Вось яна, наша прыгажуня! Ракета ляжала на спецыяльных стапелях, злучаных з узлётнай эстакадай. Вострым носам яна глядзела на ўсход, нібы ляцела насустрач магутнаму свяцілу.
Сам выгляд ракеты, яе форма сведчыла аб яе імклівасці, маланкавасці палёту. Серабрыстая грамада здавалася як-бы высечанай старанным майстрам з аднаго велізарнага кавалка хметалу.
Галоўны канструктар Вілі Рэндол паважна падышоў да невялікай дзюралюмініевай лесвіцы і запрасіў нас. I вось мы ў пасажырскай каюце ракеты.
Канструктары выканалі нашу просьбу: каюта не вельмі цесная. Па ёй можна свабодна хадзіць. Тут зручныя крэслы, якія пры патрэбе ператвараюцца ў мяккія канапкі. Тут-жа штурманская рубка. Я адразу заняў у ёй месца, прыгледзеўся да прыбораў. Нічога не скажаш: усё прадумана, прадугледжана, ва ўсім адчуваецца дакладнасць і разлік.
Штурманская рубка будзе служыць адначасова i абсерваторыяй. Трэба сачыць за нябеснымі маякамі-зорамі, правяраць дакладнасць палёту. Вялікія і маленькія экраны радыёлакатараў кругавога агляду, тэлевізафоны, радыёстанцыя, партатыўная электронная машына для складаных вылічэвняў, магутныя электронна-машітныя гарматы для знішчэння дробных метэарытаў, пульт кіравання цыклатронамі, зорная карта сусвету, — уся гэта вялікая гаспадарка належала штурману. Для мяне з Віктарам нічога тут не было складанага, альбо незразумелага. Мы вучыліся больш года i добра ведалі ўсе апараты і прылады.
Іван Іванавіч праверыў работу паветрана-кіслародных апаратаў, электронную машыну — мозг ракеты. Цікава было назіраць, як на пульце кіравання адразу загарэліся зялёныя, сінія, жоўтыя агеньчыкі сігналаў. Яны дакладвалі, патрабавалі, папярэджвалі. Штурману трэба быць пільным, спрытным і кемлівым. Не заўважыш чаго-небудзь, пасля цяжка будзе паправіць. Штурманская кабіна — вочы і вушы касмічнага карабля.
Я шчыра падзякаваў Вілі Рэндолу за пасажырскую кабіну. Ён усміхнуўся, сказаў:
— Чакайце, вы яшчэ не ўсю сваю гаспадарку агледзелі.
Я здзіўлена паціснуў плячыма, паглядзеў на Віктара. Сябра таксама нічога не разумеў.
— Як не ўсю? — запярэчыў быў я.
— А вось так, малады чалавек. Паглядзім, куды вядуць гэтыя дзверы, — сказаў ён і падышоў да левай сцяны. Што ў ёй былі дзверы, мы спачатку не паверылі. Сапраўды, сцяна была роўная, цэльнаметалічная. Але вось Рэндол націснуў кнопку, што віднелася збоку, і перад намі імгненна рассунулася сцяна. Мы здзівіліся: побач была такая-ж пасажырская кабіна з усімі складанымі механізмамі і абсталяваннем.
— Гэта на ўсякі выпадак, — растлумачыў Вілі Рэндол, і я бачыў: ён быў узрадаваны, што здзівіў нас нечаканасцю. — Вы-ж не накірмаш едзеце…
Мы горача паціснулі яму руку, падзякавалі за такі нечаканы падарунак. Запасная пасажырская кабіна ў касмічнай ракеце фактычна гарантуе поўную бяспеку палёту. Да таго-ж карабель мае двайную бартавую абшыўку. Цяпер не страшны дробныя выпадковыя метэоры, якіх па якой-небудзь прычыне не знішчаць электронна-магнітныя гарматы!
Невыказнае хваляванне ахапіла нас, калі мы зайшлі ў так званае машыннае аддзяленне. Тут панаваў бляск нікеля, плаціны, нейкіх залацістых сплаваў. Вось яно перад намі, інайвялікшае цуда навукі і тэхнікі! Мы з гордасцю аглядалі атамныя машыны, зробленыя на нашых заводах. Малайцы нашы інжынеры i вучоныя! У гэтых апаратах будзе кіпець небывалае жыццё элементарных часцінак ядра. Тут таямнічы, захапляючы свет. Блізкі той дзень, калі я націсну кнопкі i прымушу гэты свет раскрыць для нас сваю энергію. У трубах, камерах бясшумна пачне ўсё рухацца, круціцца, імчаць, пульсаваць, знікаць у адным месцы, каб нарадзіцца ў другім.
I тады з кілевых шлюзаў вырвуцца аграмадныя патокі энергіі, і ракета, быццам падхопленая віхрам, узляціць высока над Зямлёй. Густыя воблакі закрыюць чароўны воблік роднай планеты, і мы апынемся ў бязмежным касмічным акіяне. Грозны, таямнічы, загадкавы, ён даўно клікаў да сябе людзей, каб праверыць іх сілу, мужнасць, іх крылатыя мары.
— Выдатная канструкцыя, цудоўная работа, — сказаў задаволена Іван Іванавіч. — Гэта не машына, а казка.
— Гэта яшчэ трэба праверыць, — стрымана зазначыў Рэндол. — Вядома, мы стараліся. А як атрымалася, будзе відаць пасля.
Я міжвольна ўспамінаў першую касмічную экспедыцыю на Малы Месяц. Палёты з Хлебнікавай вакол металічнага вострава, яе расказ пра дзівосную энергію «халоднага» святла, загадкавае знікненне фотаэлементаў… Ёй не верылі тады. А я цэлую ноч не спаў, думаў, пакутаваў, рашаў. Мне не верылася, што Хлебнікава была на спадарожніку чужым чалавекам.