Выбрать главу
Як сёньня‚ Мама‚ помніш Ты той дзень: З калыскі ў вочы я Табе глядзеў‚ Сваімі ручкамі я весела гуляў І слова МАМА першы раз сказаў.
Ты так пяшчотна ў мой зірнула бок: — Сынок мой родны! Любы галубок! І потым міла люліла мяне‚ І песьняй роднай галасок зьвінеў.
Падрос я трохі‚ бегаў басанож Ды нек нагу прабіў на йржавы нож‚ Я да цябе‚ кульгаючы‚ ішоў. Як Ты зьбялела‚ угледзяўшы кроў!
— Ня плач‚ Матуля! — Супакойваў я. — Мне не баліць больш‚ нават‚ аніяк. Я быў маленькім хлопчыкам тагды Й такім застаўся Табе назаўжды.
Ты помніш‚ Мама‚ й той Дваццаты Год‚ Калі ўзьнялася Случчына ў паход‚ Загінуў бацька ад рук палачоў‚ Сын трапіў у лапы чорных крумкачоў.
Як потым каля ДОПРаўскіх варот Ня раз займала Ты там свой чарод. Ды як Ты‚ Мама‚ плакала наўзрыд‚ Што сын гібее ў карцары сырым.
Ты плачаш‚ Мама‚ ведаю па мне‚ І мне ня лёгка ў далёкай чужыне. Ці ўбачымся мы яшчэ калі? Памерці цяжка на чужой зямлі.
А помніш‚ Мама‚ жудасны той дзень‚ Калі чакіст пытаўся: — Сын Твой дзе? І не спалохаў Цябе Трыбунал‚ Павандравала ў ссылку за Урал.
Пакутны шлях было Тваё жыцьцё. Сьвятою ўвойдзеш Ты ў нябыцьцё. Тваё імя‚ як сымбаль на ўвесь сьвет‚ Нясе ў сябе любові запавет.
Куды ні глянь: у хату ці ў палац — Ўва ўсіх краёх імя Тваё чуваць. — Матуля! — З крыўдай горнецца дзіця‚ А вочкі ў сьлёзках да Цябе зіхцяць.
— Матуля! — Ўспомніць кожны у бядзе‚ І расплывецца роспач ад надзей. Сьвятое імя не забыць ніяк — Матуля! — Шэпча ранены ваяк.
— Матуля! — шэча ён апошні раз‚ І твар сьвятлее у сьмяротны час. Матуля! Родна! Сэрца майго цьвет! Твой дзень сьвяткуе цяпер увесь сьвет.
Я часта бачу у трывожным сьне‚ Што Ты‚ Матуля‚ плачаш аба мне‚ Што ў Тваім сэрцы тлеецца агонь — Пабачыць сына любага свайго.
Ня плач‚ Матуля! Прыйдзе яшчэ час! Пагоні сьцяг зноў аб'яднае нас; Ў баёх крывавых расплывецца змрок; К Табе‚ Матуля‚ вернемся здалёк.

Парыж — Францыя, чэрвень 1955

Ніны Дышлючанцы

Любі свой народ‚ любі Край Беларускі! Будзь вернай дачкою палёў і лясоў! Надыйдзе часіна‚ калі‚ ўзяўшы зброю‚ Спаткаемся зноў на шляху змагароў.

Рыд — Аўстрыя, 1949

Толіку Дрындрожыку

Дзіцём адарваны ад роднага Краю‚ Ўзіраўся ты часта ў чужы сівы бор; Ня ведаў цудоўных дзядоўскіх звычаяў‚ Ня чуў вольных песень зялёнага гаю‚ Ня бачыў чароўнасьці родных азёр.
Аднак у крыві захавалася цяга Да слаўнай мінуўшчыны прашчураў дзён: І рэчка‚ і лес‚ і народныя сагі. Ў зацятых баёх слаўных продкаў адвага У мроях-лятунках навейвала сон.

Кіргхайм — Аўстрыя, 1946

Валі

На дзень 22-х угодкаў
У чорныя хмары Краіна спавіта; Віхар узьняўся‚ маланка зіхціць‚ Гром загрымеў‚ пракаціўся сярдзіта‚ Грозным агнём палахціць.
Дочка Краіны! Цябе ўзгадавалі Жытні палетак‚ гаі‚ сенажаць; Жаўранкі песьні аб долі сьпявалі‚ Волю вучылі кахаць.
Зграя бандытаў ўвесь Край агарнула; Вецер рваў лісьце‚ стагналі дубы; Сьмела ты ў вочы нядолі зірнула‚ Вышла на шлях барацьбы.
Ў ногі ўсысаліся дзіды бяз конца‚ Вопратку рвалі‚ калолі ў твар; Разам з другімі Ты роднай Старонцы Несла дары на аўтар.
Глянь! Ўжо над намі лунае Свабода‚ Славай вякоў шапаціць родны гай; Дочка Краіны! Для славы Народу Гімн Перамогі сьпявай!
Краска Твая паміж нас не загіне; Радасьцю сьвеціць заўжды маладосьць. Хай-жа сягоньня у гэтай хвіліне Кожны вяселіцца госьць!