Выбрать главу

Вечарам, калі Юля накарміла вінсней, укінула карове астатняе сена i збіралася пайсці да суседкі на тэлевізар (было «харошае, пра любоў» кіно), нечакана прыйшла Анька.

— Гаварылі, ты да нас прыходзіла? — спытала Анька i ўважліва паглядзела Юлі ў вочы.

— Хадзіла,— разгубілася Юля,— хацела ў бацькі твайго машыны на гадзіну якую папрасіць, але ўбачыла чужы «козлік», пабаялася зайсці,— прыманіла Юля i адвяла ўбок свой позірк.

«Як сама вінавата ўсё роўна. Каб ты згарэў, такі характар!»

— Гэта з раёна... Мой даўні знаёмы, так сказаць,— сказала Анька.— Пагаварылі крыху. А ты што робіш?

— У кіно збіралася. Днём паўспамінала, як мы з табой у школу хадзілі, танцы рабілі.

— Ды i я не раз прыпомню, што някепска некалі было, весела мы жылі,— сказала Анька.— А я ўжо ад'язджаю заўтра.

— Гэта ўжо ўсе твае госці?

— Ай, растрывожылася сёння... Многа згубіла я, што не вучылася, паспяшыла замуж пайсці за Мішу,— сказала Анька.

— Цяпер можна ўсяго дабіцца, калі захочаш,— прамовіла Юля.— З нашай вёскі ўжо многа ў людзі павыходзіла: інжынерамі, урачамі, настаўнікамі робяць. Нават адзін паэт ёсць, кнігі выпускае. Я тож, каб больш глядзела на свае здольнасці, не паспяшалася з замужжам, магла б настаўніцай ці яшчэ кім быць.

— У мяне, Юлька, такое... Як табе сказаць... Ты, Юлька, даўняя мая сяброўка, нікому не скажаш, я табе даверуся, хоць у першы вечар я i табе не хацела казаць,— Анька нахілілася да Юлі.— Ты ж ведаеш майго Мішу... Глядзіць ён мяне, адзяе, але дзе дзенешся, калі ён старэйшы за мяне на дваццаць год, вечныя яго камандзіроўкі, работа ад цямна да цямна, нарады, канферэнцыі... Ды такі нейкі ўпарты, адданы, што толькі i бачыць, жыве сваёй работай. А мне яшчэ i трыццаці няма, i я жыць хачу...

«Ну i Анька! — пранеслася ў галаве ў Юлькі.— Не так ужо ў цябе ўсё ёсць, як ты ў першы дзень хвалілася».

— Толькі ж ты, Юлечка, нікому не гавары, а то разнясецца па вёсцы,— убачыўшы разгубленасць Юлькі, сказала Анька,— I ён бачыць стаў, што не люблю я яго.

— Двое ж дзяцей у вас,— паразважаўшы, нясмела сказала Юля.

— Вось дзеці i трымаюць,— прызналася Анька.— Я ўжо на многае рашылася б, але дзеці... Любяць яны яго, i ён без ix не можа. Але з кожным днём мне цяжэй быць з ім, нават глядзець не магу. Прыехаў сёння Коля, убачыліся, пасядзелі — i так растрывожылася я, што можна іначай жыць i лепш. I так сёння палаяла сябе, што не выйшла некалі за Колю, пабаялася, што век электрыкам будзе, прасядзіць жыццё на слупах... А яно вось як выйшла, во якім бокам абярнулася!

— Я думала, што я толькі адна нешчаслівая...— сказала Юлька.

— Мае ў тым i няшчасце, мусіць, што я доўга думала, што я шчаслівая,— сказала Анька,— пакуль жыццё само мне не паказала іншае... А цяпер i не ведаю, як гэты вузел развязаць.

— Не ведаю i я, Анька, што табе сказаць,— прамовіла Юля,— толькі я i раней баялася так, як ты, жыць. Каб яшчэ не мама, дзіця малое, то, можа, па-іншаму было б, а так я пра ix больш думаю, чым пра сябе, тапчуся дзень ля хаты i сапраўды нічога не бачу.

— Думала, супакоюся дома,— сказала Анька.— Супакоілася...

— Складанае жыццё чалавечае,— прамовіла Юля.

— Не складанае яно,— не згадзілася Анька,— гэта мы самі часам блытаем усё, а пасля на жыццё скардзімся.

— Можа быць,— уздыхнула Юля.

— Не можа, a сапраўды ўсё так. Толькі вось нешта прымушае нас рабіць такія крокі.

— Можа, таму гэта бывае, што думаем мы мала.

— Можа,— згадзілася Анька.

Паслухала Аню Юля i ўспомніла свайго мужа: любілі, пажаніліся, добра жылі, пасля выдумаў нехта, што яна здрадзіла яму, загуляла з Толікам, пагарачыўся, не захацеў разабрацца...

I яна ўзгарачылася, не стала апраўдвацца, пакрыўдзілася, што не паверыў, i прыехала да маці.

«I невядома, каго трэба тут вінаваціць. Толькі не жыццё,— падумала Юля.— Усяго ў жыцці мы дабіваемся самі: i добрага i нядобрага...»

9

...Зіма выдалася на дзіва халодная, мяцелістая і снежная; нават у сакавіку, калі праходзіць пара вялікіх заварух, модных, траскучых марозаў, паваліў буйны сыпкі снег, засыпаў, закідаў дарогі. Прапалі набоістыя каляіны, якія выездзілі, дасюль, i снег тут, у лесе, асабліва стаў глыбокі, мяккі. Рабочыя правальваліся па пояс, цягалі па снезе пілы, вымакалі за дзень i не маглі за ноч высушыцца. Часцей сталі бачыць худых ласёў: выгаладваліся, стамляліся поўзаць па такім снезе i часта здаваліся, ляжалі на жыватах, цяжка саплі, пускаючы клубы пары. Стомленых ласёў падпільноўвалі рысі i скакалі проста на шыю. Вось i ўчора знайшлі хлопцы аб'едзенага старога лася...