Я разгубіўся i маўчаў.
— У цябе яшчэ многа рамантыкі ў галаве, на вачах — ружовыя акуляры, а тут штодзённае жыццё. Помніш, як ён гаварыў табе ў першы дзень: «Мы — людзі немаладыя, абраслі сваімі хатамі, хлявамі i садамі. Рамантыка ў нас даўно прайшла...» Калі ён дырэктарам, у школьным садзе два разы траву сабе выкасіць, яблыкаў, гуркоў, капусты возьме,— сваю капейку зберажэ. Ёсць людзі, якія любяць быць хоць маленькім начальнікам... Пажыві сам.
Міхась Рыгоравіч замоўк, хапіўся гартаць нейкі часопіс: у настаўніцкую зноў зайшлі дырэктар i яго жонка; мне аж стала няёмка, што гаварылі дасюль пра яго.
— Міхась Рыгоравіч,— сказаў дырэктар завучу, — мне здаецца, што нашы маладыя настаўнікі даволі холадна адносяцца да работы, доўга ўцягваюцца. На ўрокі ходзяць акадэмікамі, толькі з указкаю ці крэйдаю ў руках, пазакласнай работы амаль ніякай, бібліятэка ўсё яшчэ закрыта, a вучні якія! — пазарасталі, неакуратныя... Падленьваецца рабіць наша моладзь.
— Падленьваецца,— падтрымаў Міхась Рыгоравіч,— мы больш ахвотна некалі пачыналі рабіць.
— Трэба нам больш з табою патрабаваць,— сказаў дырэктар,— правяраць i патрабаваць, на ўрокі часцей хадзіць.
— Трэба, Іван Сямёнавіч,— зноў згадзіўся Міхась Рыгоравіч.
Я глянуў на завуча: толькі што ён хваліў мае ўрокі, а цяпер згаджаецца з дырэктарам, што мы, маладыя — Ларыса, настаўніцы біялогіі i фізкультуры i я,— лянуемся, не стараемся. Міхась Рыгоравіч адвярнуўся, махнуў на дырэктара рукою, зморшчыўся i падміргнуў мне, каб не зважаў я на гэтыя словы.
— А дзе наш шныранец? — спытаўся Іван Сямёнавіч.
— Дамоў пабег,— першым сказаў Міхась Рыгоравіч.
— Ox смоўж, прыстасаванец! — паківаў галавой дырэктар.— Малады, a такі хітры. Ніякіх абавязкаў не хоча ведаць. Толькі пра сябе думае, на ўсё згодны, абы яму добра было.
— I адкуль толькі такія бяруцца? — здзіўляўся i Міхась Рыгоравіч.— Бацьку ж яго ведаю,— франтавік, рабацяшчы, каваль.
— Вось мы, відаць, i сапсавалі сваіх дзяцей,— сказаў дырэктар.— Мы трыццатыя гады, вайну цяжкую перажылі, нічога добрага не ўбачылі, думалі: няхай хоць нашы дзеці пажывуць цяпер, дагаджалі ім, а яны выраслі i толькі ведаюць, што ім трэба, а таго, што павінны яны рабіць, добра не знаюць, гэтага не ўталкавалі мы ім,— дырэктар гаварыў і, відаць, меў на ўвазе i сваіх дзяцей.
— Гэта праўда,— сказаў Алёсь Трахімавіч, які дасюль маўчаў i не ўступаў у гаворку (увогуле, убачыў я, што ён рэдка на перапынках з кім гаворыць, сядзіць, слухае ўсіх ці газеты чытае),— распесцілі мы сваіх дзяцей, кволымі, безадказнымі i спажыўцамі выгадавалі, а вучні нашы цяпер яшчэ ў большым дастатку жывуць, з імі яшчэ цяжэй будзе...
— Мы, канечне, такімі не былі,— сказаў дырэктар,— мы больш пра работу думалі, як пра сябе. А цяпер яны саромеюцца высокія словы гаварыць, вялікія аўтарытэты сабе выбіраць.
— Ахайваеце вы нас,— паспрабаваў абараніцца я.
— Як ні апраўдвайцеся, але няма ў вас нашай загартоўкі,— сказаў дырэктар.— Мацнейшымі, смялейшымі мы былі, нават дзяўчат мацней любілі, нейкую бескарыслівасць большую да работы, справы ведалі.
Калі мы з Міхасём Рыгоравічам засталіся адны, я сказаў, што наглядаю за Алесем Трахімавічам, здзіўляюся i ніяк не зразумею яго: вечна ён маўчыць, спытаешся што-небудзь — адкажа, не загаворыш,— дык i прасядзіць дзень у настаўніцкай моўчкі.
— Я табе скажу: настаўнік ён залаты, цяпер не многа такіх знойдзеш,— сказаў Міхась Рыгоравіч,— сорак гадоў працуе ў школе, ды як працуе! Дай бог нам палавіну такой працавітасці i сумленнасці мець. А вось з Іванам Сямёнавічам не ладзяць. Даўно Іван Сямёнавіч дачакацца, мусіць, не можа, калі ўжо выправіць старога на пенсію. Алесь Трахімавіч i прыпісак не любіць, дырэктара на педсавеце за работу крытыкуе, за гарод i за іншае, a Іван Сямёнавіч пасля злуецца, на другім выязджае.
— А я думаў, што ў школе ўсё добра, зладжана,— сказаў я.— Аказваецца, тут таксама ўсякае ёсць.
— Ёсць,— усміхнуўся завуч,— папрацуеце, дык яшчэ больш убачыце. А вы сур'ёзна хочаце з Ларысай Іванаўнай жаніцца?
— Я зусім пра жаніцьбу не думаю,— сказаў я.
— Не бяры яе,— падтрымаў Міхась Рыгоравіч.— Ох, брат, i пілка, ды яшчэ тупая. Яе сама Вольга Піліпаўна асцерагаецца.
— Ларыса сумленная,— сказаў я,— гэтага ўжо ў яе не адбярэш.
Завуч прамаўчаў, усміхнуўся i незразумела кіўнуў галавою.
У сярэдзіне лістапада стала холадна; модны вецер нагнаў нізкіх дяжкіх хмар, i аднаго дня пайшоў вільготны шэры снег. Ён доўга не мог улежаць, раставаў на мокрай зямлі, пакуль не сцягнуў вады,— тады стала бела, прасторна, падхапіўся марозік, усё падшэрхла, пацвярдзела, i было відаць, што легла зіма.