Выбрать главу

— Ну, як вы тут жывяце? — спытаўся я ў гаспадыні.

— Якое наша жыццё? Гаспадарскае, топчамся дзень пры хаце,— сказала гаспадыня, села на ўслончыку.— А вы дзе на канікулах былі? Што новага бачылі?

— У бацькоў быў.

— Што там чуваць? — гаспадыня, маршчыністая, акуратная, глядзіць на мяне, i я не магу вытрымаць яе позірку, апускаю вочы.

— Таксама ходзяць дзень пры хаце.

— Маці, можа, паправілася крыху?

— Паправілася,— прамовіў я.

— A людзі кажуць, што вы дома не былі.— I гаспадыня зноў пільна глядзіць на мяне.

— А дзе ж я мог быць?

— Гавораць, што вы з Сямёнішынай настаўніцай да яе бацькоў ездзілі.

— Чаго гэта? — усміхаюся я.

— Гавораць, што вы жаніцца думаеце, ходзіце разам у школу, са школы, вечарам падоўгу праседжваеце. Да другіх настаўніц i не заглядаеце.

— Я ж ix мала ведаю яшчэ, а з Ларысай Іванаўнай я разам вучыўся.

— Канечне, вы— малады, адукаваны, вясковай якой дзяўчыны браць не будзеце, вам толькі настаўніца можа быць параю...

— Ды не думаю я яшчэ жаніцца! — усміхаюся я.— Нешта выдумляюць людзі, а вы верыце ім.

— Дыму без агню не бывае,— кажа гаспадыня, паднімаецца i ідзе на кухню, гаворыць сама сабе.— Пашчаслівіла во дзеўцы...

9

— Добра вы даяце ўрокі,— гаварыў Міхась Рыгоравіч (ён толькі што хадзіў ca мною ў сёмы клас),— у вас свежыя веды, добрая мова; я ўжо не ўмею так чыста гаварыць, слова на адной мове, слова на другой. Вось яшчэ вопыту ў вас мала, i гэта відаць: што трэба зрабіць за хвіліну, вы робіце за пяць, пра што трэба болей гаварыць, вы абмінаеце.

— Вопыт прыйдзе,— сказаў стары настаўнік Алесь Трахімавіч, які чуў, як завуч разбіраў мой урок,— Вось калі ведаў няма ці чалавек не папаўняе ix, тады i вопыт не выратоўвае. На нашай рабоце трэба самому вучыцца, вучыцца i вучыцца, тады i дзеці слухаць будуць i паважаць. Як перастаў чытаць, дык i пакаціўся назад, як воз з гары...

— Добра дае ўрокі, добра,— пахваліў Міхась Рыгоравіч,— па-цяперашняму, па-праблемнаму. Ужо як будзе якая праверка, то мы будзем на вашы ўрокі інспектараў пасылаць. Гэтыя новыя праграмы — гора для нас. Сучасны ўрок, праблемнасць, пошукавы метад... Прымяні ты яго, калі наш вучань простай задачы не рошыць; вось рашаем колькі дзён задачы на яблыкі, раблю кантрольную, тое ж самае дзеянне, толькі ўжо гутарка пра слівы. Усё роўна ёсць двойкі. Рашалі ж, кажу, на падобнае дзеянне. А яны мне сваё кажуць: «А мы на слівы не рашалі, толькі на яблыкі...»

— Бо вучым ix па-старому,— сказаў Алесь Трахімавіч,— як мы дасюль вучылі,— яны мала думалі, спісвалі, паўтаралі за намі. А новыя праграмы, праблемнасць вучыць ix думаць, мысліць. I дарэмна мы, старыя, баімся гэтага...

— Анекдот адзін,— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч.— У настаўніка адной васьмігодкі нашага раёна пытаецца інспектар: «Ну, як у вас з новымі праграмамі, праблемай?» А ён: «У мяне ніякай праблемы няма, дзеці ціха сядзяць...»

— Такі настаўнік навучыць! — сказаў Алесь Трахімавіч.— Ён мучыць недзе, а не вучыць. Каб жа адзін ён такі...

— Так, трэба цяпер рабіць па-новаму,— сказаў Міхась Рыгоравіч, i я здзівіўся, як ён мяняецца; адно гаворыць, a хтосьці запярэчыць — ён тут жа адмаўляецца ад сваіх слоў, падтрымлівае іншага, i так ніколі ён не абароніць сваёй думкі, заўсёды згаджаецца з другімі. За гэта яго не любіць Ларыса, гаворыць, што трэба асцерагацца такіх людзей; вось Алесь Трахімавіч скажа, што думае, будзе адстойваць сваё, сваё скажа i Іван Сямёнавіч, хоць не раз думае, што сказаў лепш за ўсіх, а вось Міхась Рыгоравіч падумае яшчэ, што сказаць, а то i не скажа свайго, пачакае, пакуль выгаварацца іншыя.

— Ну, добра,— кажа Міхась Рыгоравіч,— Паўлу Мікалаевічу мы дадзім зрабіць даклад пра сучасны ўрок, але вось нядобра, што ён у вялікім даўгу перад намі...

— У якім? — насцярожыўся я.

— Не здагадваецеся? Нядобра, нядобра, Павел Мікалаевіч,— паківаў галавою завуч.— Атрымалі першыя дзве палучкі, першы год робіце ў школе, уладкаваліся на кватэры...

Я зразумеў яго, усміхнуўся.

— Сухія вашы грошы будуць, пагрызуць ix мышы,— сказаў Міхась Рыгоравіч.

— Мы ж настаўнікі, i нам нельга...— пачаў я.

— Хто сказаў? — перабіў Міхась Рыгоравіч.— Мы ж таксама людзі, i нішто чалавечае нам не чужое... Калі я адрабіў, хто не дазволіць мне рабіць тое, што я захачу? Абы ўсё добра было,— ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але ўбачыў, што ў школу ідзе маладая дзяўчына, прамаўчаў, дачакаўся новага чалавека.