Выбрать главу

Нарэшце мне ўдалося пабыць адзін на адзін з Янінай. Яна ляжала на ложку з мноствам падушак. Дзяўчыну нельга было пазнаць. На худзенькім і бледным тварыку павыступалі вяснушкі. Такія самыя кропінкі былі на руках — худых і страшных, якія прасвечваліся як халадзец. Замест нястрымнай рагатухі і каравокай какетачкі я ўбачыў расчараваную няшчасную істоту.

— Сядайце! — паказала яна на матрац.

— Я ўсё тырчаў, аслупянелы, сярод пакоя.

— Што, не пазнаеце?

— Мала...

— Аднак гэта я! Некаторыя пазнаюць мяне толькі па зубах, калі засмяюся... Сядайце, ну!

Крэслы былі завалены вопраткай і рэчамі. Куды тут прыткнуцца?

— На ложак давайце, я не заразная!

Каб не пакрыўдзіць паненку, я сеў. Сеў якраз там, дзе павінны знаходзіцца яе ногі. Толькі цяпер па-сапраўднаму да мяне дайшла трагедыя гэтага чалавека.

Агорнуты жаласцю, я маўчаў, разглядаючы пакой. Гэта было няветліва, але я меў такую звычку. На крэсле ляжаў альбом.

— Калі ласка! — Яніна працягнула руку і падала яго.

Стаў я гартаць старонкі. На іх было шмат фатаграфій генеральскай сям'і. Яніна выняла адзін здымак і прачытала на адвароце Данусіны словы:

Gdy w życiu Cię kto zrani, A w sercu pozostawi bliznę, Pamiętaj, że więcej cierpiała Polska – Twoja Ojczyzna.[18]

Прайшла мінута няёмкай цішыні.

— Спаткаеце, перадайце, што перад смерцю пра яе думала і жадала вам абаім шчасця,— вымавіла Яніна скрозь слёзы.— О, як вас Данка кахала, як кахалі яе вы!.. Мяне ніхто ніколі не кахаў... Я вам так зайздрошчу...

— Яніна, мы яшчэ разам з вамі...

— Мяне вы бачыце апошні раз! — цяжка ўздыхнула яна.

У вачах дзяўчыны з'явілася нешта сталае, і я зноў перастаў яе пазнаваць.

— Спаткаемся, няхай толькі ўсё ўляжацца...

— Не. Я вырашыла не мучыць сябе і бацькоў. Толькі мама хавае ад мяне ўсё вострае...

Суцяшаў я паненку і адчуваў, што словы мае гучаць непераканаўча.

6

Бачыў я тады і Станеўскага.

Былога шпіка дэфензівы я спаткаў у кампаніі выфранчаных гультаёў. Яны хадзілі па горадзе і пасмейваліся над салдатамі з мангольскімі тварамі. Верхаводзіў імі Генрых. Зусім мажліва, што ён меў і цяпер у кішэні Сцяпанаў наган. От гісторыя!..

Я доўга ішоў за піжонамі, адыходзіў убок і ўсё хацеў сустрэцца са Станеўскім вачамі, але ён адварочваў галаву. Нарэшце, мне гэта абрыдла! «Ліха яго бяры, пабачым, што далей будзе!» — павярнуў я назад.

— Камісар з абцёпканымі порткамі! — пачуў я за сабой.

Мяне апанавала бяссільная злосць. Ды не біцца ж з гэтымі тыпамі на вуліцы!.. Здаць яго ў рукі міліцыі! Ён загубіў не аднаго добрага хлопца!..

Я нерашуча патаптаўся і, бяссільны, пакрочыў да Зялёнага моста. Пры вызваленні горада паміж савецкімі войскамі і эндэкамі тут былі стычкі. Ад перастрэлкі засталіся прабоіны ў фермах моста. Тады гэта было яшчэ настолькі новае, што людзі ішлі глядзець на прастрэленае жалеза як на дзіва.

7

Дзень, пражыты ў Вільні, быў для мяне суцэльнай пакутай.

Прачка ўспомніла, што восенню ля студні ў яры знайшлі цела дзяўчыны:

— Той студэнткі, якая прыходзіла да вас! Уражаны навіной, я накіраваўся ў аддзяленне міліцыі. Давялося нямала пахадзіць з кабінета ў кабінет, пакуль паказалі здымкі. Сумненне адпала — Вольга! Забойца стрэліў ёй у скроню.

— Пакуль што злачынца не выкрылі,— заявіў мне следчы, паказваючы тры шраціны.— Былі ў галаве...

Зірнуўшы на тры кавалачкі волава, я падумаў, што імі можна было стрэліць і са Сцяпанавага нагана. Шраціны трапілі ў скроню з вялікай кучнасцю. Значыць, забойца страляў зблізку. Работа Станеўскага!

Цяпер шукаць яго не было сэнсу — не такі дурань, каб другі раз спатыкацца са мной. А пра злачынства яго я толькі здагадваўся.

I каму гаварыць? Усюды панавалі сметанаўскія чыноўнікі, я па Зарэчнай нават баяўся хадзіць. У былым інтэрнаце езуітаў цяпер жылі не семінарысты. Туды пахаваліся літоўскія і польскія вайскоўцы чы-нам не ніжэй капітана. Інтэрнат для маладых ксяндзоў быў шырмай. Там памяшчаўся цэнтр польска-беларуска-літоўска-яўрэйскага нацы-яналізму, якому Сметана даў магчымасць аб'яднацца і чакаць пады-ходзячага моманту. «Выхаванцы» інтэрната гатовы былі на любое злачынства, абы толькі знішчыць сведкаў.

Некалькі гадзін я патаптаўся ля міліцыі, уздыхнуў і пайшоў прэч.

Раздзел  другі

1

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны мяне не паспелі мабілізаваць у армію. I я не агледзеўся, калі апынуўся пад немцамі.

Абарваны, галодны і стомлены, давалокся я з тэхнікума дахаты: родны дом здаваўся адзінай крэпасцю, дзе нічога не пагражала.

вернуться

18

Калі цябе хтосьці ў жыцці параніць, на сэрцы пакіне рану, то памятай, што яшчэ больш цярпела Польшча, твая радзіма (польск.).