Выбрать главу

Я выйшаў з цэха i зайшоў у другі, там у загарадках стаялі ці ляжалі свінні, я нават здзівіўся, якія яны вялікія, тлустыя.

— Во скваркі! — пачуўся мужчынскі голас, я азірнуўся i ўбачыў перад сабою суседа, рабочага гэтай фермы.

Я павітаўся.

— Каб гэткую закалоў сабе, то i за год не з'еў бы,— сказаў мужчына.

— Але ж трэба было i парабіць, каб такую выгадаваць.

— Трэба было,— згадзіўся сусед.— Добра робяць нашы бабы.

— Здрасце,— падышла да нас i прывіталася маладая жанчына. Была яна чыста апранутая, нават з сумачкаю, i я зразумеў, што яна тут, відаць, загадчыца.— Вы не з рэдакцыі?

— Не,— усміхнуўся я.

— З райкома камсамола?

— Ды гэта наш настаўнік,— сказаў мой сусед,— Павел Мікалаевіч.

— А,— кіўнула жанчына,— дзеці мае яшчэ малыя, не ходзяць у школу, дык я i не ведаю ўсіх маладых настаўнікаў. Але пра вас чула...

Яна не дагаварыла, але я зразумеў: хацела сказаць, што чула пра мяне i Ларысу, але стрымалася.

— Можа, мяса захацелі?

— Не,— усміхнуўся я,— з лекцыяй прыйшоў.

— Добра,— сказала жанчына.— Скажу зараз бабам, можа, зойдуць. Завядзі ix, Пятро, у ленпакой, а я пайду i скажу рабочым, каб зайшлі.

Мы зайшлі ў невялікі, але чысценькі, абвешаны паперамі пакойчык. I пакуль вычытаў я ўсе лісткі, то пачалі заходзіць жанчыны, у куфайках i гумовых ботах. Яны віталіся са мною, садзіліся i гаварылі пра сваё, раз за разам пазіралі на гадзіннікі.

Зайшло некалькі i маладых дзяўчат, я нават не ведаў, ці яны падмянялі каго, ці рабілі тут, яны глядзелі на мяне i пасміхаліся.

— Вось i ўсе нашы,— сказала загадчыца,— толькі Ванда пабегла дадому, кажа, у яе дзеці малыя адны дома.

Я назваўся жанчынам i пачаў чытаць свой даклад. Слухалі мяне ўважліва, я нават не разумеў, ці зацікавіліся, ці слухаюць з-за прыстойнасці.

— Скажыце, вы болей чытаеце кніжак ды газет, якія налета моды будуць? — спытала мяне маладая, толькі, мусіць, пасля дзесяцігодкі, дзяўчына.

Я нават разгубіўся: i не чакаў такога пытання, i не ведаў, што сказаць.

— Можа, пытанні ў канцы давайце,— папрасіў я.

— Ды вы не слухайце ix, балаўніц,— сказала пажылая жанчына.— Модніцы мне знайшліся! Адзенься чыста, вымыйся — дык i пекная, модная будзеш.

Я пачаў расказваць, што дзе робіцца на свеце: калі расказаў усё са сваіх выразак, нагадаў пра пытанні. Стаяў i назіраў на стомленых жанчын.

— Я разумею, што пытанне моды таксама адзін з аспектаў грамадства, як палітыка i мастацтва, можа быць арыентацыяй у сучасным жыцці,— сказала тая ж маладая жанчына.— Дык якія нам сукенкі насіць трэба: доўгія, кароткія?

Я ўсміхаўся i маўчаў.

— Haci кароткія, бо доўгія свінні абарвуць,— сказала загадчыца, i ўсе жанчыны выбухнулі здаровым рогатам.

— Я нават i не ведаю,— прызнаўся я.— Здаецца, міні ўжо не ў модзе.

— Ды не слухайце вы ix, чалавек, а ты, Таня, не дуры галавы з сваімі модамі. Пазнее ўжо, а яшчэ трэба i сваіх свінней накарміць, вячэру згатаваць,— загаманілі жанчыны.

— Я магу толькі ўхваляць, што ў модах успомнілі цяпер слова «сціпласць»,— сказала загадчыца.

— Тут не пра моды думаеш, а гадаеш, як у горад з'ездзіць, калі зіма на дварэ, a аўтобусы не ходзяць,— сказала пажылая жанчына,— магазін ужо з месяц закрыты, з горада магазіншчыкам ніхто ехаць не хоча, а вясковых не знаходзіцца.

— Можа, ведаеце вы, калі ўжо яслі якія ў нас адкрыюць? — запытала маленькая пажылая кабета.— Дальбог, няма дзе дзяцей дзяваць.

— Пішыце, прасіце, дык i адкрыюць,— сказаў я.— I нам, настаўнікам, лепш будзе: дзеці будуць больш навучаныя.

— Гэтыя дзеці цяпер зусім вучыцца не хочуць,— сказала пажылая жанчына.— Мой Сяргей ніколі кніжкі ў рукі не возьме, не сядзе пісаць, пакуль не прымусіш.

— А прымусь ты, дагледзь, калі во да якой пары на рабоце,— падхапіла яе думку маленькая пажылая кабета.— Прыйдзеш дадому i не ведаеш, за што ўхапіцца. A раніцою бяжыш, калі дзеці яшчэ спяць...

— Падурэлі цяпер дзеці,— сказала тая ж пажылая кабета,— хіба гэта мы пасля вайны адразу так адзяваліся, елi такое, бачылі тыя тэлевізары? Кніжка адна на ўсіх была. Але вучыліся.

— Ды хіба школа такая была? Гэта цяпер сталовая, тэлевізар, кіно ў школе, вучоныя настаўнікі...

— Мой, мусіць, слаба вучыцца?

— А я ўжо пра свайго дык i саромеюся пытацца.

— А як сын Пакрылы вучыцца?

— Бач, бацька дужа разумны, а сын вучыцца не хоча.

— Не прападзе, не будзе з намі рабіць.

Жанчыны пагаманілі яшчэ, усе разам дапытваліся ў мяне пра сваіх дзяцей, а пасля ўспомнілі пра дом, пабедавалі, што яшчэ ўперадзе столькі работы, i дружна высыпалі з пакоя.