Выбрать главу

А аднаго дня я насмяяўся. Заходжу ў сёмы клас, гляджу: няма ля дошкі анучкі.

— Дзяжурны, чым будзем выціраць дошку?

Дзяжурны нагнуўся i пасунуў руку ў парту; дзеці, відаць, на перапынку кідаліся анучкаю ці з другога класа хацелі яе ўкрасці, дык дзяжурны схаваў яе ў сваю парту. Цяпер ён не панёс анучкі, a папусціў яе ca свайго месца да дошкі. Глянуў я, глянулі вучні — i абамлелі: на падлозе ляжаў вялікі дамашні блін са скваркамі. Убачыў гэта дзяжурны, зачырванеўся, падбег, схапіў свой блінец i выбег з класа...

2

Мала я пажыў у сваіх гаспадароў, але палюбіў пакойчык, які яны адвялі мне. Светлы, чысценькі, падлога жоўтая, бліскучая, свежыя шпалеры, белая столь. Гаспадыня мая любіць парадак, вялікая чысцёха, век ваюе са сваім мужам, прымушае яго ў кухні разувацца i хадзіць па «залі» ў тапачках, а ён, неахайнік, ці забудзецца, ці палянуецца скідаць у сенцах брудныя боты, заскочыць часамі ў ix i наробіць слядоў, а то можа прыцягнуць у хату бярвенца ці дошку i часаць...

На сцяне вісіць стары, у драўлянай аправе гадзіннік, ён прыемна цікае, выстуквае гадзіны, вісіць радыё, але яно мала гаворыць, больш хрыпіць: то правады закруцяцца, то ix абарвуць, калі возяць на машынах сена ці салому, то выключаць, калі баяцца грому, а пасля забываюцца ўключыць.

Ложак мой надта пекна засланы, i я не хачу скідаць падушкі, разбураць красу, адпачываю на канапе, бывае, i засну на ёй, прасплю ўсю ноч. Каб яшчэ быў у хаце тэлевізар, то i зусім добра было б. Я паспеў заўважыць, што ў наш час у вёсцы маладому, ды яшчэ настаўніку, без тэлевізара не абысціся: добра i перадачу якую паглядзець, i кіно; не раз бывае i многа вольнага часу, рабіць няма чаго, то ўключыў тэлевізар i глядзі...

На стале, ля альяса i стосаў сшыткаў, ляжыць разгорнутая кніга, але сёння чытаць не хочацца. Не быў у школе, не стаміўся, але панерваваўся дарогаю, паслухаў дырэктара i настаўніцу Ларысу— i стала чагосьці цяжкая галава. Гэта бывае тады, калі хочаш нешта зрабіць, але не робіш, думаеш, i думкі разбягаюцца,— тады хутка стамляешся. Цяпер хочацца паляжаць спакойна, абдумаць, што робіцца на свеце, як жыву, што ў мяне наперадзе.

Зняў гальштук, пераадзеўся; здаецца, стала лягчэй, неяк вальней дыхаць; можа, нават i таму, што я цяпер быў не ў школе, не чуў, як шумяць дзеці.

Я заплюшчыў вочы, лёг, у галаве штосьці шумела, прыслухаўшыся, я нічога не пачуў, чуваць было толькі, як звонка цікаў гадзіннік. Да галавы прылівала кроў, я нават намацаў жылкі на лбе i чуў, як яны то шырацца, то звужаюцца.

Нечакана падумалася: ці люблю я сваю работу, ці задаволіўся, што стаў настаўнікам? Каб спытаўся хто — сказаў бы: падабаецца працаваць у школе, добра быць настаўнікам. Але цяпер я не ведаў, ці гэта так, хацелася мне нечага большага: неяк жа я вельмі сціпла, ціха жыву, непрыкметна працую, і, здаецца, ніхто не бачыць маёй гэтай работы, не паважае яе — ні пахваліць, ні паганіць...

Ларыса, нядаўняя аднакурсніца мая, здаецца, працуе весялей, смялей глядзіць у будучыню, любіць дзяцей, i яны ахвотней горнуцца да яе, выклікаюць яе з настаўніцкай на калідор, давяраюць свае сакрэты, прыходзяць да яе на кватэру. Мяне ж саромеюцца, пазбягаюць, i мне здаецца, што не варта было мне вучыцца на настаўніка, трэба было выбіраць іншую прафесію. Але якая мне падабаецца прафесія, я i цяпер не ведаю...

Звялі нас з Ларысаю сцежкі наспадзявана i выпадкова, як зводзяць яны, мусіць, усіх незнаемых людзей, якія пасля становяцца сябрамі, калегамі па рабоце, сем'янінамі ці ворагамі на ўсё жыццё або разыходзяцца i забываюцца адзін пра аднаго.

Сустрэліся мы ў інстытуце маладзенькімі першакурснікамі, я ўзяў у Ларысы канспект, а яна ў мяне — кнігу. На гэтым наша дружба i затрымалася: у мяне былі свае клопаты, у яе свае, мне падабаліся другія дзяўчаты, а яна хадзіла з «чужымі», з другіх факультэтаў, хлопцамі. Але ні яна, ні я не ажаніліся ў інстытуце, прыехалі ў Міланькі халасцякамі. За нас сталі думаць вясковыя людзі: мяне сватаюць да гаспадарскай дачкі, а Ларысу — да тутэйшага маладога брыгадзіра. Мы ж абое яшчэ не думаем пра сям'ю: я нават баюся жаніцца, як успомню пра гэта, дык «тры дні баляць зубы», а Ларыса пасварылася ca сваім кавалерам Віктарам, а брыгадзір, як прызнаецца яна, зусім ёй не падабаецца...

Уладкоўвацца на работу ў раён мы прыехалі «пакоем» — Вася, Слава i я,— усе пяць гадоў мы разам вучыліся, жылі ў адным пакоі.

Мае аднакашнікі прыехалі раней у райана; мы яшчэ вясною, калі абаранілі дыпломы i раз'ехаліся па сваіх весках, дамовіліся, што аднаго дня прыедзем уладкоўвацца на работу. Калі хто надумаецца прыехаць раней, то няхай пахітрыць крыху, уведае, дзе ёсць добрыя месцы.