Выбрать главу

Наказ бабулі Эвэліны

У Ішкалдзі я ніколі не была. Але мама часта расказвала пра цудоўны стары касьцёл, які быў у цэнтры жыцьця гэтага прыгожага мястэчка, калі яна была малая. Мой дзед па маме, Язэп Пашкевіч, у сорак гадоў ажаніўся другі раз — з шаснаццацігадовай дзяўчынай з-пад Міра, Эвэлінай Вільчыцкай. Жылі яны шчасьліва. Мелі пяцёра дзетак, дзьве дзяўчынкі і тры хлопчыкi. Наймалодшы, Альбэрт, быў яшчэ немаўляткам, калі бацька памёр ад «гішпанкі».

Маладой удаве Эвэліне жыцьцё сталася вельмі цяжкім. Неўзабаве захварэла і яна — праўда- падобна, на сухоты. Апошняе, што сказала пе- рад сьмерцю найстарэйшай дачцэ Эвэліне, маёй маме, — гэта каб ішла вучыцца.

Мама любіла расказваць пра гераічныя гады, калі выконвала гэты запавет. Дзякуючы дапамозе братоў, цяжкай працы і сваёй упартасьці яна скончыла гандлёвую школу ў Баранавічах і дапамагла здабыць сярэднюю адукацыю брату Альбэрту, які пазьней вывучыўся на архітэктара. Маміну сястру, цётку Ганку, я яшчэ пасьпела пабачыць у 1992 годзе. Моцна яна тады плакала, трымаючы ў руках намаляваны татам партрэт сястры, маёй мамы, якой ужо не пабачыла.

Талент бабулі Вольгі

Пра татаву сям’ю ведаю крыху болей. Адзін прадзед быў у ХІХ стагодзьдзі сялянскім адвакатам і бараніў у судах людзей, пакрыўджаных памешчыкамі. Ён пазьней стаўся засульскім войтам. Моцна любіў коней. Здаецца, ягоны сын, татаў дзед Васіль, быў сакратаром у нейкага генэрала, пазнаёміўся і ажаніўся зь нямецкай настаўніцай генэральскіх дзяцей.

Казалі, што маёй прабабцы было вельмі цяжка прызвычаіцца да вясковага жыцьця ў Засульлі. Дзед мой, Аляксандар Шыманец, працаваў на будоўлі чыгуначных паравозаў у Рызе, дзе і нарадзіўся ў 1911 годзе мой тата. Бабуля, прыгажуня Вольга, была адной з чатырох дачок майстра-сталяра Пахома, які рабіў брычкі ў Негарэлым. Наймалодшая сястра, Гэлька, выйшла замуж за амэрыканца і выехала ў трыццатых гадах у Злучаныя Штаты.

Дзед і бабуля Пахомы ў 1938 годзе «зьніклі». Пра Курапаты тата ня ведаў (памёр ён у 1977 годзе), але моцна падазраваў, што дзядоў расстралялі. Калі ў 1939 годзе здолеў нарэшце дабрацца ў Негарэлае, каб іх адведаць (перад вайной гэта было немагчыма, бо між Засульлем і Негарэлым праходзіла польска-савецкая мяжа), знайшоў толькі забітую дошкамі пустую хату Пахомаў.

Мой дзед Аляксандар і бабуля Вольга былі здольнымі й працавітымі людзьмі, хаця зямлі мелі няшмат. Пасьля вяртаньня ў Засульле ў 1919 годзе пачалі адбудоўваць занядбаную гаспадарку. У 1930 годзе дзед пабудаваў новую хату зь дзьвюма спальнямі. Перад вокнамі быў агарод, поўны кветак, а між агародам і вуліцай — сад.

Бабуля была добрай краўчыхай. Мела заўсёды некалькі вучаніц. Шыла яна вельмі прыгожа. Прыгадваецца мне сукенка з чорнага шоўку, з надта ж складанымі дэталямі, якія мяне моцна ўразілі. Між іншым, у Даніі і мая мама таксама пачала шыць. Дый і ў мяне гэта калісьці нядрэнна атрымлівалася, калі ня мела грошай купляць новае адзеньне. Але бабулін талент найбольш яскрава праявіўся ў маёй дачкі — матэматыка Ганны.

Татава Вільня

Дзяцей сваіх дзед Аляксандар і бабуля Вольга паслалі вучыцца: тату — у Віленскую тэхнічную школу, якую ён скончыў на «выдатна», а дачок — на курсы садоўніцтва. Пра навуку ў Вільні тата падрабязна расказвае ў сваіх успамінах, надыктаваных у пачатку сямідзясятых гадоў. Да канца жыцьця памятаў ён кожны віленскі завулак, кожны архітэктурны помнік, назоў кожнай вуліцы.

Вучыўся тата на інжынэра-электрыка, а марыў пра мастацтва. Лёсы нашыя ў гэтым сэнсе вельмі падобныя. Ён таксама чакаў пэнсіі, з надзеяй, што нарэшце зможа зноў узяцца за пэндзлі. На жаль, дадзена яму на гэта было толькі шэсьць гадоў. Памёр у 66 гадоў, намаляваўшы толькі крыху больш за сотню палотнаў.

«Птушкі шчасьця»

Тата з мамай пазнаёміліся ў Стоўпцах, на прадстаўленьні «Птушкі шчасьця». У сваіх успамінах тата прыгадвае, як моцна яго ўразіла мама, калі першы раз яе пабачыў. Пажаніліся яны ў Стоўпцах у чэрвені 1935 году. Шмат прыйшлося ім тады перажыць, таму што, як у песьні Шалкевіча, мама была каталічка, а тата — праваслаўны.

Гэта, аднак, не было апошнім выпрабаваньнем у іхным жыцьці. Цяжка сабе ўявіць, што яны перажылі падчас страшнай дарогі на Захад з маленькімі дзецьмі.

«Страчанае пакаленьне» ХХ стагодзьдзя

На эміграцыі тата заўсёды працаваў паводле сваёй прафэсіі, але ён ніколі не спрабаваў дамагчыся кар’еры, якая адпавядала б ягоным ведам і здольнасьцям. Беларускае жыцьцё для