Выбрать главу
Але я ўсё-ж гатоў вучыцца, Як пазнаваць красу. Хай доля скочыла ваўчыцай — Я долю панясу.
НЕДАСЯЖНЫ
Бурна шуміць акіян. Я ў чоўне рыбацкім плыву. Пад суровымі хвалямі — рыба й каралі. Нізка, пакорна схіліў я сваю галаву I з малітваю вусны мае прашапталі: — Божа, ратуй і даруй. Хай ня трывожыць сумлеў. Хараство! Веліч! Мудрасьць! Ці-ж гэта ўсё зьмерыць? Ці ўсё схапіць, зразумець? Голас у страху самлеў... I адно я імкнуся: зьмірыцца і верыць, Славіць Цябе і сьпяваць. Песьня хвалюе мяне. Я гляджу на Твае нязьлічоныя цуды. Што захаваў акіян! Што за дзівосы на дне! Вадалазам да скарбаў даступна ня ўсюды. I касманаўту ня ўсё высьветліць зорны сусьвет, I ў ракеце яму не ўзьляцець да Сатурна! Першы палёт над зямлёй — толькі пракоўзаны сьлед, А гэрой зазнаваўся з пагардай, бравурна: — Космас агледзіў увесь. Бога ня бачыў я там. Аж пустым самахвальствам крычала сумленьне. А да зямлі паварот, мабыць ня ведаў ён сам, Гэта Божая міласьць і цудам збавеньне. Хіба-ж людзкое жыцьцё не таямніцы пастаць? Схамяніся душой, у нявер'і каторы. Бога ня бачыць ніхто, — трэба Яго адчуваць У сабе, у істотах зямных, у прасторы.
ДЗЁНЬНІК МАЛЕНСТВА
Маленства дні! Я меў свой дзёньнiк. Пра ўсё і ўсякае пісаў: Што ў слоік трапіў апалонік, Што галасіў зацьвілы стаў,
Што мелі мы свае забаўкі... Любілі плюхацца ў вадзе. I крык і сьмех. На лытках — п'яўкi I плямы твані дзе-ні-дзе.
А мы, малыя, не шманалі, Плылі па сажалцы далей. Гарлачык белы адрывалі, — I хутка рос пучок лілей.
У нашу хату роднай маме Мы несьлі радасна букет. Сьвяціла сонейка над намі I расхінаўся добры сьвет.
Сябры і школа. Песьні. Казкі. Калядны вечар і канькі. Вясна з паводкай. Рунь і краскі. Зноў басанож і — нацянькі.
I я і брат любілі поле, Дзе вецер торгаў за рукаў. Старанна, чысьценька, паволі Я ўсё ў свой дзёньнік натаваў.
Тут неабсяжная прастора! Я зазначаў стракаты год: I радасьць звонкую і гора, I шмат здарэньняў і прыгод,
I шмат цікавых уяўленьняў. Аднойчы мы пайшлі ў грыбы. Здалося, бачылі аленяў, Бліжэй — пасохлыя дубы.
А нехта ў лесе моцна стукаў, Там пошчак хвою ўпарта сек. У таямніцы гэтых гукаў I дзяцел жыў і чалавек.
У гушчарох гуло страхоцьце, У шэпце дрэў хаваўся гнеў. А корч трухлявы на балоце Дзівосна ў цемры палымнеў.
Ваўка сустрэлі — не пазналі. Ці не сабака з вёскі ўцёк? Гадалі з братам і гукалі, А воўк глядзеў на нас здалёк.
Пайшлі на рэчку з вудай-палкай Лавіць прынадай шчупачка. Ажно выходзіць там русалкай З вады суседава дачка.
I мы зьбянтэжана стаялі... Ужо на ўлоў няма дарог. Глыбока нас усхвалявалі Гарачы сорам і спалох.
Пазьней пра ўсё дазнаўся Лёнік. — Русалку вудзілі! — пакпіў. Я і яго ўпісаў у дзёньнік, Хоць і крыві маёй папіў.
Маленства дзёньнік! Адмысловы! Цырата-вокладка на ім. Радкі няроўныя, а словы Жывыя, простыя зусім.
Яны — у кнізе рукапіснай Пачуцьці згубленых гадоў. А дзе сьляды тэй праўды існай? Няма пакінутых сьлядоў.
Вайна спаліла нашу хату, Дзіцячы рукапіс прапаў. Шкада! вярнуць-бы гэту страту, Каб я цяпер перачытаў.
ВАРЭНІКІ
Пражылі бацькі з сумленьнем, I дзяды і прадзеды. Адсьвяцілі дні праменьнем, — Кужаль недапрадзены.
Нямінучая разлука... А было — старэнькая Частавала свайго ўнука Квасам і варэнікам.
Уздыхаючы, казала: — Дзеткі мае мілыя, Сёньня пятніца. Бяз сала. Клёцак наварыла я.
А варэнікі і з макам, I з грачанай кашаю. Вось панцак! Зьясі са смакам. Малаком закрашаны.
Малачка я не шкадую, Бо малым дазволена. Зьмерай сілу маладую Сьціпла, задаволена...
Разумеў унук бабулю I ня браў скаромніны. Еў варэнікі з цыбуляй, Час той сёньня ўспомнены.
Не зьвялі дзесяцігодзьдзі Пачастункі бабчыны. I варэнік пры нагодзе Ў памяці зазначаны
Залатым нясьцёртым сьледам, Цёплай асалодаю. Стаўся ўнук сьсівелым дзедам, Звыкся з новай модаю.
Неяк хутка на чужыне Дзеці павыросталі. I ўжо ўнукі акружылі — Кемныя, ня простыя.
А ці ім уцяміць тое, Што дзядуля ведае — Дарагое і сьвятое Ад прабабкі беднае.
I гаворыць дзед унукам: — Дзеткі мае любыя, Хай даўней згінаўся крукам, Не баяўся згубы я.
Не бяз гонару і чэсьці I ўсяго хвалебнага Мог варэнікаў я зьесьці, Выпіць квасу хлебнага.
Го! бадай, гадоў паўсотні Як ня маю гэтага. I цяпер адно ахвотнік Да віна сагрэтага.
А даўней хай дзень быў горкі, Шчасьце ўсё-ж магчымае. Меў тады, няма гаворкі, Смак і на нішчымнае.
Мне здаваўся, мае ўнукі, Дзень зусім салоджаным, Калі браў чарпак у рукі З квасам ахалоджаным.
Дык ня сьмейцеся над дзедам, Што сівы, старэнькі Прыгадаў тут за абедам Бабчыны варэнікі.
ЗА ШКЛЯНКАЙ ВІНА
Мы ўтрох сядзелі ў рэстаране. Пілі віно. Сказаў адзін: — Я ўжо стары. Маё стараньне Ня мае радасных гадзін.