Выбрать главу

— Вітамінаў, — і схавала ранец у шафу.

У чатыры гады — сын ужо ганяў па двары мячык і ўмеў чытаць і пісаць друкаванымі літарамі — бацька аб’явіўся з прыгожым пакункам. Там ляжалі былі ніколі тутэйшым людам не бачаныя памперсы, паўзункі, пінеткі… «Соску не забыў?» — спытала маці, а ён, збянтэжаны, кашляючы, апраўдваўся:

— Фінскі камплект! Вельмі дорага каштуе…

Ён кожны раз бянтэжыўся.

Затое ў пяць гадоў атрымаўся перабор: бацька прыехаў сапраўды з мехам за плячыма, толькі замест грошай там было адзенне: унты, кажух і вялізная пухнатая вушатая шапка са скуры невядомага звера; калі бацька пачаў яе на Петрыку мерыць, той схаваўся ледзь не да пояса.

У свой апошні прыезд, гэтым летам, Марк падараваў сыну пісталет, які страляў струменямі вады, акрамя таго аб’явіў, што больш нікуды не паедзе, ні ў якую Сібір, а застанецца назаўсёды дома.

— Усё! Хопіць! — казаў цвёрда, рашуча. — Падурэў, Марка, і годзе! Колькі можна людзей смяшыць… Пара, пара за розум брацца. На роднай зямліцы… Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Вось так яно, брат Пятрок! Цяпер мы з табою зажывем! — казаў абміраючыму ад шчасця сынку, які круціў у руках свой пісталет, прыціскаў яго да грудзей.

Пакуль бацька раскладваўся, сын не адліпаў ад яго. У пакоі пахла мужчынскім духам, віном, тытунём, ветрам… Бацька быў рослы, дужы, складны. Загарэлы абветраны твар. Барада кольцамі з адлівам сівізны. Куртка-штармоўка. Моцныя рукі. У Петруся засталося ў памяці, як зусім маленькага бацька саджаў яго да сябе на калені, напінаў мускул рукі, даваў сыну памацаць і, задаволены, казаў: «Бачыш, які я дужы? Я магу на нашым аэрадроме самалёты з далоні запускаць», — і Петрык верыў.

У доме панаваў непрывычны гармідар. Бацька быў вясёлы, узбуджаны, на сябе не падобны. І ўсім перадавалася яго радасць. Маці ззяла, Домна мітусілася.

— Вось і добранька… І правільненька… Паплаваў — і годзе, пара прычальваць… Ты ўжо не малады, вунь барада, як у Зміцера, сівая…

Бацька выходзіў на двор. Пятрок, як зачараваны, ішоў следам. Бацька набіраў у грудзі паветра, азіраўся:

— Якая прырода! Якая прыгажосць! — казаў узбуджана. — А вось і ты, мой абрыкосік! Колькі я гэты ствол адпаліраваў, па ім лазячы! Кожны сук ведаю… Неяк маці папрасіла абрыкосаў нарваць, дык я ўсе абарваў, і спелыя, і зялёныя… Смех і грэх! Тваіх гадоў быў, такі ж малы, неразумны… Вось тут во стол стаяў. Вячэралі за ім… Сёрбаем зацірку з аднаго чыгунка… Вясна, абрыкос цвіце, вечар, прыцемкі, а пчолы гудуць над галавой!.. Уяўляеш — яшчэ не спяць! Такое не забываецца. Вучыся, сынок, працавітасці ў пчол.

Памацаў шурпатую кару камля, дзелавіта адзначыў:

— Пабяліць трэба было б, каб не шэрхла.

А калі вярталіся ў дом, заключыў:

— Прырода — вялікая рэч! Запомні, сын. Заўсёды любі і беражы родную прыроду.

Усё гэта страшэнна падабалася Петрыку. Асабліва тое, як прыгожа, паэтычна бацька ўмее казаць пра будзённыя рэчы.

Калі селі за стол — не пад абрыкосам, а ў пакоі — бацька, адкаркоўваючы пляшку, лёгка абыйшоўся без нажа, скалупнуў адным пазногцем вялікага пальца. Затым устаў з поўнай чаркай у руцэ і нізка, так, што гарэлка з чаркі закапала на падлогу, пакланіўся Домне.

— Дзякую, матуля, дарагая-каханая, што нарадзіла мяне, выхавала, дала шчасце бачыць усю прыгажосць свету і зямелькі роднай…

— Ай, адступіся! — махнула рукой Домна, саромеючыся клаўнады, якая адбывалася ў кожны сынаў прыезд. — Скажы лепш, што з братамі думаеш рабіць? Калі вы мірыцца будзеце?

— З братамі? — Бацька выпіў, выцер рот. — Гэта яшчэ тыя браты… Яны мне во з такіх гадоў (правёў далонню ніжэй калена) у пячонках сядзяць. Раз сказаў — нагі маёй не будзе ні ў таго, ні ў другога. Маё слова цвёрдае.

— Але чаму? — шчыра не разумела маці. — Павінна ж быць прычына!

— Паэзіі няма ў душах. Палёту думкі. Паэзія, каханне, прыгажосць для іх — пустыя гукі.

— Сыночак, — пачынала прасіць Домна, — памірыцеся! Няможна так жыць, сорамна. Пра сына падумай, як яму жыць, як такое слухаць? У школу пойдзе, дражніць будуць, хто за яго заступіцца?

— За яго? — бацька прысеў, паклаў сыну далоні на плечы. — Вось за гэтага?

Петрык аддана глядзеў яму ў вочы.

— Думаеш, яму прыемна будзе слухаць, што вас братамі Карамазамі дражняць?

— А ці ведаеш ты, што такое браты Карамазавы? — спытаў Марк у сына.

Петрусёк ведаў: па-мясцоваму «карамазы» азначала стракаты, рознакаляровы, а яшчэ — нягеглы, абы-які. Бацька засмяяўся, лёгка пстрыкнуў яму па носе.