— Мы не толькі настаўнікі, але i прапагандысты,— пасля сказаў ён i пералічыў, каму пайсці на якую ферму, прачытаць які даклад ці выпусціць баявы лісток.— Словам, уражанне мы павінны зрабіць самае найлепшае, паказаць, што хоць i жывём у маленькай i далёкай школе, але стараемся, i ніхто не павінен з камісіяй спрачацца, гаварыць: «Так, так, пастараемся ўлічыць, выправіць».
— Іван Сямёнавіч, я нядаўна быў на свінагадоўчай ферме, чытаў даклад,— сказаў я.
— Дык добра. Цяпер схадзіце ў кароўнік.
— Але, Іван Сямёнавіч, ці ёсць сёння сэнс ісці на ферму, поле i чытаць людзям газету, калі ў нас даўно няма непісьменнасці? — запярэчыў я.— Гэта некалі настаўнік мог запасціся газетнымі выразкамі, i яго не толькi б слухалі, але яшчэ i здзіўляліся б: адкуль што бярэцца? Цяпер у кожнай сям'і людзі з сярэдняй адукацыяй маюць газеты, радыё, тэлевізар...
— Вы, Павел Мікалаевіч,— сказаў мне Іван Сямёнавіч, — малады, a ўжо вялікі дэмагог.
— Гэта не дэмагогія,— запярэчыў я,— Сёння настаўнік перастаў быць адзіным «універсітэтам» на вёсцы, людзі змяніліся, паразумнелі.
— Вы пішыце іншаму каму свае «вучоныя» заметкі, даказвайце сваё, але ад мяне патрабуюць, каб настаўнікі былі прапагандыстамі, то i будзьце імі.
— Я не супраць,— сказаў я,— але трэба рабіць лепш.
— Вось i рабіце,— сказаў Іван Сямёнавіч,— але мне, як дырэктару, будзе лепш, калі настаўнік выступіў пяць разоў, хоць i слабавата, чым адзін раз, але моцна. Тады i школу пахваляць, а так на кожнай нарадзе перцу даюць.
— Гэтак нядобра,— сказаў я.
— Ладна, ты малады яшчэ, пажыві, тады паглядзіш, што добра, а што блага,— сказаў Іван Сямёнавіч.— I мы маладымі не такія былі, усяму здзіўляліся, выступалі, але час усіх ставіць на сваё месца. Каб усё, што я назваў, было зроблена, выпушчана, аформлена ў справаздачы. Сёння сесія сельсавета, i каб усе на ёй былі, a паслязаўтра адкрыты партыйны сход саўгаса, i таксама каб усе прысутнічалі. Мы, настаўнікі, павінны быць у самай гушчыні жыцця вёскі.
...Сесія была прызначана на шэсць гадзін вечара, але людзі доўга не збіраліся — у кожнага нешта сваё. Старшыня сельсавета адчытваўся пра работу за год. Гаварыў пра ўраджаі, надоі ў саўгасе, шкадаваў, што яны невялікія, расказваў, што сельсавет выкапаў сёлета калодзеж, пасадзіў тысячу дрэў, выдзеліў многа людзям шыферу i яшчэ больш плануе даць яго ў новым годзе.
Пасля прызнаўся, што многае i не зроблена: моладзь выязджае ў горад, клуб зачынены на замок, няма ясляў, няма фізкультурнай работы, канцэртаў, хоць i трэба «праблемы сацыяльнага развіцця, культуры, аздараўлення побыту зрабіць прадметам асаблівага клопату, як гэта дыктуе наш сённяшні дзень».
«I праўда,— думаў я, слухаючы старшыню,— усё, што ён ні гаворыць, праўда»,— але, калі выслухаў далей, пачуў, што ў каштарысе на «фізкультуру i аздараўленчую i культурную работу» на новы год не было выдзелена i рубля.
...Назаўтра я i Ларыса зноў пайшлі на фермы: я — ў кароўнік, а Ларыса — на свінагадоўчую. Я зноў выпісаў з газет, часопісаў i чытаў — гаварыў тое, што, можа, людзі i ведалі, пытанняў па маім дакладзе не было; a калі людзі разышліся, я застаўся, узяў у загадчыка фермы — маладой дзяўчыны, якая закончыла сельскагаспадарчы тэхнікум,— лічбаў, прозвішчаў даярак i дома сядзеў яшчэ да паўночы, выпускаў баявы лісток. У гэты вечар мы з Ларысай ужо не сустрэліся: пісала баявы лісток i яна.
Камісія, а з ёю i грозны для настаўнікаў інспектар Дубкоў, прыехала ў той дзень, як i папярэджвалі Івана Сямёнавіча.
У гэты дзень хваляваліся i дзеці, i настаўнікі: прыехала ажно сем чалавек, людзі ўсе пажылыя, тварамі сярдзітыя.
Пачалі яны сваю работу з праверак нашых планаў i адразу пазнаходзілі многа дробных недаробак: то сачыненняў i ізлажэнняў мала было запланавана, то на які ўрок нагляднасць, паўтарэнне не былі ўказаны, то яшчэ што-небудзь іншае было прапушчана.
— Паправім,— гаварыў Уладзімір Пятровіч.— Дзякую, паправім.
— Пракантралюем,— дадаваў Міхась Рыгоравіч,— усе заўвагі будуць выпраўлены.
У маім каляндарным плане вялікіх агрэхаў не знайшлі, сказалі толькі ўвесці раздзел «Міжпрадметныя сувязі» i дабівацца, каб на ўроку была сувязь з другімі ўрокамі.
— Ды i мы гэтага дабіваемся,— бегаў перад Дубковым Міхась Рыгоравіч,— але ён яшчэ малады, першы год у школе працуе, вопыту няма.
Інспектар нічога на гэта не сказаў, папрасіў паказаць яму мае рабочыя планы.
— Трэба больш разгорнутыя пісаць,— пагартаўшы ix, сказаў ён,— цяперашні ўрок патрабуе ад настаўніка вялікай падрыхтоўкі.
— Але цяперашні ўрок немагчымы i без імправізацыі, дыялогаў, маналогаў, што ўзнікаюць у ходзе ўрока, ды яшчэ ўплывае на ўсе i асоба настаўніка,— сказаў я, крыху хвалюючыся.