Выбрать главу
Родны народ наш пакутуе ў роспачы‚ Рвецца зь ярма‚ з ланцугоў; Гойсаюць каты крывавыя поначы‚ Нішчаць Краіны сыноў.
Ды ўжо даволі народу пакутаваць! Хутка надыйдзе пара: Дымам разьвеюцца ворагі лютыя‚ Сьветлая ўзыйдзе зара.

Парыж — Францыя, жнівень 1950 г.

А ці помніш той Край

А ці помніш той Край? А ці помніш аўсы‚ Што галоўкамі ціха хістаюцца? Дрэмле ў зелені гай. Шапацяць каласы‚ Пошчак — сьпеў салаўя заліваецца.
А ці помніш той сад‚ Азяроды‚ грудок‚ Раі пчолак ля борцяў гайдаюцца‚ Шэры сад між прысад‚ А за вёскай ставок: Плюхне рыбка‚ і круг расплываецца.
А ці помніш тых жней? Іхны жаласны сьпеў‚ Што ліецца‚ за сэрца кранаючы? Нібы ў казачным сьне‚ Галасок іх зьвінеў‚ За ваколіцу плыў заміраючы.
А ці помніш той Край? Там радзіўся ты й жыў‚ Босы бег па грыбы сцежкай вузкаю. А ці помніш той гай? А ці помніш‚ скажы‚ Тую МАЦІ‚ што зваць беларускаю?

Кліўленд — ЗША, 29 студзеня 1959 г.

Я — дзяўчына з Краіны забранай

Прысьвячаю Казі

Думкі ў роспачы плылі‚ Зьніклі ў сэрцы вуглі‚ Грудзі нылі ад болю Краіны; Я па сьвеце блукаў‚ Кветку Шчасьця шукаў Ды спаткаў сінявоку дзяўчыну.
Ці Ты красачка зор? Ці русалка вазёр? Ля Цябе водар кветак духмяны. Усьміхнулася мне: Казяй клічуць мяне… Я — дзяўчына з Краіны забранай.
Ёй у вочы зірнуў І ў вачох патануў‚ Патануў ў глыбіні прамяністай. Ці то ява‚ ці сны? Я Князёўну Вясны Зноў спаткаў на шляху крамяністым.

Кліўленд — ЗША, 31 траўня 1962 г.

Князёўна дум маіх

Князёўна дум маіх‚ Кунежных сноў царыца! Ў чароўным летуценьні Я выпясьціў Цябе.
Стаіш Ты ля мяне У белым аксаміце Ў зьнямозе ад каханьня Ў гарэзнай барацьбе.
І п'ю я чад уцех Агністага ўлоньня‚ П'янею ад пяшчотаў Тваіх палынных рук‚
Я падаю‚ лячу Ў салодкае прадоньне… А Ты? Ты ля мяне‚ Дзяўчына — Беларусь.

Кліўленд — ЗША, 1962

Мроі

Восень шуршыць‚ расьцярушвае лісьцямі‚ Сыпле іржою зь бялесых бяроз; Зноў я імчуся сном-мроямі йскрыстымі Ў Край серабрыстага зрэб'я і кроз.

Вена — Аўстрыя, 16 Кастрычніка 1944 г.

Настроі

Ты будзеш жыць

Прысьвячаю сыну Міхасіку

Спусьціла ноч на землю чорны полаг. Танок сьняжынкі за вакном снуюць. А мне?.. Душу стрывожыў шэры морак‚ Крывавіць сэрца… Не магу заснуць…
Заплюшчу вочы. Скрозь павек я бачу Цябе‚ сынок. Крычыш: Та-та!.. Пільнуй!.. І часта дышаш подыхам гарачым‚ Раскідаў ручкі‚ коўдрачку сапхнуў.
Гарыць твой лобік‚ тварык палыхае‚ Шавеляць вусны: — Божа! Я адзін… А колькі суму з вочак пазірае! Мой любы‚ родны‚ дарагі мой сын.
Вось ручку кволую узьняў ты на хвіліну‚ Пытаеш позіркам: — Дзе тата?.. Дзе?.. Мой родны тата! Ты сынка ня кінеш! Дасі ратунак хвораму ў бядзе!
Ня плач‚ сынок! Адкінь трывогу‚ роспач! Мінае ноч‚ а з ранкам дзень бяжыць. Жыцьцё крыніцаю наўкол цябе палошча. Ты не памрэш! Сынок! Ты будзеш жыць!

Кліўленд — ЗША, 1 лютага 1960 г.

Матуля

Бывай‚ Матуля! Родная‚ бывай! Твой любы сын ў далёкі едзе край. Не захацеў ён концаў‚ Калымы‚ Савецкай катаргі‚ Сібірскае зімы.
Матуля родная, на сына Ты ня злуй! Яму‚ бяздомнаму‚ за крыўды ўсе даруй! Даруй за ўсё! За вольных дум узьвіў І на выгнанскі шлях благаславі!