— Да гэтага даводзіць вось што,— сказаў Алесь Трахімавіч, i я здзівіўся, што ён так сёння разгаварыўся.— Зразумець i ацаніць працу той жа даяркі ці агранома проста — яна ясна бачыцца ў літрах малака, у цэнтнерах зерня. Усё, чаго яны дабіліся, можна ўбачыць, узважыць. А хто вымерае, узважыць вось тыя цудоўныя якасці — дабрату, патрыятызм,— скажам, Паўла Мікалаевіча, якія ён дае вучням на ўроку літаратуры? A дзеці ж паразумнеюць, падабрэюць, i ад гэтага некалі будзе вялікая карысць. A настаўнік, як i тая даярка, стараўся, рабіў...
— Так што ясна цяпер, чаму вас не ўзялі ўчора на машыну,— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч.
— Калі будзе горш рабіць аграном, даярка, адразу ўсе гэта ўбачаць: панізіліся надоі, упаў ураджай,— працягваў Алесь Трахімавіч.— Дадуць дырэктару, а ён насядзе на агранома i даярку. Горш будзе рабіць настаўнік — не заўсёды заўважыць гэта дырэктар ці завуч, бо ён пры ix будзе старацца, паказвацца. I бацькі гэтага не заўсёды заўважаць, ды яны часта думаюць пра нашу работу толькі, калі глядзяць на адзнакі ў дзённіку сваіх вучняў. A адзнакі стаўляем мы. Таму з аграномам, даяркаю, камбайнерам лічацца — не дай бог, падвядзе. А з настаўнікам можна i не лічыцца, урокі ён будзе даваць...
— Я думаў, што ў школе рабіць прасцей,— сказаў, усміхнуўшыся я.— Загадзя ўсё спланавана...
— Спачатку здаецца, што жыць таксама проста,— усміхнуўся Алесь Трахімавіч.— Пажывеш — думаеш: а як далей жыць? Як рабіць, да ўсяго адносіцца? Нехта добра сказаў: добры настаўнік не той, хто бачыць сябе ў настаўніцтве, a настаўніцтва ў сабе. Будзьце такім, Павел Мікалаевіч, i ўсе вы, маладыя,— сказаў Алесь Трахімавіч i задыхаўся, закашляўся.
Я паслухаў яго i паспакайнеў, падумаў, што ўсё ж добра працаваць у школе i трэба толькі быць настаўнікам, нікуды не ўцякаць, a калі палюбіш сваю работу, то зусім іншым, светлым i шчаслівым, здаецца жыццё.
«Буду толькі настаўнікам,— думаў я,— i добрым, шчырым, працавітым, а слава... А слава знойдзе. Ды што пра яе многа думаць, пра гэтую славу».
Я душою, усім сэрцам адчуў, што не магу без Ларысы, што мне трэба быць з ёю — тых хвілін, калі мы бачыліся ў школе, на кватэры ў Ларысы, мала. Нечакана ўбачыў я, што яна i прыгожая, i разумная, i добрая, здзівіўся, чаму я раней не мог гэтага разгледзець. Цяпер адчуў, чаму так стараецца не адпусціць ад сябе Ларысу i Віктар,— відаць, таксама здолеў распазнаць яе.
Яшчэ ў верасні Ларыса гаварыла мне, што прыехала сюды дзеля мяне,— відаць, i яна знайшла ўва мне штосьці добрае, тое, чаго няма ў другіх. Што? Што ўва мне ёсць такое, што павяло за мною Ларысу?
Мне было ясна адно: пачынаецца мая сталасць.
Ці будзем мы шчаслівыя з Ларысаю? Ці будзе, як у другіх: палюбіліся, ажаніліся, а праз год развяліся? Можа, адразу не варта завязваць вузла — ці тая Ларыса нявеста, што нарадзілася дзеля мяне?
Я не пайшоў колькі вечароў да Ларысы, сядзеў дома, чытаў, пісаў (гаспадыня ў гэтыя дні паласкавела да мяне, нават смачней карміла). Калі ўбачыў, якая Ларыса стала сумная, ледзь жывая была ў школе, то не вытрымаў, пайшоў да яе.
— Ты? — здзіўлена i неяк сумна спытала Ларыса, адшчэпліваючы мне, i я ведаў ужо, што няма дома гаспадыні: Ларыса, застаўшыся адна, рана зашчэплівае дзверы.
— Што робіш? — спытаў я.
— Што можа рабіць настаўнік-мовавед? Гібею над сшыткамі...
— Ох, гора наша, гэтыя сшыткі! — жартаўліва ўздыхнуў я i прытуліў Ларысу да сябе.
Яна неахвотна падалася, схавала твар, прыціснулася да майго пляча. Я пастаяў хвіліну i пачуў, што яна плача.
— Чаго ты? — спытаў я.
— Мне здаецца, што ты толькі жартуеш i водзіш мяне за нос...
Я прамаўчаў: не ведаў, што сказаць.
— Не муч ты мяне больш,— глянула мне ў вочы Ларыса. Я таксама глянуў ёй у вочы, выцер слязінку на яе шчацэ; без слоў мы прыпалі адно да другога i пацалаваліся.
— Я не мучу цябе,— сказаў я,— я сам больш пакутую. Зусім не ведаю, калі шчыра прызнацца, што са мною робіцца. Калі не падурнеў, то стаў, як сонны...
— Чаго, Паўлік?
— I работа, i ты...
— А што я?
— Не ведаю, Ларыса,— сказаў я,— боязна неяк...
— Чаго, Паўлік? Ты не рады, што ёсць я, што ў нас...
— Не, Ларыса,— я доўга падбіраў патрэбнае слова.— Я хачу, каб усё ў нас было добра, каб мы былі шчаслівыя.
— А чаму нам не быць шчаслівымі, Паўлік? — прытулілася да мяне Ларыса, пасадзіла мяне на крэсла i села мне на калені, прыціснуўшыся сваей шчакой да маёй.— Я ж табе, хоць i зусім старамодна, па-старому, але шчыра гавару: я люблю гэты носік, крыўдлівую тваю губку,— пацалавала мяне,— хоць i душою чую, што нешта нас разлучыць.