Выбрать главу

— Ты што? — абурылася Тонька.— Чаго такі сёння не ў гуморы?

— Я рашыў больш не піць.

— З гэтага вечара,— хіхікнуў Жэнька.

— З гэтага вечара.

— Дык i давай вып'ем за тое, каб ты захаваў сваё нутро, чалавекам стаў,— падала Генадзю шклянку Тонька.

— За гэта я ўжо адпіў,— ён адвёў руку дзяўчыны.

— Во напалохаўся,— засмяялася Тонька.— Колькі ты ні асцерагайся, а пражывеш усё роўна столькі, колькі табе адведзена.

— Трэба нам, хлопцы, крыху разумней жыць,— спакойна сказаў Генадзь.— Робім мы добра, хваляць нас, але пасля работы вольны час свой абы-як праводзім. Я вось думаю, што многа я страціў у жыцці... Страціў добрага, самага чалавечага...

— I многа ты аб гэтым ужо думаў? — спытала Тонька.

— Ды нямала,— сказаў Генадзь.

— I што ты страціў?

— Многае,— прамовіў Генадзь, памаўчаў, нават не глянуў на яе, сам наліў усім i сабе поўныя шклянкі, асцярожна падняў сваю.

— Давайце, хлопцы, вып'ем астатні раз, каб мы болей не ганяліся за гэтым зеллем, нешта другое i лепшае бачылі. Давайце вып'ем, каб шчаслівыя былі, каб людзі ад нас ніколі не плакалі.

Усе выпілі.

— А цяпер, хлопцы, ідзіце. Я хачу пабыць адзін.

Сябры сёння не разумелі Генадзя, якога паважалі; маўчалі, лыпалі вачыма, гадалі, што ён задумаў.

Генадзь праскакаў на адной назе, адчыніў дзверы, i хлопцы высыпалі з хаты; толькі там, на зімовым двары, чуваць было, што яны перагаворваліся, стараліся дайсці да толку.

— Артыст ты, Генка!— усміхнулася Тонька,— Так разыграць сяброў.

Яна засталася, села на Генадзеў ложак, скінула з ног валёнкі.

— Апранайся, Тонька, i ідзі дадому,— сказаў Генадзь.— Не трэба гэта.

— Ты зусім нядобры, Генка,— пакрыўдзілася Тонька, — Я не люблю цябе.

— Тады ты не ведаеш, як можна любіць,— сказаў Генадзь,— а так ты i Аліка любіш, i таго карэспандэнта любіла, што ў лютым прыязджаў да нас...

— Дык хто я, па-твойму? Ну, скажы? — Тонька, расхваляваная, раззлаваная, устала i падышла да яго,— Культурны, не гаворыш. Тады скажы, назаві мне тую, што ўмее любіць.

— Юлька.

— I я цябе люблю, i даўно,— прыхінулася да яго.— Я добра бачу, бабскім сваім сэрцам чую, што ты яе не забыў, хаваеш у памяці, i я чакала таго дня, калі табе гэта ўсё надакучыць i ты захочаш па-іншаму жыць.— Тонька абхапіла яго рукамі.— Я хацела цябе ўсяляк утрымаць — i гарэлкаю, i ўсім... А з другімі нічога не было... Бачыла, што ты мяне не любіш, думаеш пра другую...

— Прабач, Тонька, ты харошая дзяўчына i будзеш шчаслівая.— Генадзь падняў дзяўчыну, глянуў ёй у вочы.— Жонка яна мне, хоць i хачу забыць яе, але не магу. Ды сын у мяне ёсць...

— Не забываецца яна, твая Юля?

— Не.

— А я?

— Ты, Тонька, добрая дзяўчына. Каб я быў халасцяком, то ніколі ад цябе не адмовіўся б. А так...

Тонька глянула на яго, жаласліва сціснула вусны i заплакала: бачыла — любіць ён сваю жонку, не забудзе...

11

— Мама, хадзі сюды,— убег у хату i паклікаў Пецька,— хадзі нешта пакажу.

Юля мыла посуд, паслухала сына i ўсміхнулася: заўсёды нешта заўважыць і выдумае ён, да чаго яна ніколі не дадумалася б. Неба было чыстае, днямі шэрыя, як попел, хмары, што нізка віселі над зямлёю, крануліся i папаўзлі на захад. Каторы ўжо дзень дыхала сакавіцкім цяплом.

— Глянь, мама,— паказаў сын на страху.

Яна паглядзела i ўбачыла зеленаватую гонту, што цяпер была мокрая, цёмная; толькі з краёў, дзе шастаў вецер, выдзімалася, высыхала.

— Ну, што? — здзівілася Юля.

— Ды ты на ваду глядзі,— падказаў сын.

Толькі цяпер Юля ўбачыла, што здзівіла сына: на сярэдзіне страхі, дзе быў раўчучок ад стрэшкі акенца, вада цякла ручайком, звонка лілася на зямлю, а на астатніх месцах страхі збіраліся кроплі, буйнелі, абвісалі i падалі ўніз.

— Бачыла? — спытаў сын.

— Бачыла,— усміхнулася Юля.

— Што вы там угледзелі? — пацікавілася маці, якая не выцерпела i таксама выйшла з хаты.

Юля паказала ёй на кроплі.

— Падзяцінелі: i сталая, i малое,— сказала маці i вярнулася ў хату, дадала адтуль: — Ідзі мый посуд, а то вада астыне.

— Ну, ты паглядзі,— сказала Юля,— а я пайду, бо, чуеш, баба злуецца.

— Мама, я намалюю гэта.

— Намалюй, сынок, хто ж табе не дае,— усміхнулася Юля.— Калі ўбачыў, то намалюй.

Юля зайшла ў хату, узялася дамываць посуд, на душы ў яе было легка. Каб не маці, то i заспявала б.