— Гэта правільна, грошы нам плоцяць,— сказаў я.— Але ж трэба за родным дзіцём i вам паглядзець, калі яно можа пяць двоек за чвэрць мець, невукам быць.
— Хіба ім укажаш, гэтым мужчынам,— жанчына страсянула пену з рук, падышла да дзвярэй у другую палавіну, адчыніла ix i сказала:
— Пеця, хадзі сюды.
— Чаго? — пачуўся мужчынскі бас.
— Хадзі, настаўнік прыйшоў, пахваліць, што сын добра вучыцца.
— Хай ідзе сюды.
Я зайшоў у другую палавіну, убачыў высокую прыгожую шафу, вялікі тэлевізар, кафляную грубку, халадзільнік; за сталом, пакрытым паверсе сурвэты газетамі, сядзелі некалькі мужчын i пілі гарэлку.
— Хадзі сюды,— махнуў рукою малады, чырвоны ў твары мужчына, i я здагадаўся, што ён гаспадар хаты.
— «Хадзі сюды»,— перакрывіла яго жонка.— Яшчэ як іначай не мог прыдумаць?..
— Вінават,— усміхнуўся мужчына,— хадзіце сюды. Пасядзім i пагаворым.
— Не, дзякую,— адмовіўся я, ведаючы, што будуць запрашаць выпіць i цяжка будзе адмовіцца, a выпіўшы будзе нядобра, сорамна заходзіць да другіх.
— Хадзіце,— запрасілі i другія мужчыны,— i пра майго раскажыце.
— Знайшлі калі пытацца,— накінулася гаспадыня.— Пра дзяцей сваіх успомнілі. Калі такія добрыя бацькі, чаму на бацькоўскі сход вас не загнаць?
— Не вучыцца наш? — спытаў мяне гаспадар.
— Во якія могуць быць ацэнкі,— сказаў я i падаў паперку.
— Ну, я яму сёння дам на арэхі.
— Гэта ты ўмееш,— сказала яго жонка.
— Не хочуць вучыцца цяпер дзеці,— загаварылі за сталом.— Ці цяпер настаўнікі не строгія, ці яшчэ што.
— Некалі былі строгія, помню, калі Іван Сямёнавіч...
— Калі самі не можаце памагчы, то хоць паглядзіце, каб ён дома што чытаў ці пісаў,— сказаў я.
— Паглядзім, паглядзім,— сказаў гаспадар; бачачы, што ён хоча пасадзіць мяне за стол, я пайшоў з хаты, папрасіў толькі гаспадыню паказаць, дзе жывуць бацькі Лёніка Логвіна.
— А што — i Лёнік слаба вучыцца?
— Не,— сказаў я,— ён добра вучыцца.
— Скажыце, во ўдасца добрае дзіця — хіба ён з'есць, што наш, ці паспіць у такім чыстым, а да кніжак ахвоту мае. Калі ні прыйдзі, усё чытае,— сказала гаспадыня.
— Ён — выдатнік.
— Удаўся такі,— сказала гаспадыня.
— А можа, i выхаваўся,— сказаў я.— Выдатнікам не народзяцца.
— А бог яго ведае,— сказала гаспадыня.— Я ж таксама хачу, каб мае дзіця вучылася, чалавекам было, а яно не думае пра гэта.
Я развітаўся з гаспадыняй, яна падзякавала мне i правіла да варотцаў.
Да Логвінаў было недалёка, ды я ўбачыў Лёніка, які нёс два вядры вады, i пайшоў за ім. Заўважыў, што пагніў, абурыўся ў Логвінаў частакол, асела, пагніла ў падрубах i хата, была пакрыта гонтаю, ужо даўно пазелянелаю, аброслаю мохам.
Лёнік убачыў мяне, засаромеўся, шмыгнуў за гумно. Я зайшоў у цёмныя сенцы, пастукаў, але мне ніхто не адчыніў: у хаце стаяў шум i піск.
Я абмацаў клямку, адчыніў дзверы — i адразу пацішэла: дзеці, якіх было вельмі многа, стаіліся, утаропіліся на мяне.
— Добры вечар! — выйшла з-за цяглянай, некалі белай, а цяпер ужо абкуранай дымам грубкі невысокая жанчына i адказала на мае прывітанне, папрасілася: — Выбачайце, як усходзіцца гэта пламета, то ўсю хату пераварочвае.
— Багата ix у вас,— усміхнуўся я.
— Ды не спім з гаспадаром,— усміхнулася i жанчына.
— Ну, я з адно забяру, а то ў мяне няма дзяцей,— пажартаваў я.
— Бярыце хоць усіх,— падтрымала жарт жанчына,— Галаву яны мне празванілі, як выйду на двор, дык i не хочацца ў хату заходзіць.
— Каторае мне тут выбраць,— я ступіў, i дзеці сарваліся з месца i ў адно імгненне ўжо сядзелі на печы.
— Я настаўнік,— сказаў я.
— Я ведаю вас, неяк паказвалі мне ў Міланьках.
— Гэта я хаджу i гляджу, што вучні мае робяць дома.
— Наш сядзеў дагэтуль, пісаў нешта, цяпер кароў поіць,— расказвала гаспадыня,— Тэлевізара вельмі хочуць, а, ведаеце, сям'я вялікая, я дома сяджу ды хваравітая, гаспадар адзін робіць, то вельмі i няма з чаго купіць. Ёсць цялё, кажу: гадуйце, выгадуеце, прададзім, тады i тэлевізар купім. I кормяць, i пояць, i кожнага дня мераюць, колькі падрасло. Як ён там вучыцца?
— Добра,— сказаў я,— на вашых дзяцей не крыўдзімся.
— Большы, што да вас ходзіць, паслушны, працавіты, меншыя не такія будуць.
— Дык, кажаце, зрабіў ужо ўрокі?
— Зрабіў, на хакей прасіўся, але не пусціла, кажу: кончыш сёмы клас на пяцёркі, то куплю канькі, а цяпер нечага боты драць, бо грошы самі не сыплюцца.
— Павінен добра кончыць,— сказаў я.
— Нешта з галавою часта жаліцца,— сказала гаспадыня,— ці мо есць мала, ці рост такі, я ўжо не раз кажу: не чытай ты, ляж, паляжы, дык не, кажа: дужа цікава напісана.