Выбрать главу

— Што там у цябе? — змрочна спытаў Мокрут, не падымаючы галавы.

— Вось, — паспешліва загаварыў Печка, падсоўваючы пад вочы старшыні двайны ліст з вучнёўскага сшытка. — Тут у мяне ўсё гатова.

— Чытай сам! — загадаў Мокрут i пстрычкай адштурхнуў паперку.

Васіль аберуч злавіў лісток, зняў сваю шапку і шпурнуў яе на падаконнік. Жоўта-шэрыя, трохі пакручастыя валасы, няўмела падстрыжаныя пад бокс, выпрасталіся і надалі галаве вастраваты выгляд.

— Пытанне спагнання плацяжоў, — пачаў чытаць Печка.

— Тэрміновага спагнання, — уставіў Мокрут.

— Ага, добра, — згадзіўся Васіль. — Тэрміновага спагнання плацяжоў. Дакладчык — старшыня сельсавета таварыш Мокрут. Пастанавілі: абавязаць усіх дэпутатаў сельсавета актыўна ўключыцца…

— Пачакай! — зноў перабіў яго Мокрут. — Што мне твае дэпутаты? Нічога яны не зробяць. Настаўнікаў трэба падключыць. Разумееш?

— Правільна! — згадзіўся Васіль. — Абавязаць усіх дэпутатаў сельсавета і настаўнікаў актыўна ўключыцца ў спагнанне… Ага, не так. У тэрміновае спагнанне плацяжоў па ўсёй тэрыторыі сельсавета і закончыць гэтую справу не пазней?.. — Васіль падняў вочы на старшыню.

— Трох дзён, — ціха, але рашуча сказаў Мокрут.

— Та-ак, — паправіў сакратар у сваіх запісах. — Закончыць гэтую справу ў трохдзённы тэрмін. Галасую. Хто за, хто супраць, хто ўстрымаўся? Аднагалосна. Пераходзім да другога пытання…

— Пачакай! — ужо са злосцю крыкнуў старшыня. — Якое табе тут аднагалосна? Мітрафанава Даша абавязкова падыме супраць. Улічваеш? А потым гэты сівы маладажон, дырэктар, які заўсёды лезе са сваімі прапановамі?..

— Чаго ж тут лезці? — нясмела запярэчыў Васіль. — Усё вельмі ясна.

— Знойдуць шчыліну, — заўважыў Мокрут і працягнуў руку да лістка.

— Пішы так! — загадаў ён, пастукаўшы пальцам па лістку. — Галасую! Хто супраць пастановы бюро райкома партыі і райвыканкома? Хто ўстрымаўся? Няма. Аднагалосна.

Васіль запісаў усё гэта i тады пачаў чытаць далей.

Калі чытанне было скончана, Мокрут, ледзь толькі абвёўшы вачыма тэкст, падпісаў паперку i суха сказаў:

— Ты выпішаш позвы дэпутатам, а ў школу я зайду сам. Потым вось што: зрабі мне копію ўсяго гэтага твайго спектакля. Я пазваню ў райвыканком і ўзгадню.

— Чаму гэта майго? — пакрыўджана спытаў Васіль.

— А чыйго ж? — старшыня рушыў у кут ля дзвярэй, дзе віселі яго кожанка i каракулевая вушанка са скураным верхам. — Не я ж выдумаў усю гэтую пісаніну.

— Не вы i не я, — лагодна загаварыў сакратар. — Так заўсёды рабілі. Падрыхтоўка дакументаў — рэч важная.

— Ладна! — старшыня махнуў рукой і пачаў здымаць з крука сваю кожанку.

Пакуль Мокрут апранаўся, Васіль моўчкі наглядаў за яго рэзкімі, зласнаватымі рухамі, слухаў знаёмае палопванне кожанкі, і толькі ўжо калі начальства ўзялося за ручку дзвярэй, сакратар зноў загрымеў зэдлікам і спытаў:

— Вы яшчэ прыдзеце, таварыш старшыня?

— Прыду, — неахвотна адказаў Мокрут. — Перад самым вечарам.

— Тут гэтае самае… — Хлапец замяўся і стаў паспешліва завязваць сваю папку.

— Што? — старшыня прыпыніўся перад расчыненымі дзвярамі.

— Сямён Казырок павінен неўзабаве прысці.

Мокрут зачыніў перад сабою дзверы, і на яго валлячку адбілася задаволеная ўсмешка.

— Запісваць прыдзе?

— Так, запісваць. Заўтра ў яго радзіны. Ішлі мы гэта паўз яго двор, дык з коміна сіні дымок цадзіўся, а смажаная цяляціна пахла аж на ўсю вуліцу.

— Зарэзаў, значыцца? Маладзец Сямён! — Старшыня пачаў гаварыць з сакратаром ужо зусім іншым тонам. — Тады вось што, Васіль. У Сямёна сёння, ты ж ведаеш, многа ўсялякай работы, рознай бегатні. А чалавек ён паважаны, герой Айчыннай вайны.

— Які ён герой? — нясмела заўважыў хлопец i першы раз за ўсю гутарку ўсміхнуўся.

— Як гэта які? Мае два ордэны, медаль. Мы, брат, з табою нічога не маем. Адным словам, так. — Старшыня ўзяў з акна вайсковую шапку і падаў яе сакратару. — Схадзі ты, Вася, да Сямёна i скажы, што не варта яму дастаўляцца ў сельсавет вунь з самага дальняга пасёлка. Прыдзем сёння мы да яго самі і запішам, зробім усё, што трэба. Чуласць трэба праяўляць, разумееш? Скажы, што да каго-небудзь іншага я, вядома, не пайшоў бы нізавошта. А да Сямёна прыду.

6

«Кульгавы начальнік» быў таксама з Дабрасельцаў, нават i прозвішча меў Дабрасельскі, але ў гэтую зіму пражываў больш у Чырвоных Маках, бліжэй да службы. Кватараваў ён тут у адной бабулькі, якая ўсё сваё жыццё пратупала вартаўнічкай каля царквы, а пасля таго, як прыхажане закрылі царкву, нібы на зло ўсім, не працавала нiдзе. Кватарант калоў ёй дровы на абагрэў печы, прыносіў з былога папоўскага калодзежа вядро вады. Гэтага вядра хапала бабцы амаль на двое сутак.