Выбрать главу

— Суседзі вашы, бацькі Мішы Мытніка, добра жывуць,— сказаў я.

— Ён брыгадзір, добра палучае,— сказала гаспадыня,— Кажуць, зімою будзе машыну купляць, нам не дараўняцца да яго.

Я развітаўся з ёю i пайшоў. На дварэ ўжо цямнела, сонца не было, над небакраем стаяла вінная чырвань, снег быў нейкі сіні, моцна рыпеў пад нагамі, ужо даўно была зімовая пара, але вялікага снегу, моцных завірух яшчэ не бачылі.

Я прайшоў з паўвёскі, падзівіўся на маладзік, які невядома адкуль узяўся i холадна свяціў на небе, i нават не заўважыў дома, «пакрытага шыферам i з вялікай верандай»: усе дамы на гэтай вуліцы былі высокія, з вялікімі вокнамі, верандамі, з антэнамі.

Прыйшлося зайсці ў бліжэйшую хату i запытацца. Як паказалі, то я шпарка зайшоў, сказаў сабе многа не рассядацца, перагаварыць усё хутка.

— Вы хочаце Сашу бачыць? — перапытаў мяне высокі няголены мужчына.— Вунь тэлевізар глядзяць.

Я глянуў у другую палавіну хаты: на крэслах, пасцелях, на падлозе сядзела больш дзесятка падлеткаў i аж вішчалі ад нейкага дэтэктыва.

— Бяда адна — гэтыя тэлевізары,— сказала гаспадыня.— Сядзяць i сядзяць ля яго, як пачне ісці пра гэтых танкістаў ды сабаку, то гора адно: паўвёскі збягаецца, так падлогу стопчуць, што пасля не дамыцца, зубамі не аддзярэш.

— Хлопцы, вы вучылі ўрокі? — спытаў я.

Дзеці паўгіналі галовы i маўчалі, пазіралі адзін на аднаго i пасміхаліся.

— З вамі ж настаўнік гаворыць,— павысіў голас мужчына, падышоў i выключыў тэлевізар.— Вы зрабілі ўрокі? А ты? — звярнуўся ён да сына.

Сын апусціў галаву, дзеці ўсхапіліся i вышмыгнулі з хаты.

— Думаеце, вучыцца пойдуць? Засядуць у некага другога,— сказала жанчына.— Дзень i ноч глядзелі б. Вось i наш бальшун дзень у хакей гуляе, а вечарам тэлевізар глядзіць, калі ён вучыць, не ведаю. Спытаю калі, дык ён адказвае мне: а нам сёння нічога не задавалі. Я сабе i думаю: што цяпер за настаўнікі, што нічога дзецям дадому не задаюць?

— Не задаюць, Саша? — спытаў я.

— Задаюць,— чырванеючы, прызнаўся мой сямікласнік.

— Во, хораша,— перакрывіў яго бацька.— Роўны ca мною, а абы-што робіш. Пэўна, многа двоек маеш?

Я паказаў паперку з ацэнкамі сына.

— Ай-яй-яй! Колькі двоек! — аж здзівіўся бацька.— Ды за што я цябе кармлю? Ведаеце, я на ферме раблю, днямі дома не бываю. Прыйду — спяць ужо, іду на работу — то ж яшчэ спяць. Вось ён i робіць, што хоча. Я колькі разоў гаварыў: будзеш трактарыстам, бензінам пахнуць. Дык ён мне адказвае: «А я не буду таптацца ў гразі i зямлёю пэцкацца — паеду на завод, буду асфальтаванымі тратуарамі хадзіць»,— «А хто ж вас, гэткіх гарадскіх, карміць будзе,— пытаю,— бульбы, мукі, капусты хто вам дасць?» Маўчыць, зямлі яму не трэба. Во якая цяпер маладзёж!

— А я, помню, скончыла перад вайною чатыры класы, хацела ісці далей, але бацькі не пусцілі, дык колькі я паплакала,— успомніла гаспадыня. — Ды хіба тады было так вучыцца, як цяпер? Ці тое людзі мелі?

— Не хоча, дык i не трэба,— сказаў бацька,— адумаецца некалі, за локаць сябе ўкусіць.

...Шасцікласнік Пеця быў не «мой» вучань, але ён уцякаў з маіх урокаў, зусім не прыходзіў у школу, з-за яго мяне дырэктар папікаў, i я рашыў зайсці i да яго бацькоў. Зайшоўшы, адразу даведаўся, што ў яго няма бацькі — недзе «сабакам сена косіць». Маці пабедавала, што яе зусім не слухае, звязаўся з дрэннай кампаніяй, калі яна пачне крычаць, то збяжыць куды ці замкнецца i не пусціць яе у хату. Пастаіць тады ці пасядзіць у суседзяў, а пасля просіцца, каб упусціў. I ў школу, калі дасць грошай ці паабяцае што, то ходзіць, калі не дасць, чаго хоча, то не ідзе.

Пеці дома не было, а я вельмі хацеў яго ўбачыць, я сеў так, каб мяне не было відаць з двара i стаў чакаць вучня, слухаючы расказы яго маці.

Сядзеў я доўга, аж надакучыла ўжо. Думаў, што i не дачакаюся, як пачуў скрып снегу, а пасля i сам Пеця бразнуў дзвярамі i зайшоў у хату. Убачыў мяне — i анежывеў.

— Што, сынок, сорамна стала? — жаласна спытала маці.— Мне самой сорамна, як настаўнік усё пра цябе расказаў.

— Ты зрабіў назаўтра ўрокі? — спытаў я.

— Не,— апусціў галаву Пеця.

— Малайчына! — сказаў я.— Добра думаеш пра сябе i пра старасць маці. Але правядзі мяне, а то позна, яшчэ заблуджуся я.

— Правядзі, сынок, настаўніка,— папрасіла гаспадыня.

Мы выйшлі ў сенцы; калі Пеця адчыніў дзверы з сянец, я прытрымаў яго, падышоў упрытык i прыціснуў яго да сцяны, другою рукою падціснуў яму бараду. Пеця прыпыніўся, аж перастаў дыхаць ад нечаканасці.

— Калі ты, малец, будзеш уцякаць з маіх урокаў, а то i зусім не хадзіць у школу,— расцягваючы, знарочыста цвёрдым, страшным голасам сказаў я,— то я цябе ў міліцыю завязу. А то i ў дзіцячую калонію. Зразумеў?