Выбрать главу

— Ну, чаму...— пачаў адгаворвацца мой калега, нават крыху паружавеў, што я ўгадаў яго думкі, якія ён не вельмі хацеў выказваць.

27

Ішлі апошнія дні работы ў школе ў гэтым старым годзе — пісаліся сачыненні, ізлажэнні, стаміліся i дзеці, i настаўнікі. Чакалі Новага года, новага снегу, зімовых ледзь не двухтыднёвых канікулаў. Хто хоць крыху парабіў у школе, ведае, якая гэта асалода, вялікая радасць — канікулы!..

Я правяраў кантрольныя работы, выстаўляў адзнакі за чвэрць i бачыў, што за гэта я сам больш перажываю, як дзеці. Добра помніў, як калаціўся вучнем за гэтыя адзнакі, як глядзелі на ix мае бацькі, параўнаў, як глядзяць на ix цяперашнія дзеці i ix таты i мамы. Думаў я пра гэта, i нешта здавалася мне, што i мы, настаўнікі, i бацькі недзе штосьці перагнулі, недаглядзелі.

Я сам яшчэ ўспомніў, як мне ў школе гаварылі настаўнікі, а дома такое ж выказвалі бацькі, суседзі, ды i цяпер гавораць на сваіх уроках дзецям Міхась Рыгоравіч ды Уладзімір Пятровіч: вучыся, калі не думаеш пасвіць кароў, не прыбіраць на фермах гной, не глытаць за трактарам пыл. Вучыся, калі хочаш хадзіць пад гальштукам ці пад капелюшом, вучыся, калі хочаш выбрацца ў горад...

I дзеці, як i цяпер каторыя, вучацца ўжо ў школе думаць пра «гальштукі», цураюцца вілаў. Але веска змянілася, людзі не так сталі баяцца фермы, калі там усё механізавана, добра плоцяць, калі свінарка, пастух не толькі атрымліваюць больш за «спецыяліста з дыпломам», але i шануюцца людзьмі.

Сёння мае ўсе сямікласнікі ведаюць, што яны пойдуць на заводы i заробяць не менш за мяне, настаўніка, што яны i культуры, аб якой я гавару ім, хочуць большай, чым можна знайсці тут. Хоць культуру яны няправільна разумеюць.

«Але ці не замнога я хачу? — часамі думаў я.— Так можна i заблытацца. Але так, як робім мы, рабіць мала, трэба нешта шукаць i новае... Ці не шукаць, не думаць пра гэта, як робяць некаторыя?»

— Але хапае работы ў школе,— гаварыў я сабе ўслых.— Ёсць аб чым думаць, што шукаць — i можна тое-сёе знайсці.

...Апошнім днём старога года я нажыў непрыемнасць для сябе. Мае сямікласнікі паскардзіліся мне, што дзве ix чарніліцы, якія яны купілі за свае грошы, узялі дзеці з пятага класа, класнай якіх была Вольга Піліпаўна. Самі яны не пайшлі забіраць, пабаяліся.

Я пайшоў да пяцікласнікаў i, ведаючы, што дзеці любяць гаварыць праўду, запытаў:

— Скажыце, хто ў вашым класе такі нехарошы, што чарніліцы нашы забраў?

— Пеця i Вася,— у адзін голас закрычалі дзяўчынкі.

— Чаму вы ix узялі? — спытаў я хлопчыкаў.

Тыя паапускалі галовы. Я прысарамаціў ix i аддаў сваім дзецям ix чарніліцы, а сам пайшоў у настаўніцкую.

Следам за мною ўскочыла Вольга Піліпаўна, падбегла да мяне, аж сіпела i не магла нічога вымавіць.

Я здзівіўся i глядзеў на яе.

— Вы... вы...— выцісквала Вольга Піліпаўна, усе настаўнікі таксама са здзіўленнем глядзелі на нас.

— Што такое? — спытаў я.

— Вы яшчэ жартаваць думаеце са мной? — нарэшце знайшліся ў яе словы.— Хто я вам: вучаніца ці стары педагог?

— Вольга Піліпаўна, я не разумею...

— Вы тады — хам!. — ужо крычала Вольга Піліпаўна.— I жарты вашы такія. Стаю ў класе, грэюся ля грубкі, заходзіць, забірае чарніліцы i аддае гэтым хуліганам з сёмага. Я перад дзецьмі спыняю: «Павел Мікалаевіч! Павел Мікалаевіч!» — а вы хоць бы глянулі.

— Чэснае слова, я вас не бачыў i не чуў,— збянтэжыўся я,— Ды i чарніліцы былі маіх дзяцей. Навошта нервавацца з-за такой дробязі?

— Гэта для вас дробязі, а для мяне гэта не дробязі,— ужо спакойней, але яшчэ гучна гаварыла Вольга Піліпаўна.— Вы аўтарытэт мой падарвалі.

— Не падрываў я вашага аўтарытэту,— апраўдваўся я.

— Вы святы, нічога дрэннага не робіце,— перакрывіла мяне Вольга Піліпаўна,— Добранькі, разумненькім прыкідваецеся, a самі цішком i пад Івана Сямёнавіча падкопваецеся, старым ды адсталым яго паказваеце.

— Каб ён быў стары ці адсталы, то яго райана зняў бы з пасады,— сказаў я.

— Чаго вам i хочацца...

— Не выдумляйце,— узлаваўся i я.

— Малады яшчэ, папрацуйце, работу ўведайце,— сказала Вольга Піліпаўна i спакайнела, гаварыла цішэй:— А паказвацца разумнымі ды добранькімі ўсе ўмеюць.

Уладзімір Пятровіч i Міхась Рыгоравіч маўчалі, хоць бы сказалі слова.

Вольга Піліпаўна замоўкла, пагардліва прайшла ля нас i выйшла на калідор.

— Ну i аса!— хіхікнуў Міхась Рыгоравіч.— Яна ўжо даўно збіралася...

— I вас, настаўнік i завуч Міхась Рыгоравіч, папрашу: перастаньце,— сказаў Алесь Трахімавіч,— абараніць ix вы маглі i раней.

Міхась Рыгоравіч асекся, збянтэжыўся, замармытаў: