Выбрать главу

— Вёска заўсёды бачыць усё новае, аглядае, абслухоўвае свежага чалавека,— сказаў Іван Сямёнавіч, дырэктар, пажылы, з маршчынкамі на твары i шыі, але бадзёры яшчэ мужчына. Ён велічна сеў, па-начальніцку глянуў на нас.— Я хачу сказаць другое. Мы, тутэйшыя настаўнікі, людзі немаладыя, сямейныя, абраслі тут сваімі хатамі, хлявамі i садамі. Рамантыка ў нас даўно прайшла, за навуковымі адкрыццямі, славай мы не гонімся, колькі ёсць здароўя, ведаў, вучым дзяцей — словам, выконваем свой грамадзянскі абавязак...

«Умее гаварыць,— падумаў я,— відаць, часта выступае на сходах».

— Вы ж, маладыя, для мяне пакуль што — самалёты без апазнавальных знакаў...

«Які разумны!..»

— Вы маладыя, адукаваныя,— працягваў дырэктар,— толькі што жылі i вучыліся ў горадзе, прывыклі да яго... Хачу вас загадзя папярэдзіць: дзеці ў нас цяжкаватыя, бацькі не вельмі нам памагаюць, але дысцыпліна з боку дырэкцыі да настаўнікаў строгая, працаваць трэба многа i сумленна. Згодны так рабіць — калі ласка, просім да нас. Не падабаюцца нашы парадкі — загадзя шукайце лепшай школы, лепшага дырэктара...

«Відаць, што строгі»,— падумаў я.

— Вечна ты ca сваімі перасцярогамі! — накінулася на мужа Вольга Піліпаўна,— палохае толькі маладых.

— Нічога не запалохалі,— умяшалася Ларыса, а далей дадала па-вучонаму: — Надзённыя праблемы ставяць надзённыя пытанні.

— Вельмі правільна,— сказаў Іван Сямёнавіч,— i маладыя настаўнікі для нашай школы — вялікая праблема, яны мяняюцца ў нас штогод.

— Будзем працаваць,— сказаў я.

— Во гэта слова,— Іван Сямёнавіч устаў, паціснуў мне руку.— Калі так надумаліся, парашылі, тады пойдзем «прыжываць» вас, шукаць вам кватэр. На часе я знайду, а пасля самі будзеце мяняць ці свае хаты ставіць.

Ларысе кватэру знайшлі хутка: яе ахвотней бралі хітрыя гаспадыні,— ведалі, што яна будзе прыбіраць за сабою, мыць падлогу, бялізну, памагаць выбіраць бульбу, а то i згатуе сабе есці, падоіць калі карову. Яе ўзяла адзінокая старая кабета, толькі папярэдзіла, каб Ларыса не вадзіла хлопцаў: зімою выскрыгатаюць цяпло ды будуць гудзець да паўночы, не дадуць ёй спаць; а так ёй з «маладой разумнай настаўніцай» весялей будзе, ды на старасць ёй i лішніх трыццаць рублёў не пашкодзіць. Так i сказала ў вочы.

Мяне ж ніхто не хацеў браць на кватэру. Гаварылі, што я малады, гарадскі, чысціню люблю, a ў ix дзеці малыя, будуць шумець, ні чытаць, ні пісаць не дадуць. Ды i на стол таго мне не паставіш, што самі ядуць. «Не, не»,— адмаўляліся жанчыны i пасылалі да суседзяў.

Так мы прайшлі з паўвёскі.

— Зойдзем сюды,— сказаў дырэктар,— тут нас павінны паслухаць, толькі трэба ўмець падысці да гаспадыні.

Мы зайшлі ў старэнькі, але чысценькі домік, прывіталіся.

— Як жывяце, Іванаўна? — спытаўся дырэктар у гаспадыні.

— Добра,— адказала тая, зірнула на мяне.

— Ленка ваша дома ці ў горад паедзе?

— Які ёй горад, калі мы нядужыя зусім, нам трэба памагаць.

— I праўда. А мы вам зяця во падшукалі, малады, прыгожы, настаўнікам будзе ў нас працаваць.

Жанчына ўсміхнулася:

— Ленка мая маладзенькая яшчэ, куды ёй замуж спяшацца, пабачыць яшчэ гэтага шчасця, ды настаўнік вучоны, ён сабе вучоных i шукаць будзе.

— Вось i вывучыць вашу Ленку,— сказаў дырэктар i пачаў расказваць, як вялікія людзі жаніліся на простых дзяўчатах i добра жылі.

— Жаніхоў няхай яна сама знаходзіць, а чалавек, калі ніхто яго не бярэ, няхай жыве, яды ў нас хапае, абы зубы здаровыя былі,— сказала гаспадыня.

— Дзякуем,— сказаў дырэктар.

— Я спагадлівая,— сказала гаспадыня.— Як падумала, што чалавек чужы, ніхто яго не абагрэе, не прытуліць, дык i пашкадавала...

5

Першага верасня мы ішлі ў школу з Ларысай разам. Быў я ў новым зеленаватым з рудаватым адлівам касцюме, купленым яшчэ за бацькавы грошы, у белай кашулі, пры гальштуку, у новых, яшчэ цесных туфлях. Такая ж светлая, юная, здаецца, нават i прыгожая была ў новым светлым касцюме i Ларыса.

Учора вечарам я чытаў «На ростанях», хацеў успомніць, як пачынаў працу Лабановіч. Успомніў, супакоіўся, што i ў мяне ўсё добра будзе.

Стаяла светлая вераснёўская раніца, яшчэ было цёпла, суха, далекавата да нізкага цяжкога неба, халодных вятроў, дажджу з дня ў дзень. Шчодра свяціла сонца, ішло цяпло ад зямлі, i ад гэтага было спакойна, добра на душы.

Жанчыны даставалі з калодзежаў, насілі ваду, выпускалі з двароў каровы, злаваліся, крычалі на сваіх дзяцей; так жа звыкла, як i кожнага дня, ішоў з комінаў дым, смачна пахла смажанай цыбуляй, прыгарэлай у саганках бульбай...

Я ішоў у школу, са мной віталіся, i я ківаў галавою, усміхаўся; я нарадзіўся ў вёсцы, доўга жыў i крыху ведаў яе хітрасці, добра знаў, што цяпер у вёсцы гаварылі пра новых людзей — пра Ларысу i мяне: тут усё на воку, усе адзін аднаго знаюць. I я адчуваў: калі не паздароўкаюся, хоць i з незнаемым, то набяруся ліха — мяне аб'явяць ганарліўцам ці недавучаным, i я стану для ix чужы. У вёсцы здароўкацца — далёкі разлік, гэта нехта мудра прыдумаў. Я ішоў, ківаў галавою налева i направа.