Выбрать главу

Адстаронена-ветлівы - ні намёку на эмоцыю - ліст, бездакорна ўважны, сухаваты і крыху быццам нясмелы, як першы роспіс Дзеда Мароза на не аб’інелай дарэшты на пачатку зімы шыбіне. Яго прозвішча Парфянок, зваць Станіслаў Мікалаевіч. Ён добра ведаў іх маці, шмат год з ёю ліставаўся і цяпер, калі яе ўжо няма, хацеў бы наладзіць хаця б якую-ніякую сувязь з яе дочкамі. Калі яны, вядома, не супраць. Яму сёмы дзясятак, у такім узросце спадзявацца ў стасунках з людзьмі на ўзаемную (гэтае слова так і было ў лісце пададзена - курсівам) зацікаўленасць - справа марная, але гэта для яго не галоўнае. Адпішуць яны яму - будзе рады, а не пажадаюць адпісаць - іх воля. Ні хто ён ды адкуль, ні пра акалічнасці знаёмства з маці ў лісце не было ні слова. Некалькі фраз, пажаданне добрага здароўя напрыканцы - і ўсё.

Параіўшыся па тэлефоне з сястрой, Нана ў той жа дзень Станіславу Мікалаевічу на ягоны электронны адрас адпісала. Папрасіла распавесці больш падрабязна пра сябе і пра тое, што лучыла яго з маці. З’яўлялася хоць нейкая мажлівасць натрапіць на след у мінулае нябожчыцы, а праз тое - і ва ўласнае, і не скарыстацца ёю, адзінадушна вырашылі яны з Алаю, было б неразумна.

А рэшту таго дня Нана прабавіла ў пошуках згаданых старым лістоў да маці. Перагартала ўсе сямейныя альбомы, перашнарыла ва ўсіх шафачках ды шуфлядках і паліцах, але так нічога і не знайшла. Розных допісаў, тэлеграм, паштовак было ўсюды ў доме аж зашмат, а вось хоць бы маленечкай цыдулы ад чалавека па прозвішчы Парфянок - ані блізка.

Станіслаў Мікалаевіч зноў напісаў ёй праз тыдзень. Але яшчэ больш коратка і суха, чым мінулы раз, неяк нават быццам нехаця, праз сілу. Пытанне пра абставіны знаёмства з маці дыпламатычна абмінуў, пра сябе паведаміў тое, што і з папярэдняга ліста вынікала, толькі іншымі словамі. Адзінае, што новага было ў допісе, дык гэта намёк аб спадзеве на сустрэчу ў будучыні. І яшчэ - просьба даслаць нумар хатняга тэлефона. Свайго ці Алінага - яму без розніцы, галоўнае правільна напісаць код горада, бо з кодамі заўсёды ў яго, маўляў, непаразуменні. Мабільнікам ён таксама, канечне ж, карыстаецца, але гаманіць з хатняга - і ўтульней неяк, і больш для яго, старога чалавека, звыкла.

2.

Станіслаў Мікалаевіч расплюшчыў вочы, прыслухаўся. На дварэ было зусім ціха і, відаць па ўсім, і бязветрана. Гэта яго ўзрадавала: нарэшце можна будзе на колькі хвілінаў, а то і на якую гадзіну выйсці з дому, зрабіць, як кажа Зіна, кватарантка, ранішні праменад. Толькі б не зблытала картаў, не разгулялася, як учора надвячоркам, калена і не даў аб сабе знаць, не схібіў недарэчы матор - сэрца. Шнарамі яно там ужо, халера, дарэшты пабілася, што гэткім болем раз-пораз у грудзях абзываецца і, як на злосць, у самы ж нязручны момант? Варта чаму іншаму, прастаце гэтай мярзотнай, да прыкладу, ці калену, ці яшчэ чаму хоць крыху абвастрыцца, як і яно, аслабленае леташнім інфарктам, адразу ж пра сябе нагадвае.

З Зінінага пакоя не даносілася ні гуку - відаць, дзяўчына яшчэ спала. А можа, толькі выгляд рабіла, што спіць: у драбку далікатнасці ёй, рудавалосай гэтай, хуткай на нагу і вострай на язык, грубаватай гаварунні Зіне ўсё-такі, як ні круці, не адмовіш. Хоць з выгляду пра тое і не скажаш. Дзеўка відавочна не з ліку тых, што, трапіўшы неўспадзеў у глухі, поўны ваўкоў лес, разрумзаецца, сядзе ў роспачы пад хвояй і будзе пакорліва чакаць выраку лёсу. Такая хутчэй усю поўсць на тых ваўках павыдзірае, чым свой хоць адзін волас дазволіць ім з галавы выскубнуць. Ды ён, Станіслаў Мікалаевіч Парфянок, дастаткова пажыў на свеце, дастаткова наглядзеўся і на распусных людцаў, і на ціхмяных, каб не ведаць, што меркаваць аб характары чалавека толькі паводле нейкіх знешніх яго праяваў - справа ненадзейная.

Ён падняўся з ложка, чапляючыся рукой за сцяну, пасунуўся да прыбіральні. Ішоў як мага цішэй: спраўляць раніцой малую патрэбу апошнім часам стала надта балюча, а хоць які сведка такой старэчай нямогласці для мужчыны, які ўсё жыццё пражыў адзінотнікам і пускаць старонніх у свае асабістыя, інтымныя справы не прывык, - пакута яшчэ тая. Тым больш, калі гэты сведка - дзяўчына дваццаці год, як Зіна. Не дзіва, што з усіх нязручнасцяў, якія ўзнікаюць у абставінах сумеснага жыцця чужых, да таго ж мала знаёмых і рознага ўзросту, як яны з Зінай, людзей, цяпер, калі вось так усур’ёз занямог, менавіта гэтая - неабходнасць карыстацца адною прыбіральняй з кімсьці, - сталася для яго ці не самай вялікай. Быў бы то мужчына, а не Зіна гэтая, усё нашмат прасцей, канечне, вырашалася б. Бо з чым да мужыка звярнуцца не пасаромеешся, перад дзяўчынаю і не заікнешся нават.