Выбрать главу

— Вы «Известия» выпісваеце? — спытала мяне маладая дзяўчына, якую жанчыны называлі Таняй.

— Выпісваю,— сказаў я.

— Я i бачу, што знаёмымі словамі гаворыце. А што такое эскалацыя?

— Мусіць, разгортванне, расшырэнне,— збянтэжыўся я, што гаварыў нядаўна пра тое, што людзі ўжо ведаюць.

— Дзякуем, Павел Мікалаевіч, за даклад,— сказала мне загадчыца.— Прыходзьце яшчэ, не забывайце.

Я развітаўся з людзьмі, выйшаў на двор, падумаў: не так мне трэба было рыхтавацца да лекцыі, не так...

22

Прыйшла ў школу «аграноміха», пажылая, ужо сіваватая, з мноствам маршчынак на твары. Яна мне не вельмі спадабалася: басавіты мужчынскі голас, шырокія плечы, цвёрдая мужчынская хада. Глянуў я на яе — i адразу прыпомніўся мне пра яе вершык, які напісаў нейкі тутэйшы жартаўнік; я чытаў яго, смяяўся i нават запомніў крыху на памяць.

«Маладая настаўніца» прыйшла, калі канчаліся ўрокі, прывіталася i сказала:

— Святлана Міхайлаўна, ваш біёлаг.

— Прыемна,— сказаў Іван Сямёнавіч, устаў i падаў ёй руку.

Святлана Міхайлаўна паціснула руку i ўсім нам.

— Колькі мне гадзін будзе?

— З дваццаць тры набяром,— адказаў Іван Сямёнавіч.

— Малавата,— цмокнула Святлана Міхайлаўна,— але нічога, на сёлета хопіць, пакуль прывыкну. Але праз год мне на пенсію...

— На другі год нешта прыдумаем,— сказаў Іван Сямёнавіч.

— Гэта па-чалавечы,— сказала Святлана Міхайлаўна.— З заўтрашняга пачынаю працаваць. А цяпер папрашу прыняць мяне ў ваш калектыў,— i патрасла сумкай, у якой штосьці бразгала i булькала.

— I гэта па-чалавечы,— хіхікнуў Міхась Рыгоравіч, павесялеў, кінуў штосьці пісаць, загарнуў сшытак i паклаў яго ў шуфляду.

— Як заведзена,— сказала Святлана Міхайлаўна,— прашу ўсіх у вашу сталовую, там i пагаворым пра ўсё.

Прыйшлі з урокаў астатнія настаўнікі, прывіталіся з «маладым».

— Баба што трэба! — шапнуў мне незаўважна ад другіх Міхась Рыгоравіч.

Мы пагаманілі аб тым-сім i пайшлі ў сталовую. Святлана Міхайлаўна дастала са сваёй сумкі двухлітровы слоік, каўбасу, хлеб; Міхась Рыгоравіч міргнуў мне вокам, гэта заўважыў i Уладзімір Пятровіч, усміхнуўся: добра ведаў слабінку нашага завуча.

Тут жа ўсё разрэзалі, разлілі, i Іван Сямёнавіч сказаў тост за «новенькую»; мужчыны дружна пацягнулі, дзяўчаты памачылі вусны i паставілі шклянкі. Ix пачала ўгаворваць Святлана Міхайлаўна, крыўдзіцца, што яны яе не паважаюць, не хочуць лічыць яе сваёю.

— Вам, Ларыса Іванаўна, то i трэба выпіць,— сказала Вольга Піліпаўна.— Паедзеце да свякроўкі, не будзеце магчы i кроплі ўзяць, то сорамна будзе.

Ларыса зачырванелася, хацела штосьці злоснае сказаць, але змоўчала.

— Навучыцца,— сказала Святлана Міхайлаўна.— Ды могуць яны, гэта толькі паказваюцца, што не бяруць i ў рот. Ведаю я ix, цяперашніх маладых. Прыкідваюцца толькі сціпленькімі.

— Нашы маладыя настаўнікі не такія,— абараніла нас Вольга Піліпаўна.

— Але Павел Мікалаевіч i Ларыса Іванаўна ўсё мудруюць штосьці,— прыжмурыў вока Міхась Рыгоравіч,— усё нешта цягнуць...

— I што мы павінны прыцягнуць? — спытала Ларыса.

— Як што? Не прыкідвайцеся, не маніце нам, што вы толькі інстытуцкія сябры,— сказаў Міхась Рыгоравіч.— Мы людзі бывалыя, бачым, як адно на аднаго паглядаеце.

— Хопіць вам,— сказаў Алесь Трахімавіч,— людзі самі ведаюць, што робяць.

— Цяпер моладзь разумная,— сказала Святлана Міхайлаўна.— Але давайце паўторым, каб добра жылося i вялося.

Дзяўчаты не давалі сваіх шклянак, хавалі ix пад стол, але Святлана Міхайлаўна сказала такое слоўца, што я зажмурыў вочы, a дзяўчаты хуценька пастаўлялі шклянкі на стол. Сабе «новенькая» наліла столькі, колькі i нам, мужчынам. Бачачы, што дзяўчаты анямелі ад яе слоўца, яна апраўдалася:

— Жанчына павінна быць мужная, як мужчына.

— Але заўсёды быць жанчынай, прыгожай, культурнай, нават лірычнай,— сказаў я.

Святлана Міхайлаўна нават i не глянула на мяне, запрасіла выпіць Івана Сямёнавіча i яго жонку, адным махам кульнула шклянку.

— Паглядзела я сёння на ваш агарод, сад i аж за галаву ўзялася: усё зарасло, здзічэла, куды толькі дырэктар з завучам глядзелі,— сказала яна.

— Дасюль у нас біёлагі былі абы-якія, нават не ведалі, як гуркі ці цыбулю садзіць,— адбіваўся Міхась Рыгоравіч.

— Гэта відаць,— сказала Святлана Міхайлаўна.— Калі Іван Сямёнавіч пенсію мне добрую зробіць, я вас засыплю ўсім. Бульбай, гуркамі, капустай, птушынае малако выведу...

— Давайце,— пасміхаўся Іван Сямёнавіч.