Праз момант справа на сцяне нешта загуло. Макс жвава павярнуўся. Высока перад ім свяціўся тэлевізійны экран. Адтуль на яго глядзелі светлыя немігаючыя вочы дзяўчыны.
— Як адчуваеце сябе? — запыталася яна па-англійску.
— О, міс, дзякую. Я абавязаны вам сваім жыццём. Дазвольце рас' казаць вам, як я сюды трапіў.
— Калі ласка! — адказала дзяўчына. — Я запішу магнітафонам ваш расказ.
Макс у знак згоды кіўнуў галавою, зручней усеўся ў крэсле, рыхтуючыся пачаць расказ пра дзіўнае сваё падарожжа.
Раздзел дваццаць першы
Дзівосная вестка абляцела ўвесь свет. Усюды толькі i было размовы пра Макса, пра яго незвычайную прыгоду. Чалавек у космасе перасеў на другую ракету, выратаваўся адінемінучай смерці! Гэта было неверагодна! У газетах усіх краін друкаваліся інтэрв’ю Макса Вэла, якія ён даваў з борта аўтаматычнай совецкай ракеты «Алмаз».
Шмат выказвалася розных здагадак аб лёсе яго калег — Поля Арноля i Роба Дэвіса.
Як ніколі, сёння было шумна і ажыўлена ў гарадку астранамічных інстытутаў, абсерваторый і спецыяльных школ па касманавігацыі— Галактыцы. Усе хадзілі ўзрушаныя, усхваляваныя, падоўгу тоўпіліся ля выстаўленых на вуліцы тэлеэкранаў, чакалі новых падзей і навін. Што такія навіны і падзеі будуць, ніхто не сумняваўся.
Алег і Віктар таксама былі ўзрушаны.
Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі круглы стол. Віктар разаслаў карту, паклаў дыркуль, рознакаляровыя алоўкі. Алег разгарнуў тоўстую ў калянкоравай вокладцы кнігу, сеў побач з Віктарам і пачаў перагортваць старонкі.
Правесці карабель у бязмежным акіяне сусветнай прасторы — не простая справа. Гэта не плаванне на звычайным моры: глядзі на карту i компас, ведай, якая хуткасць, i ты дакладна вылічыш, калі, у які час дасяшеш патрэбнай прыстані.
У космасе нічога не стаіць на месцы. Усё там — і Зямля, і Сонца, і ўсе планеты, і мільёны метэораў, ад мізэрных пылінак да аграмадных скалістых абломкаў — ляціць, кружыцца, пракладае сабе шлях. Імі кіруюць складаныя законы нябеснай механікі.
Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. I здаецца, што начное свяціла, якое так велічна і ўрачыста ззяе над нашай галавой, робіць вельмі простае падарожжа па небу. Але гэта не так. Каб прадказаць яго будучы шлях, вучоным даводзіцца рабіць складаныя вылічэнні, якія займаюць па некалькі соцень старонак. Яно i зразумела. Трэба ўлічыць больш сотні вялікіх i каля поўтысячы другарадных прычын, якія ўплываюць на яго рух.
3 хуткасцю 30 кілометраў у секунду ляціць па сваёй арбіце Зямля. Увесь час мяняе сваё месца i Месяц. Фактычна, каб трапіць да яго, трэба трапна прыцэліцца. Карабель, які прыляціць да пункта разлічанай сустрэчы на поўгадзіны пазней, не застане свайго касмадрома. Давядзецца даганяць Месяц ці вяртацца назад на Зямлю. Такі пралік можа дорага каштаваць. Вось дзе патрэбна пільнасць, дакладнасць, моцныя рукі, надзейныя вочы.
Зрабіўшы нейкія запісы, Алег адклаў у бок кнігу, падсунуўся да Віктара і пачаў разглядаць карту. На ёй у загадкавым лабірынце перапляліся дзесяткі рознакаляровых ліній. Чырвоныя лініі ў выглядзе ізабараў паказвалі палі прыцяжэння планет, Сонца, сінія — канцэнтрычныя кругі эліпсаў —іх шлях па акіяну касмічнай прасторы.
А што азначаюць пункцірныя штрыхі? Гэта патокі метэарытаў, што з’яўляюцца своеасаблівымі воблакамі космаса.
— 3 20 па 30 чэрвеня на Зямлю выпадаюць баацыды, — прамовіў задумліва Алег.
— 3 сузор’я Валапаса, — дадаў Віктар.
— Так. I самы вялікі зорны дождж ад іх назіраўся ў 1944 годзе. Калі праўда, што галоўная маса баацыдаў пралятае каля Зямлі праз 20 год, тады… — ён замоўк на хвіліну і заклапочана правёў рукою па ілбе. Але калі суджана сустрэцца з імі, сустрэнемся, — сказаў Алег.
— А я назначыў-бы палёт на люты і сакавік месяцы. Не трэба спяшацца…
— Як не трэба спяшацца? Людзі-ж гінуць, просяць дапамогі. А ў нас ракета ўжо гатовая. Баацыды не такія ўжо i страшныя. Бачыш, яны праходзяць ля Зямлі вузкай палоскай, яе лёгка можна «прабіць», калі вылецець роўна ў поўдзень. Глядзі, гэтая траса самая надзейная, — паказаў ён пальцам на тлустую карычневую лінію на карце.
— Яшчэ як сказаць, — запярэчыў Віктар. — Я чуў, Дзянісаў гаварыў, што паток вельмі зменлівы і сёлета можа блізка падыйсці да арбіты Зямлі.
— Яно так, — згадзіўся Алег. — Але я не веру ў вялікую небяспеку.
Скажу табе другое. Многія нашы вучоныя думаюць, што большая частка метэораў — крупінкі лёду розных замёрзшых газаў. Калі гэта так, абшыўка карабля — надзейная наша абарона. Ды ўлічы яшчэ электронна-магнітныя гарматы…