Выбрать главу

— Чаго мне баяцца, ён — мой калега.

— А мы баімся яго.

— Не трэба баяцца,— сказаў я.— Трэба паважаць i слухаць,— i ўсё роўна ўбачыў, што не пераканаў ix, што яны недалюбліваюць Івана Сямёнавіча.

Яшчэ я падумаў, ідучы ў настаўніцкую, што ўсё ж я слаба гаварыў. Толькі адчуў, як нялёгка, але добра быць настаўнікам, вучыць дзяцей; але буду настаўнічаць, i не таму, што больш нічога рабіць не ўмею, а таму, што школа за гэты час паспела мне спадабацца.

Толькі цяпер я адчуў сябе настаўнікам, які зробіць тое, чаго іншыя не зробяць.

14

Нядобрым быў гэты дзень i для Ларысы: спярша яе невядома за што папракала Вольга Піліпаўна, а пасля яе засмуцілі васьмікласнікі.

У гэтым класе Ларыса вяла нямецкую мову. Ca старэйшых настаўнікаў ніхто па-нямецку не ўмеў чытаць i пісаць, дык спачатку нямецкую мову вёў я, але пасля некалькі гадзін далі i Ларысе.

Хвілін за дзевяць да канца ўрока Ларыса, як яна сама расказвала пасля мне, напісала на дошцы колькі сказаў i выклікала перакласці ix самага шумнага вучня — Івана Пакрылу. Той паглядзеў на сказы, падумаў, а пасля паклаў крэйду на палічку.

— Што такое? — спыталася Ларыса, якая была ўвесь урок разгубленая.

— Гэтыя сказы, Ларыса Іванаўна, нельга перакласці i за пяці-годку,— адказаў вучань.

— Што гэта значыць? — успыхнула Ларыса, якая яшчэ з перапынку не магла супакоіцца.

— Словы вашы напісаны не зусім правільна i артыклі пераблытаны.

— Ты не запісаў слоўнікавых слоў i не запомніў ix,— злавалася ўжо Ларыса, — Я пастаўлю табе зараз двойку.

— Новыя словы раней вы запісалі з кніжкі правільна,— сказаў вучань,— а вось сказы запісалі цяпер няправільна.

— Ты — грубіян! — не ўтрымалася Ларыса.— Садзіся! I не думай, калі твой бацька...

Іван не даслухаў, павярнуўся i выйшаў з класа. Ларыса разгублена глядзела яму ўслед, пасля не вытрымала, не дачакалася званка, a схапіла журнал i прыбегла ў настаўніцкую. Кінула на стол журнал, села на каналу i закрыла твар рукамі.

— Што такое? — спытаўся Іван Сямёнавіч.

Ларыса маўчала. Мусіць, моўчкі плакала.

Празвінеў званок, i ў настаўніцкую пачалі заходзіць настаўнікі. Дырэктар паслаў Уладзіміра Пятровіча, класнага васьмікласнікаў, схадзіць да дзяцей i спытацца, што было на ўроку.

Уладзімір Пятровіч хутка вярнуўся i расказаў, што здарылася.

— Самім яшчэ вучыцца трэба, а не фарсіць,— сказала Вольга Піліпаўна,

— Перастань! — Сыкнуў на яе Іван Сямёнавіч.

Вольга Піліпаўна сціснула вусны, схапіла стос сшыткаў i, раззлаваная на мужа, выскачыла на калідор.

— Разбярыце гэты выпадак на камсамольскім камітэце,— сказаў дырэктар піянерважатай, i тая пабегла сказаць, каб засталіся, не ішлі дамоў камсамольцы: урокаў больш не было, i дзеці маглі паразыходзіцца.

На камітэт пайшлі i мы, настаўнікі, толькі Ларыса засталася ў настаўніцкай. Камсорг Ніна Пятрэвіч, збіваючыся, чырванеючы, адкрыла сход, абвясціла парадак дня — «Аб невучнёўскіх, некамсамольскіх паводзінах Івана Пакрылы».

Той даволі бойка сказаў, што ён зрабіў на ўроку, напісаў словы так, як ix напісала настаўніца, а пасля паправіў, як трэба пісаць, пераклаў сказы. Стаяў ля дошкі i пасміхаўся.

— Што будзем рабіць? — спыталася камсорг.

Дзеці маўчалі, піянерважатая паглядзела на Івана Сямёнавіча, Міхася Рыгоравіча, Уладзіміра Пятровіча.

— Хай папросіць прабачэння ў настаўніцы за нетактоўнасць,— сказаў я.

— Не буду,— адказаў Іван.

— Як гэта — «не буду»? — спыталася піянерважатая.

— Я не вінаваты перад ёю,— сказаў Іван.

— А чаго ты пайшоў з класа? — спыталася піянерважатая.

— Яна мяне зняважыла. Я пайшоў, каб не нагаварыць...

— Не будзеш прасіцца? — спыталася піянерважатая.

— Не.

— Тады галасуем,— сказала піянерважатая камсоргу. Дзяўчаты i хлопцы паднялі рукі, каб Іван першы падышоў да настаўніцы i папрасіў прабачэння.

— Трэба больш да ўрокаў рыхтавацца, Ларыса Іванаўна,— зайшоўшы ў настаўніцкую, сказаў Іван Сямёнаві.— А ты, Пятровіч, зайдзі да Пакрылы, раскажы яму пра сына.

— Ларыса Іванаўна, не перажывайце,— калі ўсе акрамя мяне, выйшлі, сказаў Алесь Трахімавіч.— Я разумею, чаго вы сёння расхваляваліся, памыліліся ў класе... I мы, маладыя, памыляліся, i цяпер, пасля столькіх гадоў работы, зрываецца часамі памылка. Важна не тое, што настаўнік асекся. Важна тое, як ён пасля сябе павядзе. Узлуецца, будзе крычаць — палічаць вас дзеці за недавучаную, зусім паважаць не будуць. Вучань сказаў, што няправільна запісана, настаўніку можна лагодна ўсміхнуцца: «Праўда? Давайце разбяромся! Сапраўды, праўда! Малайчына, разумны, уважлівы! Так як запісана нельга перакласці. Прашу прабачыць, дзеці. Давайце паправім. Правільна».