Выбрать главу

— Можаш «хапнуць» i не праглынуць,— сказаў я.

— Лепш добрае не праглынуць, чым поснае сёрбаць. Але я даўно бачу, што не робіш нават тое, што можаш. Другія за тое, што маеш i можаш ты, тысячы далі б, а ты марнуеш дарэмна, зусім не думаеш пра сябе i сваё будучае. Хочаш вельмі правільна, так сказаць, жыць. Але, я табе скажу, даб'ешся ты так таго, чаго дабіўся Алесь Трахімавіч.

— Сорак год працуе ў школе, вучні яго міністрамі, інжынерамі, урачамі, шафёрамі робяць...

— А што яму з гэтага?— запытаў Уладзімір Пятровіч.— Жыве ў маленькай хатцы, хоць вучні былыя маглі б даўно палац адляпаць. Не хоча.

— Кожны чалавек выбірае сам, як яму жыць,— сказаў я.

— Але не абавязкова ў жыцці вучыцца толькі на сваіх памылках,— зафіласофстваваў Уладзімір Пятровіч.— Лепш вучыцца на памылках другіх, старэйшых... Я-то не быў бы ў гэтай школе, а то i зусім не падаўся б у асвету, каб мне не інстытут канчаць ды дзяцей сваіх на ногі паднімаць.

— Рыба шукае, дзе глыбей,— сказаў яму ў тон я.

— А мне глыбей тут пакуль што,— усміхнуўся ён i пачаў расказваць пра сваю вучобу, як ён здае залікі i экзамены.

Так мы дайшлі да канторы саўгаса, зайшлі да дырэктара.

— А, педагогі!— даволі радасна сустрэў ён нас, пасадзіў на канапе, жартаўліва запытаў у мяне: — Пішуць яшчэ раманы пісьменнікі?

— Пішуць,— усміхнуўся я.

— Яны, мусіць, добра маюць за сваё пісанне? — ужо сур'ёзней спытаў ён.

— Не ведаю,— сказаў я.— Толькі ведаў такіх паэтаў, што i ў студэнтаў нават грошы пазычалі.

— Есць i сярод ix браціі басякі,— закурыў i сказаў дырэктар.— А мне, хлопцы, сёння ўскрутка была,— i ён расказаў, як змарозілі ў адной брыгадзе бульбу.

Мы слухалі i спачувалі яму.

— Я чуў ад сваіх кабет, што ў вас, у школе, вяселле завязваецца? — усміхаючыся, спытаў мяне Іван Карпавіч.

— Ды збіраецца,— падтакнуў яму Уладзімір Пятровіч.

Я маўчаў, толькі ўсміхаўся, але адчуваў, што трэба ўставіць i сваё слова, вывудзіць у гэтым жарце карысць для сябе.

— Неяк я бачыў яе, нічога, стройная, прыгожая дзяўчына,— сказаў Іван Карпавіч.— Мне спадабалася.

— I яму, відаць, падабаецца,— падтакнуў Уладзімір Пятровіч.— Вы толькі глянулі, а ён i пасядзеў ужо ля яе...

Я незадаволена глянуў на свайго калегу, Іван Карпавіч перахапіў мой гэты позірк, стрымаўся з жартамі, сказаў сур'ёзна:

— Дзела маладое. Хто з нас не быў малады, на зоркі не глядзеў...

— Як жаніцца, калі жыць няма дзе? — здалёку пачаў я.

— З жыллём цяпер праблема,— уздыхнуў Іван Карпавіч.— А на сваю хату век рабіць будзеш. Мы вось пабудавалі для саўгаса шаснаццацікватэрны дом, a заяў маем пятнаццаць. I не адмовіш: просяцца спецыялісты, моладзь, без якіх саўгас не можа быць. Табе, Уладзімір Пятровіч, мо як i выхітруем.

— Трэба,— сказаў Уладзімір Пятровіч,— а то гаспадыня бурчыць, скардзіцца, што празванілі ёй вушы свае дзеці, надакучылі за век, а цяпер чужыя звоняць...

— Будзем старацца,— сказаў Іван Карпавіч,— але ж сам падумай: прыходзіць шафёр ці трактарыст малады, хлопец толькі з войска, гаворыць: «Дасце кватэру — буду жаніцца i ў вас рабіць, не дасце — паеду ў горад, ажанюся i на чаргу стану». Не дасі — з'ездзе, a ў нас цяпер во колькі тэхнікі... А паспрабуй эканамісту, аграному, бухгалтару якому прыезджаму свайго кута не даць...

— А мы спадзяваліся на вас,— сказаў я, i ў душы маёй апала ўсялякая надзея на свой кут.

— Скажу, Мікалаевіч, па сакрэту табе, ёсць пакуль што адна вольная кватэра, трымаем яе для новага агранома. Прыедзе сямейны — яго, халасцяка прышлюць — тады яшчэ можна падумаць ці паглядзець.

— То, можа, напісаць на ўсякі выпадак вам заяву? — спытаў я, i ўва мне зноў ажыла надзея, спадзяванне на шчасце.

— Калі пісаць, то не мне, а рабачкому,— сказаў дырэктар.— Але, як я вам ні спачуваю, нічога не абяцаю. I вы патрэбны чалавек у саўгасе, але вы не мой работнік.

— Дык мы вам рыхтуем работнікаў,— заступіўся за мяне Уладзімір Пятровіч.

— Гэта мы ведаем,— усміхнуўся Іван Карпавіч,— чуем i самі гаворым.

Я, спадзеючыся на шчасце, напісаў ад імя Ларысы i сябе просьбу даць нам, калі можна будзе, кватэру ў новым вялікім доме.

— Трэба было табе не так падыходзіць,— калі мы выйшлі з канторы, сказаў Уладзімір Пятровіч.— Ці размову зусім з іншага пачынаць, ці не ў гэтым месцы. Правароніў ты сёння, словам. Вось i разумны, а людзей не ведаеш.

— А што мне трэба было рабіць? — спытаў я.

— Пасля скажу,— усміхнуўся Уладзімір Пятровіч.

— Калі сабе кватэру атрымаеш? — ледзь не са злосцю спытаў я.