Выбрать главу

Я стаў гаварыць, што трэба кожнага дня чытаць, якая ад гэтага вялікая карысць; пасля я спытаўся, якіх яны пісьменнікаў ведаюць. Дружна назвалі Купалу i Коласа, той-сёй успомніў яшчэ пажылых пісьменнікаў, што пішуць цяпер, але маладых празаікаў i паэтаў ніхто не назваў. Калі я спытаўся, што такое стыль у літаратуры, то амаль усе паціскалі плячыма. Я адчуў, што прыйдзецца мне з імі працаваць ды працаваць. Відаць, нічога добрага не дало тое, што летась літаратуру ў ix вёў настаўнік фізкультуры — «дагружалі» да стаўкі.

Тады я папрасіў усіх дастаць лісткі i запісаць колькі сказаў. Паглядзеўшы ix, убачыў, што некаторыя напісалі вельмі непісьменна.

«Ёсць што рабіць табе тут, Павел Мікалаевіч»,— думаў я. Пачуў званок i адпусціў вучняў; калі ішоў з класа, успамінаў, чаго не сказаў, падумаў, што тое, нясказанае, было самае важнае, што я заўсёды такі: раблю нешта i не дараблю, як закончу, тады ўжо ўспамінаю, што забыўся, шкадую, але позна.

6

У школе пакуль што не знаходзілася каму весці матэматыку. Завучу, Міхасю Рыгоравічу, дазвалялі весці ўсяго дванаццаць гадзін, астатнія гадзіны матэматыкі i фізікі не вяліся, прападалі: леташні настаўнік яшчэ не прыязджаў у школу, гаварылі, бегаў па Мінску i шукаў там работу. Ды ён i не быў настаўнікам: вучыўся яшчэ толькі на другім ці трэцім курсе інстытута, працаваў паблізу лесніком, паступіў у інстытут — дык i запрасілі ў школу.

Не было настаўніка фізкультуры i працы — той, што рабіў летась, перавёўся ў другую школу, i дзеці сумавалі, хадзілі вялыя, вельмі хацелі бегаць, гуляць у футбол i валейбол. Толькі на днях прыслалі піянерважатай сёлетнюю дзесяцікласніцу, паступала ў інстытут — не паступіла, папрасілася ў школу — зарабіць педагагічны стаж.

Затое хапала моваведаў; старому настаўніку, Алесю Трахімавічу, далі трыццадь шэсць гадзін, дзве стаўкі. Налета яму ісці на пенсію, дык зрабілі, каб яна, гэтая пенсія, была самая вялікая. Мяне «дагрузілі», нямецкай мовай, Ларысу — спевамі i маляваннем. Мы не хацелі браць, але дырэктар сказаў:

— Дзівакі, у школе няма пабочных прадметаў, усе важныя i за ўсе аднолькава плоцяць...

Ларысе пасля яшчэ даручылі i бібліятэку — выдавать дзецям кніжкі, мне — выпускаць газету.

Зайшлі мы ў бібліятэку — i жахнуліся: тут ляжалі старыя карты, паламаныя крэслы, кнігі былі запыленыя. Аказваецца, летась не было бібліятэкара, усе настаўнікі адмаўляліся прымаць i выдаваць кнігі, дык бібліятэка была цэлы год на замку.

— Мне тут адной ніколі не справіцца,— пабедавала Ларыса,— выручай, Пашка, усё роўна табе няма чаго рабіць дома.

— А што мне за гэта будзе?— усміхнуўся я.— У інстытуце дала б канспект перапісаць, а тут мне канспекта не трэба.

— Дзякуй скажу.

— Гэтага мала.

— Тады кавай пачастую.

— I гэтага мала,— усміхнуўся я.

— А ты чаго хочаш? — спыталася Ларыса.

— Не ведаю.

— Ну дык i не мянці языком, i я табе памагу калі выпусціць газету.

— Ладна, падружым,— сказаў я.— Але паслухай, усё гэта на некім жа лічыцца, узяла ключ ты — пераходзіць усё на цябе. А ты ж па кнізе не прымала.

— I праўда,— сказала Ларыса,— так можна i ў турму сесці ці цэлы год дарэмна рабіць.

Пагаварылі мы так, параіліся — i Ларыса аддала ключ дырэктару.

Той заспакоіў, каб праверыла, прымала, што ёсць, астатняе, чаго няма, але што лічыцца, спіша. Ларыса зноў узяла ключ, мы папрасілі памагчы васьмікласнікаў i пачалі заставацца пасля ўрокаў— выносіць паламаныя крэслы, старыя партрэты, карты, табліцы, ачышчаць ад пылу i павуціння кнігі, падклейваць ix, падпісваць.

Перамацваючы кожную кнігу рукамі, я ўбачыў, што тут ёсць многа добрага, чаго я яшчэ не чытаў. На сваю радасць, знайшоў колькі тамоў Буніна i Дастаеўскага, творы якіх я вельмі тады любіў. Мы раскладалі кнігі не толькі па алфавіце, але i па аддзелах.

— Баяўся, што сумна будзе,— пасміхалася Ларыса.— Трэба знайсці работу, тады ніколі не будзе сумна.

— Работа заўсёды будзе,— сказаў я,— толькі падстаўляй шыю. Гэту работу маглі зрабіць i да нас.

— Нічога, зробім i мы, а праз колькі дзён станем i кніжкі даваць, літаратурны вечар зробім.

— Ого!

— А што ж ты думаў, трэба працаваць,— сказала Ларыса,— сам чуў, як дырэктар гаварыў, што задача наша не толькі ўрокі даваць.

— Ты толькі слухай яго.

— А ведаеш, ён талковы мужчына, работу сваю знае, i толькі яму ў нашай школе быць дырэктарам.