, сродак толькі ў пару цыгарэт на пачак. І тое не на кожны.

— Нашто вам было гэта?

— Вы ішлі па слядах. Трэба было пазбавіць вас упэўненасці. І потым, нават калі б напалі на мой след, калі б паверылі вашым прадчуванням — ніхто не паверыў бы паказанням вар'ята.

— А Мар'яну зарадзілі цэлы пачак. І ў той жа час перадалі запіску. Так што заснуў ён не ў кватэры, ачысціўшы вам поле пошуку. Ён з'ехаў, і вы маглі, усыпіўшы сабак, шукаць колькі вам хацелася. А ён пачаў марыць і бачыць розныя з'явы і ўпаў у дрэму ў чаўне. І ніхто ўжо не зведае, аб чым апошнім ён марыў.

Зноў усталі на краі паляны дробныя, бязгучныя ўсплёскі, якія зрэдку лізалі пясок, і зноў я зразумеў, што гэта не паляна, а возера, густа ахутанае імглой. А на дне гэтага апошняга возера мой больш за ўсіх улюбёны (а болей няма і не будзе) друг.

Забіты не праз нейкія там меркаванні, а проста дзякуючы дурному супадзенню, таму што «так атрымалася». А гэтыя жывуць, і няма ў іх сэрцах майго тагачаснага прадчування нейкай вялікай бяды. Нічога, я ўсё ж не паверыў у інфаркт, я прымусіў не паверыць і іншых.

Сэрцы вось гэтых таксама захлынуцца ў апошняй тузе, і гэта адзін з нешматлікіх маіх учынкаў, за якія я папрашу ў цябе ўзнагароды, госпадзі.

— Вось так, — сказаў я, — і ў хату нябожчыка вы некалькі разоў залезці хацелі. Раз — вахцёрка перашкодзіла. Другі раз — нічога не знайшлі і вырашылі як толькі можна пільна сачыць за мной. Каб я вас прывёў да мэты. Не ведалі вы толькі пра запавет, які на мяне цень кінуў. Слаба ведалі гісторыю з карцінамі, але пад удар антыквара і Гутніка не пасаромеліся падставіць. Пешкі! І тут я пачаў расшыфроўку. І першыя ж крокі прымусілі мяне падумаць, што, можа, тут не проста спекуляцыя, што ёсць у кнізе ініцыялы Пятра Давыдавіча ды Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскіх. А значыць, гэта фамільная каштоўнасць і гэта азначае, што павінен нейкі сваяк і спадчыннік застацца. Хаця я і не думаў тады, што існуяце вы, сын.

— Ну пра сакрэт шыфроўкі ніхто з нас тады не ведаў, хаця я і чуў нешта ад бацькі (ён сам не ведаў цвёрда) пра нейкую папяровую істужку. І што нейкую ролю іграў таўкач, і, чамусьці, вішнёвы клей, і ступка. Ды што нам было з гэтага. Невядома, што з імі рабіць, і хрэн яго ведае, як з імі распарадзіцца. І тут пачалася спрэчка. Адны казалі, што трэба вас і надалей трымаць у сумненні наконт уласных мазгоў. А я лічыў, што гэтую справу з галюцынацыямі трэба канчаць.

— Праўдзівей, прыпыніць на час. І вы прыпынілі.

— Ясна. Трэба было даць магчымасць расшыфраваць вам, калі ўжо ў нас сваіх мазгоў і ведаў не хапае. А тады скарыстацца пладамі вашых намаганняў.

— З Мар'янам не прыпынілі, — жорстка сказаў я.

— Позна даведаўся, — сказаў ён. — Кажу не дзеля апраўдання. А калі даведаўся — было позна нешта рабіць. Трэба было ўжо прыбраць Пахольчыка. Сведку. А пасля зноў вас палохаць. А можа, вы, нават ужо трапіўшы на след, спалохаецеся ды пакінеце гэты занятак.

— А я не спалохаўся. І таму вашы бандзюкі мяне вырашылі напужаць… І аж да смерці.

— Адзінае, чаго мы недаацанілі, — ваша воля. І яшчэ тое, што вось ведамства пана Шчукі зацікавілася гэтым, хаця што яму было ў дакументах трохсотгадовай даўнасці.

— Мы і не цікавіліся, — буркнуў Шчука. — Занадта доўга не цікавіліся. Злачынна доўга, не пабаюся сказаць, не цікавіліся. Таму гэта і прывяло да такіх падзей.

— А гэта не ўваходзіла ў кампетэнцыю вашых. Што, можа, іх задача дапамагаць гісторыкам і літаратуразнаўцам? Дапамагаць пану К. у пошуках аўтара «Энеіды»? Ці пані С. у пошуках старых Альшан?

— Маўчыце пра яе, — сказаў я.

— А-а… ну, дай бог. Але памагаць ім усім ці не затлуста будзе?

— Дарэмна не дапамагалі, — сказаў Шчука. — Узаемны вопыт мог бы прыдасца.

Здавалася, перад намі сядзеў не чалавек, які чакаў арышту, і не тыя, што прыперлі яго, а проста ішла мілая бяседа на цікавую для ўсіх тэму.

— Дарэчы, ці не выпіць нам каньяку? — устаў Альшанскі.

Мы пераглянуліся. Гэта было ўжо занадта. Але з другога боку…

— У якасці ўзнагароды за тое, што я прайграў, і, як бачыце, мужна прайграў. Не ламаюся. Словаахвотлівы.

Ён прынёс з серванта непачатую бутэльку «Дзвіна».

— А што? — раптам папусціўся злосці я. — Можна. Спадзяюся, што ён не трымае ў буфеце дзесяць непачатых бутэлек з атрутай.

— Можна, — сказаў Хілінскі.

— Я не атручваю віно.

— А цыгарэты? — спытаў я.

— Прыпомніце, што я раіў вам патроху піць і абавязкова кінуць курэнне.

— Было, — прызнаў я.

— Я не хацеў бы атруціць вас і не хачу атручвацца сам. А вам дзякуй за ваша «можна», Хілінскі. — І ўзняў келіх. — Ну, чокацца не будзем, гэта ўжо занадта. — Закінуў ільвіную сівую галаву. Пасля сказаў: — Цалкам магчыма, што гэта апошняя бутэлька каньяку, якую я пачаў. Ці, можа, у якасці апошняга жадання яшчэ дадуць? Прынята гэта ў нас ці не?

— Хто вам сказаў, што вам давядзецца выказваць апошняе жаданне? — спытаў Шчука. — Вы ж пра многае не ведалі. Вядома, калі вы тут казалі праўду.

— Я казаў праўду… Але нават калі б давялося — не выказваў бы жаданняў і не наракаў бы… Так, шмат аб чым не ведаў… Але ёсць у падсонечнай іншы суд. Больш непрымірымы, больш жорсткі. І, здаецца, апошні з Альшанскіх якраз і падлягае гэтаму суду.

— Што, бог? — спытаў Хілінскі.

— Гэта вы пагаварыце з Леанардам Жыховічам, — сказаў гаспадар.

— Дзяўчыну якога ў ліку іншых выдаў немцам ваш Высоцкі.

— Спеліся, — іранічна перадражніў нас Альшанскі, — забойца і нашчадак забойцы.

— Патуральнік забойстваў, — сказаў я.

— Смерць Зоі, — хутчэй сцвярджальна сказаў ён.

— Так. Бо хаця яна і сама атруцілася, а ў рэшце рэшт атруцілі яе вы.

— Чаму?

— Не вытрымала. Сумленне здрады не вытрымала. Палічыла раптам, што адзін у яе сапраўдны і быў і яго яна аддала галавою ворагам… Ведаеце, як гэта балюча, хаця й коратка.

— Я тады яшчэ не ведаў пра гэта.

— «Тады» — гэта калі ўпэўніўся, што кнігі ў хаце Мар'яна няма, і паспрабавалі ўзламаць маю хату. Вось тут вам малады чалавек са смеццем і спатрэбіўся. Нехта адчыняе…

— Высоцкі.

— А другі на варце стаіць. І калі я Высоцкага спалохаў, ён паспеў у склеп пад павуцінне прапаўзці, а пасля, пакуль я бегаў на двор, скочыць на вуліцу. А малады чалавек, «п'яны, як бэля», шмыгнуў да дзяўчат ды прыкінуўся, быццам сп'яну прыпёрся.

— Што ж, і ім зоймемся, — сказаў Шчука.

— Тым больш што, думаецца мне, папаўзуць за ім і яшчэ сякія-такія грахі.

— А што нам застаецца, — сказаў Шчука. — Справай архіва ды айнзацштаба з Адальбертам фон Вартэнбургам ды Францам Кернам іншыя зоймуцца.

— А папіхачоў іхніх я тады ўпершыню ў двары замка заўважыў. Герояў. Вы думаеце, яны спалохаліся, што я фатаграфую разбураны мур? Чорта! Фота сваіх абліччаў яны спалохаліся. Я гэта досыць скора пачаў разумець.

— І маўчаў, — сказаў Шчука.

— Усе маўчалі. І вы былі не лепшы… Але добра, што я там прыдбаў не толькі ворагаў, але і сяброў.

— А ў мяне вось сяброў не было, — сказаў Альшанскі. — Паплечнікі.

— Дый хіба паплечнікі? Паплечнікі — гэта плячо да пляча. «Поплеч», «поруч». А калі людзі с… адзін да аднаго сядзяць, то як гэта называецца?

— «По…», — засмяяўся Шчука.

— Вось менавіта так. І не паплечнікі, а па…

— Гэта што, у вас у навуковым цяперашнім свеце заўсёды такія жарты?

— Жыццё прывучыла… Як былога самага асвечанага на ўвесь павет чалавека — Людзвіка Лапатуху.

— Так, выслізнуў ён тады, — сказаў Альшанскі. — Шанцаванне незвычайнае. Відаць, удалося на апошнім шляху туды заваліцца незаўважана ў хмызы. Варта не далічылася аднаго.