Выбрать главу
БУСЛАВА ТРЫВОГА
Шасьцеў аер з трысьцём-чаротам, Зьвінелі нудна камары. Плач куліковы над балотам I клёкат бусла на зары.
А час імглой той сьвет завесіў, Расьцёрта ўсё, бы ў макатры. Сякуць-пілуюць на Палесьсі, Пустэчай цешацца вятры.
Цяпер ідзе мэліярацыя, Няма дрыгвы і куліка. А буслу сьніцца эміграцыя, Дзе сьпевы жаб з-пад лазьняка.
I ён гняздо сваё пакіне, I будзе горка сумаваць, Але пачне ў чужой краіне Зноў бусьлянятак гадаваць.
Там жыўнасьць у вільготным лесе Пакуль што людзі не зьвялі. Расьце спакойнае палесьсе На тэй нязьведанай зямлі.
ШКУМАЦІК ПАМЯЦІ
Зашмулены шкумацік памяці: Вакзал. Чыгуначны даўжэзны мост. Вы за руку мяне трымаеце, I мы над рэйкамі ідзем наўпрост.
Дайшлі па мосьце да сярэдзіны. I сам ня ведаю, чаму я тут I пачуцьцём якім заведзены. Стаім. А ўнізе цягнікоў маршрут.
Вы штосьці горача гаворыце. За грукатам ня чую вашых слоў. А дзесьці гулкі рух у горадзе I радасны наплыў вясновых сноў.
Усьцешаная тэй хвілінаю, Мая душа сьпявала і цьвіла... Гляджу ў мінуўшчыну глыбінную. Хто вы? Даўно схавала вас імгла.
А можа ў згадках вы паўстанеце, Ці разарвецца маіх думак ніць. Зашмулены шкумацік памяці... Я не магу чагосьці аднавіць.
МОЙ ТЫДЗЕНЬ
Панядзелак, аўторак, серада і чацьвер, Потым пятніца прыйдзе, субота, нядзеля. Тыдзень — музыка ў словах. I любоў, і давер, I прыгожа прадзецца натхненьня кудзеля.
Крута круціцца спрытнае верацяно Нітка тонкая мрояў віецца, ня рвецца. Сьпеў салодкі, далёкі я чую даўно, Бачу радасьць на кожнай былінцы, на кветцы.
Добры тыдзень — ня злыдзень. Ён сьпявае са мной. Панядзелак, аўторак... — лічу да нядзелі. Пералік узьнімае мой рытмічны настрой, Словы самі карону на верш мой надзелі.
Панядзелак, аўторак, серада і чацьвер, А за пятніцай — вікэнд: субота, нядзеля. Адпачынак. У вырай. Я — свабодны цяпер. Я пішу дзеля шчасьця людзкога і дзеля
Тых, якія паэзію любяць маю. Сёньня пішацца лёгка. Мой тыдзень сьпявае. На сівую зіму ня гляджу, а пяю, Бо трымаецца сіла ў грудзёх веснавая.
САРВАНАЯ КВЕТКА
Дзеля мяне цьвіла зямля ўся, З маленства мне сьпяваў абшар. Я часта песьняй захапляўся Ля хат сялянскіх і кашар.
Ды трапіў я ў цяжкую фазу Майго турботнага жыцьця, Як бэз вясны ў пустую вазу Галінкай сьцятай бяз лісьця.
На раздарожжы золка, гразка... А я — на цёплым пачуцьці. У келіх торкнутая краска Жыве, і здольная цьвісьці.
Відаць, напоеная сьвежай Крыштальнай вільгацяй яна. Праменьне падае мярэжай Скрозь шыбы вузкага вакна.
Яшчэ пялёсткі не завялі, Яшчэ ня стомлена рука. I я плыву на бурнай хвалі Аж да апошняга радка.
ВЕСНАВЫ ПАРАСТАК
Няма дажджу. I сад стаіць пануры. А зерне, пахаванае ў зямлі, Перамагае змрочныя хаўтуры, — Жывыя сокі ўгору паплылі.
Я над зямлёй, дагледжанай і любай, Стаю гаспадаром. Ваду ўсплясну, I парастак сваёй зялёнай дзюбай Грудок праб'е, вітаючы вясну.
Праб'е грудок у радаснай трывозе, Зірне на сьвет, зірне і на мяне, Як першае лісьцё на вербалозе, Маю душу ўсхвалюе, закране.
Сьцябло расьце. Зямліца ня сухая, Удзячная любоўнай дабраце. Пупышка на галінцы разбухае I краскаю вясёлаю цьвіце.
Якая сіла парастка жывога! Сябруюць пчолкі з ім і матылі... Усякае дыханьне хваліць Бога Пакорным існаваньнем на зямлі.
МАЛАДОЕ ЗАХАПЛЕНЬНЕ
Сена ў сані, і каня ў аглоблі. Лейцы ў рукі. Побач — лёс сьляпы. У завеі белай па дарозе Мігацелі дрэвы і слупы...
Мне тады здавалася заўсёды, Што ў марозным полымі гару. Сані лёгка, быццам-бы на крылах, Узьляталі з гурбы на гару.
Я глядзеў — задзёрысты, вясёлы, — Як усё кулялася вакол, Як насустрач хвоі падбягалі I уцякалі ў сьнежны перамол.
Уцякалі хаты хутаранцаў I зьнікала ў далечы сяло. Так было... А потым маладое Захапленьне з часам адплыло.
I зіма — хлюпотная, чужая, I даўно ў дарозе конь мой паў. Дзе вы, сані? Адчуваю ўсё-ж я — Радасьцяў юнацкіх не праспаў.
СПАМІЖ ЗАБЫТЫХ СЛОЎ
Бяз ветру млын стаіць маўкліва I жорны ня гудуць. Падзьме — і крылы зноў імкліва На месцы ўкруг ідуць.
Тут цяжка мне атаясаміць Сіберныя вятры, Якія рвуць людзкую памяць Знадворку і знутры.
Але прайшлі нягод віхуры, Прайшлі вятры гадоў. I па мінуўшчыне — хаўтуры, I змрок забытых слоў.
Далёка дзесьці тыя словы На памяці ляжаць. Я ведаў тэрмін адмысловы На нашу сенажаць.
Назваў-бы кожную расьліну — I верас, і быльнёг, Багун, асот, бружмель, брызгліну, I пырнік на палёх.
Ды ўжо гады, відаць, ня тыя — Ня круціцца жарон. Сацьмелі словы залатыя. I гэтакі-ж урон:
Чужы зварот, чужыя словы Бярэм на вастрыё. I выпадае з нашай мовы Прыроднае, сваё.
Рамон названы маргарытай, А вэрмутам палын. Стаю над памяцяй разрытай, Як той бяз ветру млын.
Я цяжка думаю, гадаю... Спагадных слоў няма. Была ў нас памяць маладая, Як добрая кума.
Пякліся згадкі як аладкі, Ня знаў я забыцьця. Цяпер у сэрцы непаладкі, Гаркавы смак жыцьця.