— Хачу схадзіць з вамі на ўрок,— ўсміхнуўся інспектар,— паглядзець, як робяць цяпер маладыя, што яны новае нясуць.
Я сказаў, што будзе мова ў сёмым класе, запрасіў ісці i, прызнацца, не хваляваўся, бо не ведаў, чым іменна грозны гэты інспектар.
Але, калі ўвайшоў у клас, то захваляваўся, на першых хвілінах аж перахапіла дыханне. Гэта i перадалося дзецям, яны таксама хваляваліся, збіваліся пры адказах, але, як я спакайнеў, спакайнелі i яны, спакойна i акуратна рабілі ўсё, што я гаварыў. А я ліхаманкава думаў, як весці ўрок, даваў нават тое, чаго да ўрока даваць не збіраўся, сачыў за кожным сваім словам.
Калі празвінеў званок, я зразумеў, што гэты ўрок забраў у мяне вельмі многа сіл i нерваў, у другі раз я столькі не страціў бы здароўя i за тыдзень.
Інспектар прагартаў журнал, дзе былі запісаны мае ўрокі, перабраў кожны сшытак з кантрольнымі работамі, сачыненнямі i ізлажэннямі, папрасіў мяне пайсці ў клас i прынесці рабочыя сшыткі дзяцей. Другія інспектары гэтак жа «трэслі» астатніх настаўнікаў, а адна жанчына ўвесь час не адпускала ад сябе дырэктара i завуча, прасіла ix вадзіць яе па класах, кабінетах, бібліятэцы, майстэрні, правярала ix планы.
— Вы многа ставіце троек i двоек па мове i літаратуры,— сказаў мне Дубкоў.— Па літаратуры павінны быць толькі «4» ды «5». Вось невялічкае параўнанне. Матэматыка лічыцца цяжэйшай за літаратуру. Але ў пятым класе па матэматыцы двоек менш, чым па мове, нават менш, як па літаратуры. Я чалавек свежы ў школе, не ведаю вас, але мне так i хочацца сказаць: Уладзімір Пятровіч робіць лепш, як вы.
— Але ж, паважаны інспектар,— мусіць, пачырванеў я, бо разгубіўся,— у ацэнках не толькі паказчык выкладання, ведаў, але i патрабавальнасць...
— Яно так,— усміхнуўся Дубкоў,— але i бацькі дзяцей i мы ацэньваем вашу работу па адзнаках.
— Але ж адзнакі стаўлю я,— запярэчыў я, хоць неўпрыкмет Міхась Рыгоравіч i цягаў мяне за рукаво, каб я маўчаў, не спрачаўся, але я яго не слухаў: — Каб я меў права, то i атэстаты каторым выдаваў бы з двойкамі, каб усюды бачылі гультая, а то некаторым мы i ў рот гатовае кладзём, а ён праглынуць не хоча, прасі яго вучыцца, а ён зусім лянуецца, не мае ахвоты да гэтага.
— Можа, вы залішне патрабавальныя ўжо,— усміхнуўся інспектар,— ды часамі пра сябе не думаеце ці яшчэ не...
— Калі толькі пра сябе думаць,— зразумеў я яго,— то можна даваць дзяржаве высокі адукацыйны ўзровень, але малаякасны.
— А вы ўжо думалі, чаму некаторыя не хочуць вучыцца?
— Думаў,— адказаў я i расказаў пра свае размовы пра літаратуру, пра працу дзяцей у саўгасе i дома.
— Гэта добра,— згадзіўся інспектар,— хоць чаму сёння не ўсе дзеці добра вучацца, ніхто толкам не ведае. Разумеецца, даследаваць усе аспекты гэтай праблемы не пад сілу ні асабіста вам, ні педкалектыву школы, нават раёна.
— Значыць, не трэба i старацца? — спытаў я.
— Я такога не сказаў,— усміхнуўся інспектар, запытаў у Івана Сямёнавіча: — Дзе вы, таварыш дырэктар, такога энтузіяста ўзялі?
— Раён прыслаў,— адказаў Іван Сямёнавіч, відаць, гадаючы: інспектар мяне хваліць ці ганіць.
— I ў школе трэба тварыць,— сказаў інспектар,— але па-сяброўску вам падкажу: будзьце крыху ашчадней з двойкамі.
— Трэба быць хітрэй крыху, Павел Мікалаевіч,— сказаў мне Міхась Рыгоравіч, калі інспектары пайшлі зноў на ўрокі.— Я табе даўно ўжо гаварыў: пастаў лепш у журнал тройку, а май на ўвазе двойку. I не заводзь ты такіх размоў з інспектарам, прамаўчы лепш, ты не ведаеш, як ён цяпер размалюе цябе.
— Але ж нельга так, Міхась Рыгоравіч.
— Нельга, але што зробіш? Хочаш жыць — умей круціцца,— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч, я прамаўчаў, мне проста было непрыемна з ім гаварыць.
Камісія працавала ў школе i на другі дзень, хадзіла на ўрокі, гутарыла з дзецьмі, правярала ўсё, што можна праверыць.
— Пра вашы поспехі i недахопы мы напішам, прышлём на райана,— сказаў Дубкоў, калі адыходзіў.— А вас, малады чалавек,— ён звярнуўся да мяне,— мы будзем мець на ўвазе...
— Ну, дадуць табе, Павел Мікалаевіч,— сказаў Міхась Рыгоравіч.— Не трэба было звязвацца з імі, трэба было маўчаць.
— Дадуць! — перакрывіў Іван Сямёнавіч.— На тваё ці мае месца паставяць. Павел Мікалаевіч малады, але хітры, здолеў падысці, гэткім Сухамлінскім паказацца.
— Нічога не хацеў я паказацца,— узлаваўся я.— Усе маўчалі, падтаквалі, мне сорамна стала, хацелася сказаць, што ёсць i тое, аб чым не трэба маўчаць.
— Скарыстаў момант,— не згаджаўся Іван Сямёнавіч.