Выбрать главу

Юля не ўставала з-за стала, сядзела аблакаціўшыся, абхапіўшы галаву рукамі. Заплюшчыла вочы, слухала, як звонка цікаў гадзіннік, ціха сядзелі на печы сын i маці, чула, як балюча стукае ў скроні, туманеюць, макрэюць шчокі...

4

Юля ўсхапілася на світанні, калі загудзелі правады i моцна зайграла радыё.

Яна выключыла прыёмнік, каб паспалі яшчэ маці i сын, выскачыла з цёплай пасцелі — i цяпер яе агарнуў холад; у галаве праяснілася: зноў лажыцца не варта, трэба пачынаць гаспадарскую работу.

— Я i сама ўжо ўстала б, паляжы яшчэ,— загудзела з печы маці.

— Ляжыце, мама.

— Я ўжо адляжала бакі на печы за свой век,— маці прыўзнялася, знайшла свае цёплыя валёнкі, абулася i спаўзла з чарэні.— Як ні палі, усё роўна холадна ў хаце,— сказала яна, пацяпнула плячыма.— Відаць, ператрухлела ўся. Даўно пара новую ставіць. Я дажыву i ў гэтай, а пра сябе ты ўжо сама думай.

Юля выпіла халоднага ўчарашняга кампоту, апранулася i выйшла на двор. Гулка стукнулі дзверы, на ганку Юлю працяло калючым холадам, яна нахвіліну прыплюшчыла вочы, стаілася, стараючыся адолець дрыготку. Ныла пасля ўчарашняга спіна, круціла паясніцу, балелі рукі.

Юля зайшла ў гумно, наскубла шорсткага халоднага сена, чуючы, як яно церпка пахне, занесла i ўкінула яго карове. Падабрала растрэсенае кароваю, падчапіла віламі i ўскінула на вышкі — перамяшаецца з саломай, перарэжацца на сечку, абальецца цёплаю вадою, сыпнецца дзеля паху мукі — з'есць пасля карова, нідзе не дзенецца.

Потым Юля зайшла на дрывотню, набрала халодных, заінелых дроў. Звычайна яна ці маці прыносілі дровы ў хату вечарам, лажылі падсушваць на гарачы под. Учора забавіліся, забыліся пра ix.

Юля прынесла бярэмак дроў i скінула ля вілачніка, i яе работу перахапіла маці, нібы далей сама, як старэйшая, магла зрабіць лепш: узяла палена, палажыла яго ў печ, паблізу прыладзіла другое, накідала на ix астатнія.

Сукасты, гарбаценькі камлючок скаціўся на под, i маці паправіла яго, нават не чуючы, што даткнулася лбом да засажанага чалесніка, вычарніла лоб. Юля ўсміхнулася, але прамаўчала, ведала, што не трэба спыняць маці, адрываць ад такой няхітрай штодзённай, але радаснай работы: успыхнуць дровы, заліжа агонь паднябенне, ажыве хата... Юля наліла ў саганы вады, пачакала, пакуль маці налажыла дроў i запаліла. Тады Юля падняла, паставіла саганы на прыпек i пайшла па ваду.

Калі яна, пагаварыўшы крыху з суседкай, прынесла поўныя вёдры, маці ўжо наабірала i цёрла на дранікі бульбу.

Юля дастала з печы саганок, зачарпнула конаўкай цёплай вады, паліла на ручнік, узяла вядро i падалася ў хлеў. Абцёрла мокрым канцом ручніка вымя каровы, пасля абмахнула сухім, падставіла вядро i пачала даіць, слухаючы, як звонка б'е ў вядро малако.

Юля толькі нядаўна навучылася даіць карову, прызвычаілася да ўсялякай гаспадарскай вясковай работы — дзяўчынаю не хацелася, ды i маці аберагала, гаварыла: вучыся. Пабыла ў леспрамгасе, i толькі калі вярнулася дамоў, навучылася i ў лес ездзіць, i араць — вядома, як жыць у вёсцы без мужчыны. Аднагодкі яе не ўмелі рабіць такой работы, а яна ўмела: навучылася. Не раз трэ было i старацца, каб людзі менш бачылі, што цяжка.

Карова сёння дала многа малака, з паўвядра,— відаць, таму, што ўчора пахадзіла па двары, пагрэлася на сонцы i пачула вясну — ахватней вечарам апаражніла цэбар сечкі, выпіла тры вядры вады.

Юля прынесла малако ў хату, працадзіла.

— Макарону зварым ці рысу? — спытала маці.

— Зварыце што-небудзь,— адказала Юля.

— Не прыйшла во ўчора, не праведала, хоць i таварышкавалі некалі.

— Можа, стамілася за дарогу,— сказала Юля, ведаючы, што маці гаворыць пра Аньку.

— Не так, мусіць, стамілася, як гонару набралася,— запярэчыла старая.— Хваляцца Саладухі, што надта добра жыве, муж працавіты, добры, не курыць, не п'е, грошы вялікія прыносіць.

— Пашанцавала,— сказала Юля.— Шчасце ўсім пароўну не даецца: аднаму прываліць, другога абыдзе...

— Бацькам, канечне, добра, калі дзеці ладна жывуць,— прамовіла маці.— Сямёніха хвалілася ўчора ўсім, што надта дарагія хусткі ды валёнкі ёй дачка прывезла.

— Умты хіба? — спытала Юля.

— А чорт ix там бачыў, хунт яны там ці болей.

— Унты, мама, боты такія...

— А чорт яго ведае, як там па-вашаму, па-цяперашняму, хіба я, век са сваёй вёскі не выязджаючы, разбяруся. Як назавуць што, дык аж галава трашчыць,— сказала Наталля, адцягваючы далей ад агню саганок.— Але зайздросна слухаць, што ў некага ўсё ладна выходзіць.

— Хіба, мама, я не хачу шчасця? — спытала Юля.