Выбрать главу
I сонца смаліць люта, На вуснах сохне соль. З табой ідзе пакута Ў сьпякоту, холад, золь.
Пакута — сэрцу мука, Галосіць і яна: — Разлука ты, разлука, Чужая старана.
ДЗЬВЕ ВЯСНЫ
Даўней бацькі казалі мне: — У нас вясна фіялкавая. Ты пакланіся ёй, вясьне, Яна неабыякавая.
Яна сьмяецца раз на год Падсьнежнікамі, прымуламі. Другі на сёлета зварот Малілі, а ня вымалілі.
Вясны падвойнай не спаткаць З вярбой, з дубцамі зрэзанымі. На рунь ідзе, і адцьвітаць Пачне кустамі бэзавымі.
Ты пакланіся ёй, вясьне, Ды з песьняю вясьнянкаваю. Яна ў Палескай старане Ў сакавіку фіялкавая.
А завітае раз на год, Кусты распусьціць бэзавыя, I цэлы год на паварот Шляхі ў наш край адрэзаныя.
Таму дзьвюх вёснаў не чакай. Павінны быць усьцешанымі, Што на вясьне сьмяецца гай Бярозамі, алешынамі.
Паветра ў сонечныя дні Аж сокамі насычанае. I ты глыбей яго ўдыхні — Сваё, незапазычанае.
...Мінаюць сталыя гады. I я ў куты аддаленыя Забраўся. I вясна — сюды. Цьвітуць сады міндалевыя.
А як вярнуўся да радні — I вуліца асьнежаная, I холад, і ў завеях дні, I з цёплаю адзежынаю.
Але і тут ідзе на спад: Цяпло павее сонечнае, Пакрые белым цьветам сад. Цьвіценьне хмельна-слодычнае...
I сёньня словы даўніны — Нямыя, незасьведчаныя. У гэтым годзе дзьве вясны Сьпяваюць мне расквечаныя.
СПОЗЬНЕНАЕ ПРЫЗНАНЬНЕ
Не разумелі мы Цудоўнага багацьця на Палесьсі, Не вычувалі радасьці Ад вохнай сенажаці I ня слухалі сьпеваў прыроды: Цьвіркуноў у траве, Жабаў на балоце, Зязюлі ў лесе, Пеўняў на сяле. Мы ня бачылі Нашых палескіх зьвяроў: Мядзьведзя-ласуна, Хітрай ліскі, Вёрткай ласкі, Лася і сарны, Зайца і вожыка. Мы рыбу лавілі сецямі, Не шкадуючы малявак. А рыбы было — процьма! Зіхацелі жывым срэбрам Шчупакі, карасі і плоткі. I ўсё гэта нас Не хвалявала, Не расчульвала. Мы нічым не захапляліся — Ні звонам жаўрука ў полі, Ні сьвістам салаўя ў садзе, Ні клёкатам бусла на высокім вязе. Дар бацькаўшчыны Прымалі мы, як належнае, Як натуральна звыклае. Не цанілі. Не заўважалі. Не прыглядаліся. Дразды, гракі і галкі — Чорныя птушкі I, здавалася нам, Ніякай розьніцы няма. Вароны, шпакі і вераб'і — У шэрых сьвітках. А ці ўсё шэрае? А сьнягіры ў чырвоных камізэльках! А пярэстыя берасьцянкі і сініцы! А яшчэ жоўтагрудыя чыжы Ды іншыя непазнаныя. Зьвяры Палесься I крылатыя стварэньні, Вамі ня цікавіліся мы. Цьвіль абыякавасьці Пакрывала наш хатні спакой. Мы ня чулі, ня бачылі... Мы сьпявалі чужое, дробязнае.
УЦЕШНАЕ
Дабрадзейныя справы, учынкі прыгожыя I братэрскія сувязі — мне не варожыя. У далёкіх краёх, у чужой старане Навучылі дарогі любові мяне.
На дарогах — сустрэчы, здарэньні цікавыя. Разам з гэтым знаходжу ня толькі забавы я. Бачу гора і радасьці добрых людзей, I адказ на праблемы гарачых падзей.
Бачу я, што і шчасьце зьвінiць не падковаю, Што той дзедавы сымбаль у змрок адышоў. Людзі часта дарогай ідуць памылковаю Да ідэяў, — дарогай дурных кірмашоў.
Раса, нацыя, кляса, рэлігія, партыя Для сяброўства хіба перашкоды упартыя? Дык навошта пастаўлены вечны бар'ер? А душа чалавека! А добры намер!
А спагаднай усьмешкай нядоля спатканая! Слова ўцешнае грэе жыцьцё на зямлі. Ёсьць здалёку сябры, а паблізу каханая. З цёплай ласкі — і краскі ў душы зацьвiлi.
ХАТНІ СЫР
Край малочны. Дабрыня! Еў сыры я ў Амстэрдаме. Хатні сыр ім не раўня, А яго хацеў-бы я... Мы даўней рабілі самі. У гліняных гладышох Малако за дзень скісала. А пад бэлькай у клінкох Сыр бурштынам цьвёрдым сох, Ён ня кроіўся, як сала. Сыр крышылі секачом На кавалкі, на драбочкі. Той, галяндзкі, на вачох Нарадзіўся галышом, — Гэты выняты з сарочкі, З палатнянага клінка. Ён крыху саланаваты. Клапатлівая рука Прыкладала да сырка Смак прыемны роднай хаты.
Што за сыр! Грызі грызьма! Тут, шкада, яго няма.
СУСЕД
Заглянуў я да суседа З беларускім караваем. Ён чакаў мяне. Ён ведаў, Што мы ў шахматы згуляем.
I згулялі, і сустрэлі Цёплы вечар, весьні подых. Мы пачуцьці разагрэлі На задумных хітрых ходах.
Пешкі сьпешна — у атаку, Конь улукаткі ўжо скача, А кароль маўклівы знаку Не дае, што будзе здача.
Але чый кароль — пабачым. Кожны йдзе сваёй дарогай. Праз няўдачы мы ня плачам, Ня сьмяемся з перамогай.
Я з табой, сусед, сябрую, Ты паходзіш з майго краю. Не каня прайграў, ня збрую — Дзелім лусту караваю.
СЬВІСЬЦЁЛКА
Сарваў я ў жыце каласок. Пазногцем адшчыкнуў сьцябло, Зрабіў з яго сьвісьцёлку. Падзьмуў напорна — Малое сьцятае сьцябло Тонка засьпявала. Ці ня кроў зялёная Ў ім гаманіла? Гэта было даўным-даўно, На мяжы майго дзяцінства.
А ўжо мінула паўстагодзьдзе. I азваўся голас тэй сьцяблінкі. Былы жытнёвы стогн Выпесьціў песьню Сьпелага ўраджаю. Я сьпяваю, я граю Не на сьцяблінцы — На лістох паперы. А зялёны колас?
Цяпер — не сарву. Расьці сабе ў полі, Узьнімайся налітым зернем, Чакай свайго жніва.